У суботу, 30 ліпеня, на стадыёне спартыўна-аздараўленчага комплексу “Прыпяць” прайшоў фінал Чэмпіяната Петрыкаўскага раёна па футболе.

“Ураджай” другі раз запар  становіцца чэмпіёнам раёнаНагадаем, пасля папярэдніх тураў за трэцяе месца выпала змагацца футбольным клубам “Курыцічы” і “Легіянер”. Ад апошніх ніхто цудаў не чакаў, футбалісты-заўзятары петрыкаўскага “Шахцёра” пакуль церпяць адно паражэнне за другім з унушальнымі лікамі, але пачатак гэтай сустрэчы здзівіў: “Легіянер” даволі ба-дзёра ішоў наперад, арганізоўваў атакі. Карацей, першыя хвілін дзесяць петрыкаўчане выглядалі годна, але хібы гульні, як то вялікая нагрузка на асобных, найбольш спрытных ігракоў і адпаведнае прасяданне на іншых пазіцыях былі выкарыстаны футбалістамі “Курыцічаў”. Вяскоўцы на класе, упэўнена і павольна забралі ініцыятыву і адкрылі лік. Дамінацыя працягвалася да канца гульні, якая скончылася з разгромным для “Легіянера” лікам 0:10.

Унушальная колькасць прапушчаных мячоў, спадзяюся, не адбярэ ў юнакоў галоўнага – жадання гуляць у футбол. Няхай пакуль яны не могуць пахваліцца вынікамі, але дысцыпліны і матывацыі ў гэтай моладзі не займаць.

Матч за чэмпіёнства ўжо традыцыйна праходзіў паміж камандай “Гарняк” Петрыкаўскага рудаўпраўлення і фізкультурна-спартыўным клубам “Ураджай”. Да гэтай гульні колькасць гледачоў значна павялічылася: да няпоўных двух дзясяткаў гледачоў падышлі яшчэ чалавек 20-ць, хоць гэта, на маю думку, і не паказчык наведвальнасці фіналу раённага чэмпіяната.

Своеасаблівую інтрыгу ўтрымлівала і турнірная табліца. Абедзве дружыны ішлі поруч, мелі па 6 ачкоў, аднолькавы баланс забітых і прапушчаных мячоў +10, але “Гарняк”, прапусціўшы 2 мячы, забіў 12, а вось “Ураджай” меў статыстыку 11 на 1. Атрымлівалася, што як раз адзін гол выводзіў “Гарняк” у лідары і для атрымання тытула пераможцы чэмпіяната камандзе дастаткова было б згуляць унічыю. “Ураджаю”, у сваю чаргу, заставалася толькі перамагаць.

Гульня пачалася з хуткага гола ў вароты “Гарняка” на 4-й хвіліне сустрэчы, але салевікі не жадалі мірыцца з такім становішчам і трымаючы ў напружанні апанентаў, здолелі параўнаць лік – 1:1.

Пасля перапынку нічыйны лік перастаў адпавядаць характару гульні: калійшчыкі выглядалі мацнейшымі за саперніка і па атаках, і па агульным малюнку матча, але часовая дамінацыя і жаданне паставіць кропку ў ходзе гэтай гульні не вырашала галоўнай праблемы – атакі так і не прывялі да выніковага штурму. Ціск павінен быў змяніцца, на мой погляд, парай павольных, але дакладных перадач і надзейным отыгрышам па пазіцыях, бо напружанасць і мітусня, хваляванне і спешка – далёка не лепшыя сябры ў барацьбе за перамогу.

Зрэшты, гэтыя мае разважанні сталі рэчаіснымі, вось толькі “халодным розумам” скарыстаўся футбаліст “Ураджая”. Уладзімір Харланаў, вядомы мясцовым заўзятарам яшчэ па гульні ў “Шахцёры”, па-майстэрску выканаў штрафны, прабіўшы акурат вышэй “сценкі” пад перакладзіну – 2:1 на карысць ураджаеўцаў.

“Гарняк” не пакінуў надзеі на перамогу, тым больш, што адрыў супеніка быў мінімальны. Здавалася, выкарыстай адзін шанец і чэмпіёнства за жоўта-чорнымі, але салевікам натуральна не пашчасціла, некалькі недакладных удараў, крыўднае пападанне ў штангу і свісток арбітра падвёў вынік: “Ураджай” – чэмпіён раёна.
Крыўда была настолькі моцнай, што ў прычынах паражэння чуліся абвінавачванні ў адрас арбітра, а на ўручэнні ўзнагарод “Гарняк” вырашыў не прысутнічаць. Пэўна, моцнае жаданне перамагчы засціла ў гэты дзень уменню годна цярпець паражэнне.
Мне застаецца толькі павіншаваць “Ураджай” з чэмпіёнствам і пажадаць усім футбалістам плённага і ўпартага кроку на шляху да новых сустрэч, бо часам паражэнні даюць нашмат болей яскравых перамог.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о