Участак зялёнага будаўніцтва – яе клопат

0
599

Сёння сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна, людзі, якія і ў будныя дні, і ў святы забяспечваюць у горадзе і населеных пунктах раёна бесперапынную падачу цяпла і вады, утрымліваюць у чысціні вуліцы і двары, упрыгожваюць паркі і прыдамавыя тэрыторыі шматпавярховак, ствараюць для людзей камфортныя ўмовы жыцця. Сярод іх – Валянціна Іванаўна Паўтаран.

Участак зялёнага будаўніцтва – яе клопат

Валянціна Іванаўна амаль 10 гадоў адпрацавала зялёным будаўніком, крыху больш за паўгода таму ўзначаліла так добра вядомы ёй участак. Пра сваю работу і калектыў жанчына распавяла з любоўю і павагай:
– Участак зялёнага будаўніцтва – гэта 9 зялёных будаўнікоў і 5 дворнікаў. 14 чалавек, у кола абавязкаў якіх уваходзіць навядзенне і падтрыманне парадку і чысціні, прыгажосці і ўтульнасці на вуліцах, у дварах, парках і на гарадскіх клумбах, азеляненне і захаванасць раслін. Работы, як вы разумееце, вельмі шмат, даводзіцца працаваць многа, а вынік не заўсёды доўга цешыць вока.
На сённяшні дзень актыўна ідзе санітарная і дэкаратыўная абрэзка туй, да таго ж зялёныя будаўнікі ва ўсю шчыруюць у цяпліцах, рыхтуючы пасадачны матэрыял для гарадскіх клумб. Як паведаміла нашаму карэспандэнту суразмоўца, акрамя традыцыйных кветак, якія штогод упрыгожваюць кветнікі райцэнтра, сёлета на гарадскіх вуліцах з’явяцца і новыя віды аднагадовых і шматгадовых раслін.

– Мы працуем для людзей, стараемся, каб ім было ўтульна ў прыгожым і чыстым горадзе. Толькі на першы погляд можа падацца, што гэта простая работа – махаць мятлой, – падзялілася Валянціна Іванаўна.
Са шчырага аповеду гераіні зразумела: калі б кожны з нас хаця б адзін дзень папрацаваў дворнікам, напэўна, стаў бы больш акуратным і паважліва ставіўся да працы гэтых людзей.

На работу яны выходзяць у 6-7 гадзін раніцы, у залежнасці ад спіса задач і умоў надвор’я. І не важна – дождж ідзе ці завіруха збівае з ног, ад марозу вейкі пакрываюцца інеем ці, наадварот, сонца пячэ бязлітасна – працаваць трэба ў любое надвор’е. А зімой працоўны дзень увогуле ненарміраваны: падчас моцнага снегападу даводзіцца выходзіць на работу і ўвечары, і ў выхадныя, і святочныя дні.

Валянціна Іванаўна ўпэўнена, што ў кожнай рабоце ёсць свае цяжкасці, але заўсёды ёсць і плюсы. Так, ёй падабаецца, што намаганні работнікаў яе ўчастка ідуць на карысць людзям, робяць родны Петрыкаў прыгожым і ўтульным.
– Хацелася б, каб жыхары горада цанілі нашу працу, у рэшце рэшт, гэта іх дом і іх двор. А навошта смеціць у сваім доме? – справядліва задалася пытаннем наша гераіня.

На жаль, работу дворніка не заўважаем, пакуль ён ёсць. Але варта яму не выйсці на свой участак хоць некалькі дзён – і што стане з нашым горадам? Падумайце, уявіце – і будзьце ўдзячныя гэтым людзям, цаніце іх нялёгкую працу.

Сёння ў Валянціны Іванаўны ёсць самае важнае: блізкія людзі, любімая работа, людская павага, высокая ацэнка яе працы кіраўніцтвам. Напэўна, гэта і ёсць сапраўднае шчасце.

Са святам Вас, паважаная Валянціна Іванаўна! Са святам віншуем і ўсіх, хто прысвяціў жыццё нялёгкай, але такой важнай для грамадства працы ў камунальнай гаспадарцы.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о