Перамога да 500-годдзя горада!

0
573

Напачатку месяца ў горадзе Гомелі праводзілася V спартакіяда сярод ветэранаў і кіраўнікоў ветэранскіх арганізацый фізічнай культуры і спорту, прысвечаная Дню Перамогі.

Перамога да 500-годдзя горада!З-за пандэміі гэтае спартыўнае мерапрыемства не праводзілася тры гады. У 2018 годзе нашыя ветэраны занялі ў абласным заліку ІІІ месца і гэта быў самы высокі вынік за ўвесь час нашых выступленняў.
З таго часу нашыя шэрагі значна амаладзіліся: калі раней па ўмовах Палажэння ў спаборніцтвах маглі прыняць удзел жанчыны ад 55-ці гадоў і мужчыны ад 60-ці гадоў, то ў 2021 годзе, згодна з пастанаўленнем Беларускага грамадскага аб’яднання “Ветэраны фізічнай культуры і спорту”, ветэранамі спорту лічацца спартсмены, што завяршылі актыўны ўдзел ў спаборніцтвах рознага ўзроўню і дасягнулі ўзросту 45-ці гадоў.
Напярэдадні сёлетніх абласных спаборніцтваў мы правялі сваю спартакіяду, праўда не па 6-ці відах, а толькі па 5-ці дысцыплінах: не мелі магчымасці паспаборнічаць у плаванні. Пасля раённых стартаў пачалі вызначаць састаў каманды, што будзе бараніць гонар Петрыкаўшчыны на абласным узроўні.

На турнір у Гомелі сабралася 14 каманд. З надыходзячым святам Перамогі і пачаткам спартакіяды нас віншавалі намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама Аляксандр Асташонак, Заслужаны майстар спорту, першы алімпійскі чэмпіён Беларусі, уладальнік залатога медаля гульняў 1960-га года ў Рыме па веславанні на каноэ Леанід Гейштар, а таксама ўладальнік бронзавага алімпійскага медаля гульняў 1980 года ў Маскве, ветэран лёгкай атлетыкі Мікалай Кіраў.

Затым у Палацы лёгкай атлетыкі распачаліся спаборніцтвы, што праходзілі да позняга вечара. Той дзень выдаўся для каманды Петрыкаўскага раёна багатым на медалі – нашы ветэраны заваявалі ажно 6 узнагарод!

Аксана Кавальчук была мацнейшай у настольным тэнісе, прычым з вялікім адрывам: працягам спаборніцтваў сярод майстроў малой ракеткі саступіла толькі адну партыю! Яшчэ адно золата прынёс нашай дружыне Мікалай Вабішчэвіч, выбіўшы 487 ачкоў у дартсе.
Срэбранымі прызёрамі спартакіяды сталі нашыя дэбютанткі Раіса Будзіловіч у шахматах і Надзея Міцкевіч у шашках.
Напрыканцы гульнявога дня яшчэ два бронзавыя медалі здабылі Уладзімір Літош у шахматах і Юрый Юніцкі ў шашках: гэта была сапраўдная, цяжкая барацьба інтэлектуалаў, якую петрыкаўчане вытрымалі годна.
Пасля першага дня турніру Петрыкаўскі, Добрушскі і Буда-Кашалёўскі раёны ішлі, літаральна, ачко ў ачко. На другі дзень наша Галіна Вабішчэвіч крыху не дацягнула да п’едэстала, заняўшы 4-е месца ў дартсе, а Сяргей Карасевіч, паказаўшы ў настольным тэнісе 5-ты вынік, сам адзначыў, што мог выступіць лепей.
Завяршалі праграму шматборцы і більярдысты. Тут нас чакаў прыемны сюрпрыз: тры ўдзельнікі – тры бронзавыя медалі. Аксана Скрабец і Сяргей Майорчык з вялікай воляй да перамогі змагаліся ў кожнай дысцыпліне шматбор’я. Трэцюю бронзавую ўзнагароду атрымаў Віктар Іваноў, які зусім нядаўна адзначыў сваё 75-годдзе.
Урэшце наша дружына набрала 30 ачкоў і святкавала чэмпіёнства ў групе раёнаў. На другім месцы ветэраны спорту з Буда-Кашалёўшчыны, трэці вынік за жыткаўчанамі. Вельмі прыемна было атрымліваць узнагароду з рук алімпійскага чэмпіёна Леаніда Гейштара.
Выказваем шчырую падзяку ўсім, хто стварыў для нашай каманды ўмовы для трэніровак, што і абумовіла высокі вынік, паказаны ветэранамі спорту і фізічнай культуры Петрыкаўшчыны на турніры.
Ад сябе выказваю словы ўдзячнасці ўсім членам каманды і нашаму трэнеру-кансультанту Сяргею Шпаку. Гэтую выдатную перамогу мы прысвячаем 500-годдзю нашага горада!

Аляксей КАЮКАЛА, старшыня пярвічнай
арганізацыі БГА “Ветэраны ФКіС Петрыкаўскага раёна”.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о