Напярэдадні Новага года ў межах правядзення пасяджэння раённага выканаўчага камітэта адбылася цырымонія ўшанавання шматдзетных маці, якія за нараджэнне і выхаванне пяці і больш дзяцей Указам Прэзідэнта Рэспублікіі Беларусь былі ўзнагароджаны ордэнам Маці.Багатая на шчасце маці

Сярод іх – Анастасія Жукавец, якая разам з мужам Аляксандрам гадуе трох дзяўчынак і двух хлопчыкаў. Днямі мы сусрэліся з Анастасіяй Гурамаўнай, каб даведацца, наколькі гэта цяжка – нарадзіць і выхоўваць пецярых дзяцей. Спойлер – зусім не цяжка.
Нарадзілася Анастасія ў Жыткавіцкім раёне. У Петрыкаўскі раён трапіла дзякуючы рабоце – уладкавалася кандытарам на заводзе. Тут і пазнаёмілася з будучым мужам, які родам з Турка.

Па словах шматдзетнай маці, пытанне, колькі будзе дзяцей у сям’і – не стаяла.
– Лічба пяць не выпадковая ў нас! Мы з мужам нарадзіліся ў шматдзетных сям’ях. І ў кожнай – пяцёра дзяцей.

Багатая на шчасце маці

Анастасія Гурамаўна распавяла, што ў сем’ях з такой колькасцю дзяцей цяжкасцей не бывае, бо кожны дапамагае адзін аднаму.

– Старэйшыя дзеці дапамагаюць па гаспадарцы, у доме прыбраць ці прыгатаваць ежу. Я, напрыклад, у 8 гадоў ужо ўмела гатаваць ежу, без падказак маці ведала, што і дзе ў хаце трэба прыбраць. Так і мае дзеці – кожны ведае свае абавязкі. Але і не скажу, што мы жывем па строгім раскладзе. Імкнуся, каб у дзяцей было шчаслівае дзяцінства. А не толькі абавязкі. Вольнасці я дапускаю.

Мая гераіня нарадзіла першае дзіця ў 21 год. Старэйшай Ксеніі ўжо 11 гадоў, Вадзіму – 9, Вераніцы – 8, Ангеліне – хутка споўніцца 5, а Раману – 1 годзік.

– І гэта яшчэ не канец. Гэта для многіх – пяць дзяцей нарадзіць складана. А я планую яшчэ столькі нарадзіць, – дадае Анастасія. – Зразумела, што ўвесь час дома з дзецьмі я не сяджу. Пэўны час – перапынак, так сказаць, – гатавала тарты на продаж. Гэта такая была жаночая разрадка. Тым больш, што асноўную сваю прафесію забываць не хачу. Для дамашніх, калі ласка, любое свята абавязкова з салодкай хатняй выпечкай. Муж – мая надзея і апора. Ён зарабляе грошы, а я – захоўваю хатні ачаг. Такое размеркаванне абавязкаў нас поўнасцю задавальняе.

Зразумела, пытанне жылой плошчы для такой вялікай сям’і актуальнае. Зараз сям’я Жукавец жыве ў кватэры. Дзякуючы дзяржаўнай праграме, пабудавалі свой дом. Банк даў крэдыт на будаўніцтва жылля. Астатняе зрабілі сваімі сіламі.
– Я даўно марыла пра вялікі дом, як і вялікую сям’ю, каб летам можна было дзетак вывесці на вуліцу пагуляць, каб былі побач і пад наглядам, не ў суседніх дварах. Улетку і басейн можна ўсталяваць, і ў альтанцы пасядзець за шашлыкамі. А тым больш, што я планую яшчэ стаць маці.

Анастасію і Аляксандра сапраўды можна назваць багатымі на шчасце бацькамі, бо не кожны раз сустрэнеш такую шчаслівую сям’ю, а дзеці павінны расці менавіта ў такой.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о