У гэтай памяці шмат болю

0
170

Тэма генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны часта гучыць на Петрыкаўшчыне падчас правядзення патрыятычных мерапрыемстваў. Адно з такіх – дыялогавая пляцоўка, якая прайшла ў раённым Доме культуры.

У гэтай памяці шмат болюМадэратарам мерапрыемства выступіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Святлана Блінец. У пачатку сустрэчы Святлана Міхайлаўна вызначыла галоўны пасыл: “Мы ведаем, з чаго пачынаецца генацыд: з ідэй расавай і генетычнай, любой перавагі адных народаў над іншымі, з падзелу на вышэйшых і другарадных. Страшна тое, што гэтыя тэорыі сёння знаходзяць сваіх прыхільнікаў ва ўсім свеце. Але фашысцкая ідэалогія чужая беларусам, чыя генетычная памяць стала сапраўдным нацыянальным імунітэтам”.

У гэтай памяці шмат болю і пакут, у ёй трагічны гістарычны досвед. Другая сусветная была не проста вайной, яна стала планамерным знішчэннем нашых славянскіх народаў. Не мінула трагедыя і Петрыкаўшчыну. Пра трагічныя старонкі гісторыі нашай малой радзімы расказвалі эксперты: супрацоўнікі краязнаўчага музея, аддзела адукацыі, культуры, падрастаючае пакаленне. Гучалі факты, якія не пакінулі абыякавых. Гэта растрэл больш за 300 яўрэяў на рацэ Прыпяць у 1941 годзе, масавыя расстрэлы ў Петрыкаве таго ж года, а таксама на тэрыторыі былой бойні. У 1943 годзе ў вёску Брынёў прыбыла група з 15 паліцаяў, якія накіраваліся ў дом Барыса Камісарчыка, дзе знаходзілася яго сям’я. Сям’ю арыштавалі і павялі на калгаснае гумно, дзе паставілі да сценкі і расстралялі. 22-23 чэрвеня 1943 года атрад немцаў у колькасці каля 500 чалавек высадзіўся на станцыі Пціч. Уварваўшыся ў Капаткевічы, Чалюшчавічы, Зарэчку, Ванюжычы, яны на працягу двух дзён здзяйснялі нечуваныя ў гісторыі зверствы і здзекі над нявінным насельніцтвам. Шмат загінула ў тыя часы нашых землякоў. Толькі за 2022 і бягучы перыяд 2023 года ў раёне ўстаноўлена 449 прозвішчаў загінуўшых ад рук немцаў. Усяго на тэрыторыі раёна пахавана 3170 мірных жыхароў, ахвяр вайны.

Падчас працы пляцоўкі для прысутных былі прадэманстраваны відэафрагменты раскопак ў райцэнтры астанкаў забітага мірнага насельніцтва, успаміны відавочцаў тых крывавых часоў, прадастаўлена магчымасць паўдзельнічаць у “Адкрытым мікрафоне” з дэпутатам раённага Савета дэпутатаў Святланай Сянько. Адказ прадстаўніка ўлады на пытанне: навошта трэба зараз варушыць мінулае, – падвёў вынік мерапрыемства.

“За Перамогу над нацысцкай Германіяй савецкаму народу прыйшлося заплаціць вялікую цану. Нягледзячы на тое, што дзяржава нацэлена захаваць памяць пра подзвіг савецкіх людзей, знаходзяцца такія, хто імкнецца яе сцерці, скасаваць. Гэта можа прывесці да паўтарэння страшных падзей. Неабходна зрабіць усё, каб нашае і будучыя пакаленні не зведалі жахаў вайны. Нельга забываць людзей, якія аддалі свае жыцці дзеля мірнай будучыні”, – адзначыла Святлана Уладзіміраўна.
Таксама прадстаўнік улады ўручыла работнікам сеткі публічных бібліятэк, аддзела адукацыі першы том выдання “Кніга памяці. Рэспубліка Беларусь. Гомельская вобласць” для шырокага карыстання сярод насельніцтва і асабліва – моладзі. Каб ведалі і памяталі.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о