Тры нашыя зямлячкі былі ганараваны высокай узнагародай – Ордэнам Маці

0
429

Напрыканцы мінулага тыдня ў Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адбылася ўрачыстая падзея. Тры нашыя зямлячкі былі ганараваны высокай узнагародай – Ордэнам Маці за нараджэнне і выхаванне пяці і болей дзяцей.

Тры нашыя зямлячкі былі ганараваны высокай узнагародай – Ордэнам Маці
Святлана Сянько ўручае ўзнагароду Таццяне Вайціхоўскай
Тры нашыя зямлячкі былі ганараваны высокай узнагародай – Ордэнам Маці
Одрэн Маці атрымала Вольга Навумік

На адрас жанчын было сказана шмат цёплых слоў. Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Сянько адзначыла ў сваёй прамове: “Атрымаць Ордэн Маці – вельмі ганарова і пачэсна. Не кожная жанчына можа вырашыцца на такі крок, бо нарадзіць, выхаваць і вывесці ў свет пяцёх і болей дзетак – нялёгкая штодзённая праца, за якую перад вамі грамадства схіляецца ў зямным паклоне. Безумоўна, дзяржава робіць багата для падтрымкі шматдзетных сем’яў. Жадаю вам дабрабыту, міру, дабра. Няхай дзеткі радуюць, а на вашым жыццёвым шляху сустракаюцца толькі шчырыя людзі”.

Потым Святлана Уладзіміраўна ўручыла дзяржаўныя ўзнагароды Таццяне Вайціхоўскай, Вользе Навумік і Марыі Шаровай. Напярэдадні ўрачыстасці жанчыны падзяліліся сваімі сакрэтамі сямейнай цеплыні і поглядамі на жыццё.

Так, Таццяна Вайціхоўская заўважыла: “Быць шматдзетнай маці – цудоўнае прызванне, якому навучаешся штодзень, усё жыццё. Універсальны рэцэпт шчасця: утульны дом, згуртаваная сям’я і шчаслівы смех дзяцей”.

Вольга Навумік падзялілася з прысутнымі: “Шматдзетная сям’я, разам з тым, штодзённая праца. Толькі праз сям’ю чалавек можа паўнавартасна напоўніцца энергіяй, радасцю і яскравымі эмоцыямі. Моцная ячэйка грамадства абавязкова павінна трымацца на ўзаемаразуменні і ўзаемападтрымцы”.

Марыя Шарова заўважыла, што заўсёды марыла быць гаспадыняй вялікай сям’і. Разам з мужам яны ствараюць дом, дзе саграваюцца дзіцячыя сэрцы, дзе шчодрай любові і вялікіх сэрцаў таты і маці хапае з лішкам усім пяцярым дзецям.

Да віншаванняў далучыўся начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Петрыкаўскага райвыканкама Мікалай Семяніцкі: “Дарагія, мілыя матулі. Прыміце шчырыя віншаванні з нагоды ўручэння самай высокай узнагароды. Вы з’яўляецеся ўзорам для іншых жанчын у нашай краіне – прыкладам любові і захавання сямейных каштоўнасцяў. Дзякуй вам за гэта!”.

У працяг святочнага мерапрыемства свае творчыя падарункі прысутным прапанавалі валанцёры клуба ТЦСАН “Срэбраны ўзрост”.
Завяршылася ўрачыстасць нефармальнай гутаркай за салодкім сталом. Кіраўніцтва ТЦСАН дзякуе старшыні райарганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Людміле Петуховай за аказаную падтрымку.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о