Праца з гарантыямі

0
336

Праца з гарантыямі

На гэтым тыдні для намеснікаў кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце прадпрыемстваў і арганізацый Петрыкаўшчыны на базе Нацыянальнага парка “Прыпяцкі” прайшоў выязны семінар “Рэалізацыя дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі і меры па замацаванні маладых спецыялістаў на вытворчасці”.

Падчас адкрыцця семінара намеснік старшыні райвыканкама Свялана Сянько адзначыла, што дзяржавай надаецца вялікая ўвага пытанню забеспячэння выпускнікоў першым працоўным месцам. Важным з’яўляецца і замацаванне маладых спецыялістаў у рэгіёнах. Неабходна на месцах стварыць камфортныя ўмовы, якія датычацца не толькі ўзроўню заработнай платы або належнага сацыяльнага пакета. Немалаважная роля павінна быць адведзена стварэнню камфортных сацыяльных умоў, функцыянаванню сучасных спартыўных аб’ектаў, устаноў культуры, турыстычнага патэнцыялу. Прадстаўнік улады адзначыла: усе гэтыя складальнікі на Петрыкаўшчыне ёсць.

З рэалізацыяй маладзёжнай палітыкі на тэрыторыі Петрыкаўскага раёна пазнаёміла прысутных начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Святлана Блінец. Было адзначана, што сёмая частка насельніцтва Петрыкаўшчыны – моладзь. Кадравая палітыка ў раёне накіравана на тое, каб юнакі і дзяўчаты не проста адпрацоўвалі вызначаны тэрмін, а замацоўваліся ў населеных пунктах. Сёлета ў арганізацыі і прадпрыемствы раёна прыбылі 92 маладыя спецыялісты. За апошнія гады сярэднераённы паказчык замацаванасці маладых кадраў вырас з 48,5 да 69,9 %.

Ёсць шэраг аб’ектыўных прычын, калі спецыялісты не адпрацоўваюць абавязковы тэрмін: служба ва Узброеных сілах, паступленне ў ВНУ. Калі ўзяць статыстыку звальнення спецыялістаў пасля заканчэння тэрміну адпрацоўкі, то гэтая лічба за 2020 і 2021 гады складае 26 чалавек. Прычыны: пераразмеркаванне да іншага наймальніка, аплата сродкаў за навучанне. Таму, як адзначыла Святлана Міхайлаўна, арганізацыямі раёна праводзіцца пэўная работа па замацаванні моладзі на месцах. У калектыўных дамовах прадугледжана фінансавая падтрымка, дадатковыя гарантыі і кампенсацыі, немалаважным фактарам з’яўляецца льготнае крэдытаванне на набыццё спажывецкіх тавараў.

Адна з галоўных умоў замацавання спецыялістаў – забеспячэнне іх жыллём. У бягучым годзе прыбыўшым у раён учарашнім студэнтам – акрамя тых, хто пражывае з бацькамі – прадастаўлена ведамаснае, здымнае або арэнднае жыллё. Некаторым прадугледжана грашовая кампенсацыя пры прадастаўленні дагавора найму.

З мэтай павышэння ўзроўню заработнай платы людзям, якія толькі пачынаюць працоўную дзейнасць, існуюць надбаўкі і гарантыі.
Адным з важных крокаў у забеспячэнні кадрамі з’яўляецца прафарыентацыйная работа. У 2023 годзе на Петрыкаўшчыне было заключана 86 мэтавых дамоў, што ў далейшым дасць магчымасць узмацніць забяспечанасць спецыялістамі за кошт ураджэнцаў раёна.

У час мерапрыемства прадстаў-нікі арганізацый і прадпрыемстваў мелі магчымасць падзяліцца вопытам па замацаванні маладых людзей на першым працоўным месцы і абмеркаваць хвалюючыя іх пытанні.

Семінар наведаў Дзмітрый Ісачанка, начальнік інфармацыйна-аналітычнага аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама. Дзмітрый Іванавіч адзначыў, што якая будзе падтрымка на старце ў былых выпускнікоў – такі будзе і вынік па іх замацаванні. Нараўне з усім агучаным удзельнікамі семінара, важным з’яўляецца магчымасць кар’ернага росту, рэалізацыя не толькі ў прафесіі, але і ў грамадскім жыцці. У працоўных калектывах павінен быць сфарміраваны дух адзінства і ўзаемападтрымкі.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о