“Сям’я – найважнейшая каштоўнасць у жыцці”, – упэўнена шматдзетная маці

0
996

“Сям’я – найважнейшая каштоўнасць у жыцці, крыніца натхнення і ціхая гавань, дзе табе заўсёды радыя”, – упэўнена гераіня сённяшняга артыкула.

“Сям’я – найважнейшая каштоўнасць у жыцці”, – упэўнена шматдзетная маці

Алена Буцук нарадзілася і вырасла. Пра тое, што яна стане шматдзетнай маці, нават уявіць не магла, бо сама была адзіным дзіцём у сям’і. Лёс падарыў ёй сапраўдны падарунак – мужа, які ва ўсім дапамагае і падтрымлівае.

Раскрываючы сакрэт шчаслівых адносін, Алена кажа, што ў сямейным жыцці трэба лічыцца з думкамі, перакананнямі, пачуццямі і імкненнямі любімага чалавека. Захоўваючы свае добрыя якасці, трэба ўмець саступаць адзін аднаму.

Пазнаёміліся Алена і Уладзімір, як гэта вельмі папулярна ў апошні час, у інтэрнэце.
“Я паставіла яму лайк пад фатаграфіяй, а ён мне напісаў паведамленне. Так і пачалі перапісвацца. І месяца не прайшло, як мы сталі жыць разам, – распавяла шматдзетная маці пра момант знаёмства. – Двое дзяцей ад першага шлюбу я падрыхтоўвала да знаёмства з новым сябрам. І як мне падаецца, паспяхова. Старэйшыя дзяўчынкі – Крысціна і Каця – прынялі Вову як роднага. Затым у нас нарадзіліся Анастасія і Арцём.
Як мне здаецца, не патрэбна шмат часу, каб зразумець для сябе, твой гэта чалавек ці не. Ведаю пары, якія гадамі знаходзяцца ў адносінах, але не вырашаюцца на шлюб. Тут я бачу, што пытанне ў тым, што абодва чалавека да канца не ўпэўнены, што створаны адзін для аднаго, але гэта адступленне ад тэмы.

…Адчувалі сябе на сёмым небе ад шчасця, калі ўзялі на рукі наша першае дзіця, а потым у сям’і з’явіўся доўгачаканы сынок. Кожнае дзіця – гэта асаблівае шчасце, асаблівыя пачуцці, таму кожная цяжарнасць – непаўторны стан”.
Цяпер уся сям’я пражывае ў Петрыкаве ў трохпакаёвай кватэры, частку якой аплацілі пры дапамозе сямейнага капіталу, які выплачвае дзяржава за нараджэнне трэцяга дзіцяці.

Муж працуе ў сферы таксі, а Алена займаецца выхаваннем дзяцей. У бягучым годзе яны святкуюць 7 гадоў сямейнага жыцця.
“Старэйшыя глядзяць за малодшымі, любяць гуляць разам. Яны дружныя, дапамагаюць адзін аднаму, хаця не бывае і без сварак. Мы настолькі прывыклі давяраць прыгожым здымкам з сацыяльных сетак, у якіх дэманструецца лёгкасць жыцця з трыма, чатырма і нават пяццю дзецьмі, што амаль забыліся, што гэта насамрэч зусім не так. Бытавыя пытанні часам вельмі “з’ядаюць” дарослага чалавека, асабліва, калі ў кватэры шмат дзяцей, але гэты час важна перажыць, знайсці ў сабе сілы, каб выбудаваць распарадак дня і абавязкі кожнага з членаў сям’і.

Мы імкнёмся выхоўваць іх годнымі, любячымі адзін аднаго, усебакова развіваем.
Дзеці назіральныя. І разумныя. І ў іх ад нараджэння закладзена дзіўная здольнасць спазнаваць свет. І іх галоўныя і першыя прыклады для пераймання – гэта, вядома, бацькі. Так што для пачатку варта добра папрацаваць над сабой.
Можна сказаць, што нам пашанцавала: бабулі дапамагаюць у выхаванні дзяцей, вучаць іх правільным каштоўнасцям у жыцці, падтрымліваюць нас. Для шматдзетнай сям’і гэта вельмі адчувальная дапамога.
Па выходных мы любім смажыць шашлыкі на прыродзе, купацца ў рэчцы. Часта наведваем гарадскі парк, ён вельмі ўтульны ў плане прагулак з дзецьмі і адпачынку”.
На пытанне, што такое сям’я, Алена адказала: “Людзі, якім ты патрэбны. У радасці і горы, у дробязях ці ў цэлым, яны прыходзяць у патрэбную хвіліну і застаюцца з табой, нягледзячы ні на што”.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о