Службу ўзгадваю з цеплынёй і павагай

Герой нашага сённяшняга рэпартажу – чалавек просты, спакойны, стрыманы. Атлетычны выгляд дадае да вобраза маладога чалавека яшчэ больш сур’ёзнасці, а за гутаркай разумееш – прадстаўнікі сталага пакалення назавуць гэтага мужчыну годнай зменай, а дзеці, з якімі працуе гэты настаўнік, пэўна, будуць браць з Сяргея Дзям’янавіча прыклад.
Сваю аўтабіяграфію Сяргей Шамра пачынае сціпла: “Нарадзіўся, вырас і жыву ў Петрыкаве. Скончыў сярэднюю школу № 1, дзе зараз і працую. Матуля, Жанна Мікалаеўна, родам з Бабуніч, бацька, Дзям’ян Уладзіміравіч, з Аголіцкай Рудні. Словам, мы людзі простыя”.
З ранніх гадоў Сяргея прывабліваў спорт і пасля заканчэння школы ён паступіў у Мазырскі педагагічны ўніверсітэт. Пасля паспяховага сканчэння ВНУ малады спецыяліст паспеў некалькі месяцаў папрацаваць у роднай школе і быў прызваны ва Узброеныя Сілы на тэрміновую службу.
Урэшце, юнак трапіў у вайсковую часць № 5525 Унутраных Войскаў. Спазнаў усе цяжкасці і выпрабаванні ваеннай службы.
У час знаходжання ў вучэбцы, хлопцаў з Петрыкава, выпускнікоў першай гарадской школы Сяргея Шамру і Андрэя Яцка, якія паказвалі выдатную спартыўную падрыхтоўку, заўважылі сяржанты з узвода спецыяльнага назначэння і прапанавалі нашым землякам працягнуць службу менавіта ў падраздзяленні спецназа.
Па словах суразмоўцы, вельмі дапамагала ў службе падтрымка старэйшых таварышаў: “Я і па сёння з цеплынёй і павагай узгадваю нашага намесніка камандзіра ўзвода Максіма Яўгеньевіча Мірошнікава, што сваімі адносінамі да службы з’яўляўся для нас сапраўдным прыкладам”.
Зараз Сяргей Дзям’янавіч з’яўляецца кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні і працуе настаўнікам фізічнай культуры і здароўя ў роднай школе. У працы з дзецьмі, па яго словах, вельмі дапамагае служба.
– Я лічу, што кожны юнак павінен прайсці тэрміновую службу. Гэта, у першую чаргу, загартоўвае характар, паказвае, што ты, як мужчына, павінен прымаць рашэнні, а не перакладаць іх, напрыклад, на бацькоў, дае разуменне адказнасці. Ну і канешне, служба яскрава дэманструе, якім коштам даецца мірнае неба над галавою і спакой у краіне. Віншую ўсіх са святам і жадаю захаваць сапраў-дныя братэрскія адносіны адзін да аднаго, бо мы розныя, але мы адзіныя, бо мы – беларусы!”.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о