У Петрыкаве ідзе адпраўка жыхароў Петрыкаўшчыны прызыўнога ўзросту на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве ў злучэнні і воінскія часці Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Цемра, 5 гадзін раніцы. У Петрыкаве ля будынка ваенкамата натоўп. Стрыжаныя хлопцы з сумкамі – прызыўнікі. Яны развітваюцца з бацькамі, сябрамі, дзяўчатамі і цывільным жыццём: хтосьці на год, хтосьці на паўтара.
Блізкія не хавалі эмоцый, адправіць сына ў армію – хвалююча. Кожная маці, абдымаючы сына, адзначала, што ўсё будзе добра. Бацькі і сябры падбадзёрвалі: “Мы таксама служылі, нічога страшнага ў гэтым няма! Пасталееш, станеш больш дысцыплінаваным!”
Работнікі ваенкамата таксама далі наказ: “Пасля службы вас з яшчэ большым энтузіазмам забяруць на працу!”
“Служба ў радах Узброеных Сіл Беларусі – сапраўдная школа станаўлення маладога чалавека як мужчыны і грамадзяніна, ганаровая і адказная місія. Ад таго, як вы будзеце адносіцца да сваіх абавязкаў, спасцігаць ваенную навуку, залежыць абароназдольнасць нашай краіны”, – адзначыў ваенны камісар Петрыкаўскага раёна.
Аляксандр Адамоўскі таксама дадаў, што агульная колькасць хлопцаў, якія адправяцца ў армію ў гэтым прызыве – больш за 50 чалавек. Сярод прызыўнікоў – настаўнікі, ІТ-шнікі, урачы і інжынеры. Узрост хлопцаў ад 18 да 24 гадоў.
Дмітрый Трышын – адзін з тых хлопцаў, які з вялікім жаданнем ідзе служыць у армію. Хлопец родам з аграгарадка Колкі. Атрымаў спецыяльнасць электрагаза-зваршчыка, станочніка шырокага профілю, закончыў установу з чырвоным дыпломам. Адпрацаваў год на Мінскім падшыпнікавым заводзе. Таксама спрабаваў сябе на рабоце ў Расіі. Адзнак прыйшоў час аддаць абавязак Радзіме.
“Я меў жаданне адправіцца служыць яшчэ ў 2019 годзе, але не атрымалася. Зараз нічога не перашкаджае. Час ляціць хутка, не паспееш азірнуцца, як блізкія будуць сустракаць. Разам з таварышамі па службе мы будзем выконваць наш святы абавязак па абароне Рэспублікі Беларусь”, – паведаміў малады чалавек у час размовы.
Усяго ў восеньскі прызыў гэтага года на тэрміновую службу адправяцца каля 2 тысяч навабранцаў з Гомельскага рэгіёна.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о