У большасці выпадкаў я чую ад прафесіяналаў, што яны зрабілі выбар справы жыцця яшчэ ў юнацтве. Тым цікавей паразмаўляць з чалавекам, які прыйшоў у прафесію ўжо ў “спелым” узросце. Што прымушае людзей з адукацыяй і пэўным вопытам скіраваць свой працоўны шлях у іншы напрамак, і, болей за тое, змяніць павольны працоўны графік на прызванне, што звязана з жорсткім раскладам і рызыкай?

Сціплыя людзі гераічнага прызвання
Раман жыве ў Петрыкаве, а працуе ў Ляскавіцкім Пажарным аварыйна-выратававальным пасце № 12. Скончыўшы школу ў 2001 годзе, паступіў і паспяхова скончыў каледж мастацкіх промыслаў. Давялося папрацаваць і па спецыяльнасці, і вадзіцелем, але, урэшце, мужчына ў 27 гадоў звязаў свой лёс са справай выратавальніка.
– Яшчэ ў школе ў нас быў факультатыў адпаведнай накіраванасці. Мы наведвалі пажарную часць, вывучалі пытанні бяспекі. Словам, прафесія пажарнага была мне па душы, але лёс я вырашыў звязаць з мастацтвам.
У 2011 годзе аднакласнік, Аляксандр Рагалевіч, які сам служыў пажарным, прапанаваў мне паспрабаваць сябе ў якасці выратавальніка. Уяўленні пра спецыялістаў МНС у мяне былі самыя станоўчыя і яны, скажу забягаючы наперад, апраўдаліся. Дзейнасць прыйшлася мне па душы, – адзначае Раман Проганаў (на фота).
На пытанні “ці не пужала змяняць род дзейнасці?” і “ як блізкія паставіліся да новай прафесіі, што звязана з надзвычайнымі сітуацыямі?” Раман Сяргеевіч ледзь заўважна ўсміхаецца:
– Праца пабудавана такім чынам, што пры выкананні службовых абавязкаў, мы, як гэта не дзіўна гучыць, далёка не заўсёды рызыкуем уласным жыццём. Алгарытмы тушэння пажару адпрацаваныя да аўтаматызму, усе складаныя сітуацыі разабраныя ў тэорыі і мноства разоў правераныя на практыцы. Мы прыбываем на вызаў ратаваць людзей, а не станавіцца чарговымі ахвярамі стыхіі. Што да блізкіх людзей, то яны толькі падтрымалі мой выбар, – падзяліўся суразмоўца.
Разам з тым, хапае момантаў, калі выратавальнікам цяжка не толькі фізічна, але і маральна. Раман ўзгадвае выпадак, калі прыйшлося выносіць з пажарышча ўсю сям’ю – бацьку, матулю і дваіх маленькіх дзетак. На жаль, гэтыя чацвёра былі ўжо мёртвымі.
Такія моманты складана перажываць, нават разумеючы, што прафесія іх прадугледжвае. “Мы не застаемся сам насам з гэтымі маральнымі выпрабаваннямі – на дапамогу прыходзіць калектыў, з намі працуюць псіхолагі, калі ў гэтым ёсць патрэба. Адчуваецца падтрымка, згуртаванасць калег, і гэта, я лічу адным са станоўчых бакоў сваёй прафесіі”, – разважае мужчына.
З малых гадоў сын Рамана Дзмітрый прымяраў форму бацькі, абуваў свае маленькія ножкі ў берцы выратавальніка. Заўсёды падтрымлівала мужа і жонка Вольга. Гэтыя, здавалася б, дробязі жыцця маглі застацца па-за ўвагай, але, прыглядаючыся да такіх імгненняў, Раман у чарговы раз разумее, што зрабіў правільны выбар. Дарэчы, галоўным у жыцці нашага героя заўсёды былі сямейныя каштоўнасці.
Своеасаблівым матыватарам для пажарнага з’яўляецца і той факт, што надзвычайных выпадкаў становіцца менш. Але, па перакананні Рамана Сяргеевіча, не варта багата пра гэта разважаць, хутчэй, усе намаганні трэба прыкласці, каб сітуацыю замацаваць і палепшыць.
Раман Проганаў не ведаў на момант нашай сустрэчы, што загадам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь яго ўзнагароджваюць медалём “За бездакорную службу” 3 ступені. Пагутарыўшы з гэтым чалавекам, я добра разумею, што ён не прагне ўзнагарод. Але сціплы палескі мужчына, пэўна, будзе ўзрадаваны фактам, што яго добрасумленнасць не засталася незаўважанай.
Раман Сяргеевіч віншаваў калег з прафесійным святам, зычыў ім дабрабыту, здароўя. Але, давайце гутарыць шчыра, паслязаўтра ўсе мы павінны віншаваць пажарных з прафесійным святам. Сказаць ім дзякуй не толькі за выратаваныя жыцці, але і за тыя выпадкі, што былі прадухіленыя ад моманту, калі недагляд становіцца бядой…

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о