У кожнага з нас ёсць любімы куточак зямлі, які называецца малой радзімай. Мая малая радзіма – гэта Брынёў. Раней вялікая, а цяпер неперспектыўная палеская вёска, у якой жывуць працавітыя і творчыя людзі. Людзі, якіх называюць майстрамі сваёй справы, людзі, пра якіх кажуць, што ў іх залатыя рукі.

“І тчэ, забыўшыся, рука…”Знаёмцеся! Наш герой – Уладзімір Шыбайла. У спісах народных майстроў мужчына не пазначаны. Затое ў Брынёве і ў навакольных вёсках яго добра ведаюць, бо Уладзімір Уладзіміравіч – візітоўная картка народных свят, якія адбываюцца ў нашай вёсцы ці на тэрыторыі Ляскавіцкага сельсавета.

Гэта вельмі сціплая і таленавітая асоба: дбайны гаспадар, чулы чалавек, добры муж і бацька, выдатны выканаўца народных песень.
Нарадзіўся Уладзімір у простай вясковай сям’і. Сям’я была шматдзетная і ён быў шостым дзіцям. Бацькі з малых гадоў прывучалі да працы на роднай зямлі. Маленькаму Валодзю асабліва падабалася назіраць за тым, як спрытныя бабуліны рукі ткалі незвычайнай прыгажосці посцілкі, абрусы, ручнікі, дываны…

Але здарылася няшчасце – трагічна загінуў бацька. Хутка за бацькам пайшла з жыцця і бабуля. І хлопчыку вельмі рана давялося ўзяць цяжар вясковай працы на свае плечы. Патрэбна было дапамагаць маці і дома па гаспадарцы, і на ферме – жанчына працавала даяркай. Нягледзячы на цяжасці, жанчына працягвала займацца сваёй любімай працай, вышыўкай і ткацтвам, знаходзіла час і спяваць у мясцовым клубе.
Пасля заканчэння сярэдняй школы Валодзя паступіў у Рэчыцкі ветэрынарны тэхнікум, затым была служба ў арміі. Пасля вяртання дадому пачаў працаваць на ферме ў роднай вёсцы, але праз некаторы час зразумеў, што патрэбна атрымаць вышэйшую адукацыю.
Дваццаць гадоў адпрацаваў заатэхнікам у саўгасе “Брынёва”.
У 2014 годзе мужчына ажыццявіў сваю даўнюю мару: сабраў ткацкі станок, па дэталях па ўсёй вёсцы. Нешта па ткацкай справе помнілася з урокаў бабулі і маці, якія былі першымі настаўнікамі Уладзіміра Уладзіміравіча. Далей навучацца ткацкай справе дапамагалі дзве вясковыя жанчыны: бабуля Арына і цётка Алена, якія дасканала валодалі гэтай справай.

Вось з таго часу кожную вольную хвіліну наш герой аддаваў любімай справе. Але вольнага часу было няшмат, бо ў ваколіцах Брынёва быў адкрыты новы жывёлагадоўчы комплекс па вырошчванні мармуровай ялавічыны.
Дзесяць гадоў Уладзімір Уладзіміравіч узначальваў гэты комплекс, але ўжо два гады, як працуе сацыяльным работнікам.

За гэты час зрабіў многа: сабраў два ткацкія станкі, з невялікай хаткі, набытай побач, зрабіў сапраўдны этнаграфічны музей. Менавіта тут, у гэтай невялікай вясковай хатцы, з’яўляюцца мастацкія вырабы з-пад ткацкага станка.
Гаспадар з пачуццём вялікай адказнасці і гонару паказвае нам свае вырабы, а гэта не адзін дзясятак саматканых ручнікоў, некалькі посцілак, дыванкоў.
У творчых планах – саткаць абрус у касіцы, а гэта вельмі складаны від ткацтва. А яшчэ – дасягнуць узроўню бабулі і матулі. Да таго ж, вельмі спадзяецца наш зямляк на тое, што яго майстэрствам хтосьці зацікавіцца і ён зможа перадаць свае навыкі маладым.

Аляксандр ПАЎТАРАН,
загадчык Брынёўскага філіяла.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о