На мінулым тыдні мы завіталі на мехдвор КСУП “Капаткевічы”, каб даведацца, як ідзе падрыхтоўка да сяўбы. Вядома, што часу да сельскагаспадарчага сезона яшчэ досыць, але замаруджваць з абслугоўваннем тэхнікі не варта.

Рамонт ідзе згодна з планам
Як адзначыў галоўны інжынер КСУП “Капаткевічы” Раман Нігрэй, абслугоўванне сельскагаспадарчай тэхнікі і глебаапрацоўчых агрэгатаў, а таксама закупка запчастак і “расходнікаў” да іх праводзіцца згодна з планам. Асноўная работа тут – рамонт рухавікоў трактароў і камбайнаў.
Зараз абслугоўванне прайшлі дзве адзінкі тэхнікі, на бягучым рамонце знаходзяцца яшчэ тры машыны: дзве ў Капаткевічах і адна на мехдвары аддзялення “Колкі”. Пры належных умовах надвор’я чарга дойдзе і да глебаапрацоўчых агрэгатаў, бо іх габарыты, часам, наўпрос не дазваляюць арганізаваць рамонтныя работы ў боксах. Зразумела, што гэта акалічнасць можа ўнесці карэкціроўкі ў план рамонтных работ, але іх тэрміны не падоўжыць.
Пастаянна ў гаспадарцы працуе 7-8 адзінак тэхнікі, але з гэтай часткай парку праблем няма, машыны патрабуюць толькі тэхнічнага абслугоўвання – змазкі, замены масла, тэхнічных вадкасцяў, фільтраў.
Галоўнае ж пытанне, што стаіць перад гаспадаркай да пасяўнога цыклу, зусім не тычыцца тэхнічнай складаючай. Найбольш істотная задача – укамплектаваць штат механізатараў.
– Пакуль тэхнікі ў нас больш, чым камбайнераў і трактарыстаў. Калі сярод мясцовых жадаючых сесці за руль сельгастэхнікі не знойдзецца, ці іх будзе недастаткова, праблему будзем вырашаць праз заключэнне дамоў са спецыялістамі іншых гаспадарак, – адзначыў Раман Алегавіч.
Будзем спадзявацца, што Капаткевіцкія палеткі дачакаюцца сваіх хлебаробаў у поўным складзе і гаспадарка зробіць свой важкі ўклад ураджаю ў агульны Каравай-2022 года Петрыкаўскага раёна, як гэта і было заўжды.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о