Справядлівасць гэтага выслоўя асабліва бачная на прыкладзе сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, якія будуюць сваё развіццё на палітыцы прыцягнення і навучання маладых спецыялістаў. Менавіта хлопцы і дзяўчыны, якія яшчэ ўчора былі студэнтамі, сёння могуць вырашаць самыя разнастайныя задачы, павышаць канкурэнтны ўзровень усяго прадпрыемства, дасягаць высокіх паказчыкаў. Днямі мы наведалі аддзяленне “Мышанка” СУП “Палессе-Агра-інвест”. Прадпрыемства папоўнілася новымі кадрамі, і мы выкарысталі магчымасць пазнаёміцца з маладымі спецыялістамі.

Кадры вырашаюць усё!Валерыя Данілава прыехала ў Петрыкаўскі раён з Віцебскай вобласці Міёрскага раёна. У дзяцінстве зацікавілася жывёламі і вырашыла прысвяціць сябе ветэрынарнай справе. Менавіта таму пасля заканчэння сярэдняй школы паступіла ў Віцебскую ветэрынарную акадэмію.

– Ніхто з родных не паўплываў на мой выбар прафесіі. Вядома, я марыла лячыць сабачак і катоў, але аб тым, што цяпер працую ветэрынарам на ферме і сачу за каровамі, не шкадую ніколькі. Я яшчэ толькі на пачатку прафесійнага шляху, жыццё можа яшчэ па-іншаму скласціся.

Валерыі СУП “Палессе-Аграінвест” выдзяліў жыллё ў Мышанцы, на працу ў Церабоў дзяўчына дабіраецца на рабочай машыне. Гаворыць, вельмі зручна. А яшчэ Валерыя адзначае, што працаваць падабаецца, асабліва пашанцавала з калектывам.
– Пры размове з аднагрупнікамі адчуваю, што іх, так як мяне, не падтрымліваюць, не дапамагаюць разабрацца ў тонкасцях працы. У Мышанцы кватэра аснашчана ўсім неабходным, а яшчэ і да дома бацькоў камфортна дабірацца – вечарам сеў на цягнік, раніцай ужо на месцы.

Наша гераіна распавяла, што аддзяленне “Мышанка” налічвае 2 300 галоў статка, з іх 420 – цяляты. Зразумела, маладой спецыялістцы яшчэ шмат чаму патрэбна навучыцца, жаданне ёсць – а гэта галоўнае.

Кадры вырашаюць усё!Дзяніс Фурсевіч таксама прыехаў у наш раён з іншай вобласці, Брэсцкай. Скончыў Лунінецкую школу і там жа паступіў у каледж на спецыяльнасць “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых працэсаў. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках.

– Па размеркаванні трапіў працаваць у аддзяленне “Мышанка”. Працую ў Церабаве інжынерам па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка. Прынялі мяне тут выдатна.
Маладому хлопцу СУП “Палессе-Аграінвест” аплачвае арэнду кватэры. На заробак малады чалавек не скардзіцца. Гаворыць, і на дваіх хопіць.

– У працы галоўнае, каб тэхніка не прастойвала, – адзначае малады чалавек. – Я тут адзін адказваю за машыны. Вядома, мне дапамагаюць кіраўнік і загадчык склада. Амаль увесь свой вольны час Дзяніс прысвячае рабоце з машынамі. Зрэдку – глядзіць серыялы, сустракаецца з сябрамі. Пра доўгатэрміновыя планы на будучыню Дзяніс не распаўсюджваецца, магчыма, гэта і правільна. Гаворыць, жадае сябе ў прафесіі рэалізаваць. Пажадаем удачы!

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о