Кажуць, вялікі поспех у жыцці – сустрэць свайго настаўніка, такога, які ўбачыць у табе талент і дапаможа яго раскрыць. Валянціна Часнакова – як раз такі настаўнік, чалавек з вялікай літары, праз яе музычныя рукі прайшлі дзясяткі вучняў, многія з якіх сталі паспяховымі выканаўцамі. Нагодай для інтэрв’ю стаў юбілей Валянціны Людвікаўны – 6 жніўня яна адзначыла 85-годдзе.

Музыка яе жыцця– Нарадзілася і вырасла я ў Петрыкаве. Тата памёр у 1944 годзе, а маці адна на сваіх плячах падымала чацвёра дзяцей. Я была самай малодшай, – пачала сваю гісторыю настаўніца. – У горадзе працаваў урач па прозвішчы Мельнікаў, а яго маці ўзяла да сябе на музычнае навучанне некалькі рабят. Так я асвоіла фартэпіяна.
Практычна ўсе школьныя гады Валянціна Людвікаўна ўдзельнічала ў розных аглядах мастацкай самадзейнасці, аднойчы яе заўважылі. Педагогі Гомельскага вучылішча імя Сакалоўскага прапанавалі абраць менавіта іх установу для паступлення, але наша гераіня адмовілася.

– Фінансавае пытанне ў той час стаяла востра. Разумела, што маме было цяжка адной усё цягнуць. У Брэсце жыла цётка, якая ўзяла мяне пад сваё крыло, калі мне прыйшоў час паступаць. Памятаю, прынесла дакументы ў педагагічны інстытут, а там чарга вялізная. Доўга не думаючы, вырашыла рызыкнуць і паступіць у музычнае вучылішча. Адкрыўшы першыя дзверы, якія трапілі на вочы, завітала адразу ў кабінет дырэктара. Ён накіраваў мяне да педагога па вакале. Я ёй спадабалася. Так я стала студэнткай вакальнага факультэта, але родным, што я выбрала музычны шлях, прызналася не адразу.

Затым Валянціна Людвікаўна па размеркаванні адправілася ў Шчучын. Адпрацаваўшы адзін год, вярнулася на малую радзіму.
– Музычная школа ў Петрыкаве адкрылася толькі годам раней. Вялікае задавальненне было працаваць з такім дырэктарам як Міхаіл Будзюхін. Упартай працай мы дабіліся, каб школа ўвайшла ў дзясятку лепшых у Гомельскай вобласці. Стаж маёй працы склаў 47 гадоў, 37 з якіх я адпрацавала завучам.

На гэтым дасягненні педагога не заканчваюцца. 30 гадоў таму пры актыўным удзеле Валянціны Людвікаўны быў арганізаваны царкоўны хор.
– Пяць гадоў я ўжо не спяваю, але мяне перапаўняе гонар, што хор існуе да гэтага часу, у ім спяваюць мае вучні і ўжо іх вучні.
Вялікае шчасце для маёй суразмоўцы – яе сын, які цяпер працуе нейрахірургам, вельмі знакаміты спецыяліст у Гродзенскай вобласці.
– Нарадзіла Вячаслава ў 46 гадоў. Так, позна па мерках таго часу, але, як мне здаецца, выхавалі яго мы з мужам годна! Цяпер ужо да нас у госці прыязджаюць унукі, прыгожыя і таленавітыя.
У шчаслівым шлюбе Валянціна жыве ўжо 42 гады.
– Мужу ўжо 90-гадоў, а на яго 85-годдзе мы яшчэ станцавалі разам у рэстаране! – з усмешкай успамінае жанчына.
На здароўе наша музыка не скардзіцца, кажа, яшчэ на Вялікдзень залезла на акно, каб зняці і папраць цюлі. Вялікую дапамогу ёй аказваюць любімыя пляменнікі.
З вышыні пражытых гадоў пра сэнс жыцця жанчына разважае так:
– Перш за ўсё ў сабе трэба выхаваць чысціню сумлення, прыстойнасць. Жыць без зайздрасці і прагнасці, ставіцца да людзей так, як хацелі б, каб ставіліся да вас. Маладосць даецца ўсім, а вось годна сустрэць глыбокую старасць, пэўна, трэба ў бога заслужыць адмысловай працай.

Наталля Петрушэнка, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о