Пярвічная арганізацыя “Ветэраны фізічнай культуры і спорту Петрыкаўскага раёна” была створана ў 2016 годзе. Напярэдадні я завяршыў работу ў спартыўнай галіне і выйшаў на адпачынак, таму да прапановы ўзначаліць “пярвічку” мае родныя аднесліся адмоўна.

Срэбра з залатым адлівамАле я вырашыў па-свойму: як можна было парваць сувязь са спартыўным актывам Петрыкаўшчыны, калі гэтыя людзі сталі мне такімі блізкімі?!
Першапачаткова трэба было вызначыцца з саставам пярвічнай арганізацыі. Пяць гадоў таму да нас маглі трапіць мужчыны ўзростам ад 60 гадоў і жанчыны – ад 55 гадоў. Трэба зазначыць, што зараз гэты ўзроставы тэрмін памаладзеў і членам пярвічкі можа стаць любы чалавек, дасягнуўшы 45 гадоў, што прытрымліваецца здаровага ладу жыцця, але скончыў актыўныя заняткі спортам.
З года ў год наш састаў шырыўся. Першапачаткова пярвічная арганізацыя налічвала 3 чалавекі, а на пачатак 2021 года ў нашым спісе значыцца ўжо тры дзясяткі чалавек. Зараз кожны член “пярвічкі” мае пасведчанне за подпісам кіраўніка абласной арганізацыі Мікалая Нілава – чалавека, што так шмат зрабіў і робіць дзеля развіцця ветэранскага спорту.
Што тычыцца ўласна арганізацыйных пытанняў, то кожны з нас – чалавек адказны, усе добрасумленна здаюць членскія ўзносы. На гэтыя невялікія сродкі мы віншуем нашых актывістаў, падаем памінанні і спачуванні ў раённую газету, аплочваем паштовыя расходы і наведваем нашых ветэранаў дома ці, калі здарыліся праблемы са здороўем – у бальніцы.
Трэба адзначыць, што нам вельмі дапамагае раённае спартыўнае кіраўніцтва: дасягнута дамоўленасць на наведванне членамі нашай арганізацыі гарадской спартыўнай залы два разы на тыдзень на бясплатнай аснове. Зразумела, ветэраны спорту актыўна сочаць за спартыўнымі мерапрыемствамі, што ладзяцца ў горадзе і раёне, выступаюць на спаборніцтвах у складзе судзейскіх брыгад.
Вялікі дзякуй трэба сказаць ФСК “Ураджай” за дапамогу ў арганізацыі ўсіх нашых спартыўных мерапрыемстваў, галоўнае з якіх – спартакіяда, што не толькі паказвае нашу спартыўную форму і дазваляе падводзіць вынікі, але і дапамагае вызначыць састаў удзельнікаў абласных спаборніцтваў.

Разам з тым, абласной БГА “Ветэраны фізічнай культуры і спорту” штогод праводзіцца агляд-конкурс на выяўленне лепшых “пярвічак”. Вынікі нашай працы за апошнія гады наступныя: у 2018 годзе мы занялі пачэснае трэцяе месца, на наступны год былі чацвёртымі, а па выніках 2020 года аказаліся другімі!

На жаль, спартыўная галіна перажывае зараз не лепшыя часы. Сказалася аб’яднанне аддзела спорту і турызму з аддзеламі адукацыі ў 2013 годзе. Узнаўленне самастойнай работы спартыўнай галіны ў раёнах адбылося толькі ў пазамінулым годзе, але які кадравы патэнцыял быў страчаны… З сумам адзначу, што пакінулі мы і тыя спартыўныя традыцыі, што колісь здаваліся непахіснымі. Чэмпіянат раёна па футболе сышоў у нябыт разам са старым стадыёнам. Але спартыўны аб’ект цудоўнейшым чынам аднавілі, а вось чэмпіянат – не. Тое ж адбылося і з іншымі раённымі турнірамі па футболе. Ужо не сорам запрасіць да сябе ў госці спартыўныя калектывы з суседніх раёнаў, але і гэтага не адбываецца. У захаванні напрацаванага, аднаўленні спартыўных традыцый мы бачым нашую агульную спартыўную задачу. Ветэраны заўсёды прыйдуць на дапамогу!

Нехта адзначыць, што я ўзгадваю справы даўно мінулых дзён, што зараз усё інакш. Пагаджуся, зараз сапраўды ўсё па-іншаму, але ці ў лепшы бок? “Петрыкаўскія навіны” пісалі пра некаторых нашых юбіляраў, спартыўныя дасягненні, якія і да гэтуль не пабітыя землякамі яшчэ з 50-70-х гадоў.
Паважаныя ветэраны, жадаю вам моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і актыўнага даўгалецця. Узгадаем тых, каго, на жаль, ужо няма разам з намі.

Аляксей КАЮКАЛА,
старшыня пярвічнай
арганізацыі “Ветэраны фізічнай культуры і спорту Петрыкаўскага раёна”.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о