Петрыкаўскі мастак яўрэйскага паходжання

0
693

23 сакавіка, мастацкая грамадскасць Беларусі адзначала 125-годдзе вядомага мастака Льва Лейтмана.

Леў Мэеравіч нарадзіўся ў 1896 годзе ў Петрыкаве. На жаль, пра дзяцінства будучага мастака амаль нічога не вядома. Калі Лейтману споўнілася 20 гадоў, ён накіраваўся ў Адэсу, дзе каля года навучаўся ў мастака Юлія Бердштатскага. Праз некалькі гадоў Леў прыехаў для навучання ў Віцебск, да вядомага мастака, настаўніка славутага Марка Шагала – Юдэля Пэна. Менавіта тады, у час пленэраў у наваколлі Віцебска, Лейтман захапляецца пейзажам.

Петрыкаўскі мастак яўрэйскага паходжання
З 1931 года Леў Лейтман выкладае ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме, а праз 10 гадоў нават узначальвае гэтую навучальную ўстанову. Трэба адзначыць, што мастак ніколі не адмаўляўся ад магчымасці навучання і заўсёды знаходзіўся ў творчым пошуку: змешваў акварэльныя і гуашавыя фарбы, эксперыментаваў з паперай. Зразумела, вопытам сваім Леў Лейтман дзяліўся са сваімі вучнямі.
Леў Мэеравіч так казаў пра працу мастака: “Галоўнае ў нашай рабоце – умець бачыць, выказваць убачанае, і любіць людзей, жыццё”.
Два асноўныя напрамкі дзейнасці мастака – пейзаж і партрэт. Пры гэтым крытыкі адзначаюць, што ўклад Лейтмана ў беларускае акварэльнае мастацтва бясспрэчны. Найбольш вядомыя яго работы ў жанры пейзажу: “Іней”, “У парку імя Максіма Горкага”, “Заходняя Дзвіна”, “Вечар над Свіслаччу”, “Вясна”. Значнае месца ў творчасці мастака займаюць гарадскія пейзажы з выявамі сталіцы і Віцебска.
Яшчэ адзін напрамак творчасці мастака – усхваленне працы чалавека. Найбольш яскравыя яго работы: “Крапленне штампа паравога молата” і “Вечар на заставе”. У карцінах майстар часцяком паказвае звычайных людзей, якія сваёй незаўважнай, але шчырай працай робяць агульную справу на карысць грамадства.

Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о