Леанід і Ніна Рудаўскія адзначылі важную дату – 50-годдзе сумеснага жыцця

0
943

Цудоўна, калі сямейныя пары, якія звязалі сябе шлюбам, праходзяць доўгі сумесны жыццёвы шлях рука аб руку. Такіх годных прыкладаў шмат і сярод нашых землякоў. У мінулым месяцы жыхары Курыцічаў Леанід і Ніна Рудаўскія адзначылі важную дату – 50-годдзе сумеснага жыцця. І нягледзячы на зіму за акном, у душы іх квітнее вясна. У гэтым мы пераканаліся пры сустрэчы з юбілярамі.

Леанід і Ніна Рудаўскія адзначылі важную дату – 50-годдзе сумеснага жыцця

Іх гісторыя кахання пачалася больш за паўстагоддзе таму. Абодва родам з вёскі Востраў Муляраўскай сельскага Савета. Ніна Сцяпанаўна яшчэ дзіцям страціла маці і з малых гадоў была прывучана да дарослай працы. З часам у бацькі з’явілася новая сям’я. Па словах гераіні, мачыха нічым не крыўдзіла яе, але замяніць самага роднага чалавека не змагла. Таму калі суразмоўца сама стала маці – аддавала сябе дзецям без астатку, каб тыя спаўна адчувалі матчыну любоў.

Леанід Ільіч старэйшы за жонку на некалькі гадоў. Гэтак жа, як і будучая спадарожніца, з ранніх гадоў быў прывучаны да працы на зямлі. Пасля заканчэння Курыціцкай школы атрымаў спецыяльнасць “Трактарыст. Машыніст” у Рэчыцкім СПТВ і пайшоў працаваць у мясцовы калгас “Бальшавік”. Сваю маладую аднавяскоўку заўважыў, калі тая заканчвала школу. Пазней дзяўчына адказала яму ўзаемнасцю. Згулялі вяселле. Маладым далі жыллё ў Курыцічах. Так і пачалі сямейнае жыццё. Успамінаюць, з выгод было мала што. Але гэта зусім не пужала, верылі – з часам усё з’явіцца. Дарэчы, так і сталася. Сёння іх жыллё – прасторнае, дагледжанае, з усімі выгодамі. Але для таго, што яны сёння маюць, давялося шмат і старанна працаваць.
– Сельскай гаспадарцы мы прысвяцілі сваё працоўнае жыццё. Асабліва адданы абранай справе быў муж. Так, як ён працаваў на сельгастэхніцы, у “гарачыя” дні ўборачнай і пасяўной прыходзіў дадому толькі ноччу, – успамінае Ніна Сцяпанаўна. – Пра працоўныя поспехі майго мужа красамоўна кажуць яго ўзнагароды: два Ордэны Працоўнай Славы, Знак Пашаны. На мяне ўскладваліся абавязкі па хаце, па выхаванні двух сыноў, якія нарадзіліся ў нас і чыё з’яўленне прынесла нам вялікае бацькоўскае шчасце. Акрамя таго, у нас заўсёды была вялікая асабістая гаспадарка, што патрабавала таксама ўвагі.

– Сваіх сыноў з жонкай з дзяцінства прывучалі да працы ўласным прыкладам. Ужо з класа сёмага Ігар і Алег дапамагалі ўбіраць хлеб на калгасных палях у складзе памочнікаў камбайнераў. Напэўна, менавіта тады і прасякнуліся яны цікавасцю да тэхнікі, што ў будучыні і паўплывала на іх выбар прафесіі: пайшлі па маіх слядах і сталі механізатарамі, – уступае ў размову Леанід Ільіч. Былі хлопцы з малых гадоў памагатымі маці і па гаспадарцы, і на агародзе, і ў полі.

50 гадоў праляцелі хутка, але памяць мужа і жонкі захоўвае самыя дарагія сэрцу моманты жыцця – светлыя, шчаслівыя. У іх ліку нараджэнне дзяцей, пецярых унукаў, праўнучкі. Са слоў гаспадыні, за сыноў яна спакойная – добрых жонак ім лёс паслаў, разумных, працавітых. Нявестак Ніна Сцяпанаўна падтрымлівае, часам, можа нават больш, чым родных дзяцей. Кажа: любячая жанчына ведае лепш, што трэба сям’і. У сем’ях у дзяцей пануюць каханне і згода. Мабыць, так і павінна быць, калі дзецям бацькі служаць добрым прыкладам ва ўсім.

Слухаць залатых юбіляраў – адно задавальненне. Год за годам муж і жонка разам пераадольвалі складанасці, вырашалі пытанні, вучыліся разумець адзін аднаго без слоў. Іх саюз трывала змацаваны павагай, клопатам і па-дзякай. Прайсці па жыцці разам, плячом да пляча, сэрцам да сэрца столькі гадоў – дарагога каштуе. Нездарма сімвалам іх юбілею з’яўляецца золата – каштоўны метал, які атаясамлівае вечнасць і значнасць. Па ўзаемным рашэнні і жаданні муж з жонкай на “залаты” юбілей далі абяцанні перад Богам і абвянчаліся ў Храме Мікалая Цудатворцы ў Петрыкаве.

Пачуўшы пытанне пра сакрэты даўгалецця іх шлюбу, суразмоўцы з адказам доўга не раздумвалі. Муж з жонкай перакананыя, што шчаслівае сямейнае жыццё – гэта не проста поспех, а яшчэ і праца, цярпенне, узаемаразуменне. Калі стварыў сям’ю – беражы яе. – Вядома, бываюць рознагалоссі, але ўсе яны вырашальныя – можна спакойна разабрацца і дамовіцца, не тоячы крыўд адзін на аднаго, – разважае Леанід Ільіч. – Але галоўнае, трэба чуць роднага чалавека, паважаць, умець дараваць, і калі патрэбна – прамаўчаць.
– У нашым жыцці, як і ва ўсіх, было добрае, і не вельмі, бо нездарма кажуць: жыццё пражыць – не поле перайсці. Лічу, для захавання сям’і патрэбна перажываць адзін пра аднаго, умець дзяліць разам шчасце і расчараванне. Кажуць, з часам каханне праходзіць і з’яўляецца звычка. Не верце: пачуцці нікуды не дзяюцца, да іх дадаецца паважлівае стаўленне, цеплыня і клопат.
Згадзіцеся, героі сённяшняй публікацыі, якія пранеслі праз гады ўзаемнае пачуццё, павагу і адданасць, заслугоўваюць захаплення і павагі, бо менавіта такія сямейныя пары з’яўляюцца годным прыкладам для моладзі – як трэба шанаваць і берагчы сваю сям’ю.

Хачацца пажадаць юбілярам здароўя, доўгіх гадоў жыцця і не разгубіць тыя пачуцці, якія зарадзіліся шмат гадоў таму.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о