30 ліпеня 1996 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 277 “Аб устанаўленні свята – Дня маці” было вызначана яго штогадовае святкаванне 14 кастрычніка. Сёлета гэтае свята адзначаецца ў 27-ы раз.

14 кастрычніка – дзень маці. "Сапраўднае шчасце –  нашы дзеці"У краіне надаецца асаблівая ўвага ўсебаковаму садзейнічанню сем’ям, умацаванню шлюбу, выхаванню і захаванню здароўя дзяцей. Пастаянна ўдасканальваецца сістэма сацыяльных дапамог. Цяпер у сувязі з нараджэннем дзіцяці назначаецца каля 11 відаў дапамог. Шматдзетныя мамы атрымліваюць шматлікія льготы.
Алена Браім вярнулася на радзіму бацькоў у Петрыкаўскі раён пасля 8 гадоў жыцця ва Узбекістане. У вёсцы Капцэвічы яна пайшла ў другі клас і тады яшчэ не падазравала, што хлопчык, з якім яе пасадзілі за адну парту, стане яе будучым мужам і бацькам 5 дзяцей.

– Так, сапраўды, мы прасядзелі за адной партай шмат часу. Як толькі Аляксандр вярнуўся з арміі – пажаніліся.

На пытанне, як муж і жонка вырашыліся на такую колькасць дзяцей, гераіня адказала:
– Многія з маіх сваякоў маюць трое і больш дзяцей. І ўсё добра, усе шчаслівыя. У Капцэвічах мы жывем дружна і дапамагаем адзін аднаму.
Старэйшы сын Юрый, якому споўнілася 20 гадоў, нядаўна ажаніўся. Другому сыну Івану 18 гадоў, Вове – 10, Андрэю – 8 і самай малодшай нашай дзяўчынцы 5 гадоў.
Алена прызнаецца, што вельмі доўга хацела дачку, але нараджаліся хлопчыкі.
– Я сур’ёзна заявіла мужу, што гатовая нават нарадзіць цэлую футбольную каманду, пакуль на свет не з’явіцца дзяўчынка! І вось нарадзілася наша Танечка.

Сям’я Браім зараз жыве ва ўласным доме, які ёй пабудавала дзяржава.
– Мы неверагодна рады, што жывем ва ўласным вялікім доме на 148 квадратных метраў. Зала такая вялікая, што можна ў футбол гуляць, – радуецца Алена.
Ці ёсць у шматдзетнай маці сакрэт выхавання дзяцей, гераіня адказала, што не, дзяцей яна стараецца не загружаць.

– Не магу сказаць, што я строгая мама. У дзяцей няма дакладных абавязкаў, мы проста дапамагаем адзін аднаму, вырашаем пытанні разам. Як і большасць людзей любім на выхадных гуляць на прыродзе, гатаваць шашлыкі.

Алена канстатуе, што яна поўнасцю рэалізавала сябе ў сям’і.
– І я, і муж працуем санітарамі ў Капцэвіцкім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, а сапраўднае шчасце чакае нас дома – нашы дзеці.

Наталля ПЕТРУШЭНКА,
фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о