Што для нас Дзень народнага адзінства?

0
597

Што для нас Дзень народнага адзінства?Галіна ТРУХАНОВІЧ, дырэктар ДУК “Петрыкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей”:
– У гісторыі народаў бываюць такія падзеі, якія жывуць скрозь гады, не губляюць сваёй значнасці. У беларусаў такі дзень – 17 верасня 1939 года, які стаў пачаткам уз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі. Тыя далёкія падзеі ўтварылі не толькі тэрытарыяльны контур нашай краіны, а і паставілі кропку ў шматгадовай акупацыі Заходняй Беларусі, далі пачатак фарміраванню моцнай і згуртаванай агульнай гісторыяй нацыі.

Па роду сваёй дзейнасці я вывучаю дадатковую літаратуру і сустракаю звесткі пра той гістарычны перыяд нашай краіны. Беларусы, што жылі на тэрыторыі Польшчы, былі радыя прыходу Чырвоннай Арміі, бо знаходзіліся пад прыгнётам польскіх паноў, не мелі права на сваё меркаванне, родную мову, звыклую веру. Вызваленчы паход нашай Арміі ў Заходнюю Беларусь паўплываў на гісторыю нашай дзяржавы ў свой час. Мы маглі страціць краіну і ў жніўні 2020, калі Беларусь падверглася масіраванай атацы звонку. Тое, што адбывалася, было спланавана супраць нашай незалежнасці, суверэнітэту і дасягненняў нашай краіны. Але мы змаглі захаваць нашую мірную дзяржаву.

Жыхары Петрыкаўшчыны духоўна багатыя людзі, тыя, хто любіць свой край і яго гісторыю. Яднанне землякоў у думках, пачуццях адчуваецца ў час правядзення экскурсій па нашай установе. Не так даўно ў музеі адкрыўся “пакой гараджанкі“: выставачная зала, у якой сабраны рэчы часоў СССР. Пакой выклікае вялікую цікавасць з боку наведвальнікаў, іх прыцягвае гісторыя нашых бацькоў, дзядоў, аб’ядноўвае павага да продкаў. Землякі адзіныя ў праяўленні духоўнасці, празе да мастацтва. У адной з залаў размешчана выстава работ нашага земляка, мастака Івана Перарэжкі. Каля яго карцін можна заўважыць за размовай школьніка і сталага чалавека, настаўніка і аграрыя. Перад выставамі, што прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны, мы ўсе схіляемся перад мужнасцю нашага народу. У такіх сумесных пачуццях і закладзена наша адзінства.

Віншую землякоў са святам! Упэўнена, што мы і надалей будзем ісці наперад, захоўваючы шматвяковыя традыцыі, духоўныя каштоўнасці нашага народу. Запрашаю жыхароў і гасцей горада ў наш музей, каб у чарговы раз пазнаёміцца гісторыяй роднага краю.

Што для нас Дзень народнага адзінства?Юрый РЭУТ, жыхар вёскі Барычаў, вязень нямецкіх канцлагераў:
– Для мяне, чалавека, у лёсе якога Вялікая Айчынная вайна пакінула глыбокі след, Дзень народнага адзінства служыць сімвалам славы беларускага народа, мужнасці старэйшых пакаленняў, імкнення жыць на бацькоўскай зямлі. Я адчуў у сваім жыцці нястачу, страх, голад і холад, калі юнаком працаваў на прымусовых работах у Германіі. Аб’яднанне ў 1939 годзе беларускіх земляў дазволіла нам перамагчы ў час фашысцкай акупацыі, адстаяць права вырашаць свае пытанні самастойна. З намі тады, у страшныя крывавыя гады, заўсёды была вера ў свой народ, упэўненасць, што Бацькаўшчына нас не пакіне. Успамінаючы падзеі трыццатых, саракавых гадоў, мы ўсе павінны разумець: патрэбна захаваць тое, што дасталася нам вялікай цаной. Што б не здарылася, патрэбна разам пераадольваць усе цяжкасці. Я былы настаўнік гісторыі – усё прафесійнае жыццё аддаў Бабуніцкай сярэдняй школе. Заўсёды вучыў школьнікаў ісці сваім выбраным шляхам і працаваць са стараннасцю на карысць краіны.
Мяне радуе жыццё ў сучаснай мірнай і прыгожай Беларусі. Няхай так будзе заўжды. Усім светлага неба, шчаслівай будучыні!

 

Што для нас Дзень народнага адзінства?Ангеліна ВЕРАС, вучаніца 10 класа ДУ “Конкавіцкая сярэдняя школа”:
– Дзень народнага адзінства, на мой погляд, – гэта адлюстраванне векавой мудрасці нашага народа, яго лепшых якасцяў – працавітасці, гасціннасці, шчодрасці, ветлівасці. Калі паглядзець вакол сабе, то заўважыш, што грамадства адзінае ў важных жыццёвых пытаннях. Бацькі даюць мне пяшчоту, клопат, любоў, настаўнікі – веды, выхаванне, сябры – новыя пазітыўныя эмоцыі і ўражанні. Застаецца толькі прыняць клопат, навуку старэйшых, быць удзячным і скарыстацца ўсімі прапанаванымі нам магчымасцямі.
У кожнага з нас ёсць свая мара, свая мера шчасця, але ёсць і агульнае для ўсіх нас – гэта мір і спакой у нашым доме, горадзе, краіне.
Я ганаруся тым, што жыву на беларускай зямлі і бясконца люблю сваю Петрыкаўшчыну!

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о