Шлях да развіцця адзінства і ўвасаблення мары

0
1315

У сацыяльных сетках нашага горада можна часта сустрэць матэрыялы, які тычацца дзейнасці аддзялення дзённага знахо-джання для інвалідаў Петрыкаўскага ТЦСАН. Фотакадры дэманструюць разнастайныя віды дзейнасці спецыялістаў і наведвальнікаў установы: вынікі ўдзелу ў конкурсах, яркія канцэртныя нумары, адкрытыя заняткі і майстар-класы. Каб на свае вочы пабачыць жыццё калектыву, мы адправіліся да іх з візітам.

Сустрэла нас загадчык аддзялення Таццяна Голуб. Даведаўшыся пра мэту наведвання – прапанавала сваё суправаджэнне ў навучальныя класы. Таццяна Антонаўна не хавала: у калектыве працуюць дасведчаныя і любячыя сваю справу спецыялісты, здольныя дарыць радасць і ўсяляць упэўненасць у тых, хто мае ў гэтым патрэбу.
– Установу наведваюць 29 чалавек з інваліднасцю. У аддзяленні створаны ўсе ўмовы для іх адаптацыі, набыцця неабходных навыкаў і цікавага правядзення часу, – запэўніла суразмоўца. – Панядзелак, серада і пятніца – дні, калі на заняткі прыязджаюць нашы выхаванцы з раёна. Таму ў нас сёння, практычна, поўны састаў.
Першымі наведалі індывідуальныя заняткі па сацыяльнай адаптацыі. Псіхолаг Таццяна Кірылава на практыцы прадэманстравала комплекс мерапрыемстваў, які меў на ўвазе не толькі ўзбагачэнне інвалідаў ведамі, але і стварэнне добрага настрою. За партамі – тры чалавекі, кожнаму надаецца максімум увагі. Педагог вучыць кіраваць уласнымі жаданнямі: не спяшацца, быць акуратнымі і ўважлівымі. Абстаноўка – даверлівая, якая патрабуе асабістага ўзаемадзеяння, і наша прысутнасць, як нам здалося, бянтэжыла выхаванцаў.
Зазірнулі ў камп’ютарны клас, дзе спецыяліст па сацыяльнай рабоце Уладзіслаў Андрэянкоў паводзіць гурток “Электронік”. Усе месцы за маніторамі занятыя. Выхаванцы набіраюць тэкст, вучацца навыкам карыстання інтэрнэту. На думку Уладзіслава Мікалаевіча, такія навыкі для дадзеннай катэгорыі людзей вельмі важныя для пераадолення праблемы ўключэння іх у інфармацыйнае асяроддзе. Вучоба за камп’ютарамі – справа сур’ёзная. Выхаванцы ўважліва слухаюць старэйшага таварыша, выконваюць заданні. Такая справа захапляе. Губляць час на размовы няма калі.
Ідзем далей. На гуртку “Умелыя ручкі” ў спецыяліста па сацыяльнай рабоце Вольгі Цяслюк у працоўнай майстэрні эмоцый не схаваць. Тут ствараюцца святочныя паштоўкі і мудрагелістыя вырабы. Настрой, усмешкі і здаровае суперніцтва – залог поспеху ў працы. Праца такіх творчых майстэрняў бачная з першых крокаў ва ўстанове. Сцены калідора, кабінетаў упрыгожаны малюнкамі, на палічках расстаўлены тварэнні выхаванцаў.
Што прыемна здзівіла, усе спецыялісты, на занятках якіх мы пабывалі, – маладыя людзі, стаж працы якіх з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі параўнальна невялікі. Пры гэтым педагогі дэманстравалі высокі прафесіяналізм, уменне зацікавіць і захапіць. Адчувалася: прысутнічае нябачная цесная сувязь паміж тымі, хто вучыць і вучыцца.
– У аддзяленні ёсць усё неабходнае і для заняткаў спевамі, маюцца настольныя гульні, – працягнула загадчык аддзялення. – У гэтым годзе калектыў плануе прыняць удзел у 16 фестывалях ад раённага да міжнароднага ўзроўняў. У нас шмат ідэй, планаў. І мы іх годна ўвасобім у жыццё, таму што ёсць жаданне, імкненне і патэнцыял.
Хочацца адзначыць, што ў ад-дзяленні пануе вельмі цёплая і ўтульная атмасфера. І той час, які мы правялі ў гэтай вялікай дружнай сям’і, натхніў нас на добрыя і патрэбныя справы.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о