Гісторыя стойкасці, кахання і мудрасці Галіны Катовіч

0
1987

Гэту сямейную пару  я часта сустракала, калі бывала ў пасёлку Муляраўка.  Позірк прыцягвала тое, што маладая жанчына – інвалід-калясачнік, з ёю побач муж, заўсёды на варце, гатовы зрабіць свет сваёй жонкі па магчымасці камфортным. Заўважаны яны былі і на “Клічы Палесся”, на раённых святах, што дало падставу ўпэўніцца: нягледзячы на абмежаваныя магчымасці, жанчына вядзе сацыяльна актыўны лад жыцця.  Сямейная пара была заўсёды ў добрым настроі і з усмешкай на тварах. Лавіла сябе на думцы, што адчуваю нейкую цікавасць да лёсу жанчыны. Гэтае пачуццё мне надарыўся выпадак задаволіць.

Гісторыя стойкасці, кахання і мудрасці Галіны КатовічГаліна Катовіч “выйшла” на мяне праз сацсеткі з просьбай выказаць удзячнасць праз раённую газету прадстаўнікам улады, арганізацый за навагодні падарунак – пераносны пандус. На прапанову сустрэчы – згадзілася і аказалася надзвычай цікавым, адкрытым чалавекам. Як заўсёды, побач з ёю муж Сяргей, які  вось ужо чатырнаццаць гадоў неад’емна з’яўляецца яе надзейнай апорай. За размовай, у прыбраным навагоднім пакоі, неяк сама сабой адкрылася гісторыя жыцця гераіні, поўная трагізму, любові і чароўных фактаў.

– Нарадзілася  я звычайным дзіцям, у сям’і падрасталі яшчэ дзве сястры і брат і нішто не прадвяшчала бяды. У восем месяцаў стала на ножкі і спрабавала ўжо хадзіць. У адзін з дзён ногі  адказалі. Перад гэтым я перахварэла інфекцыяй, таму ўрачы супакойвалі бацькоў, што сітуацыя зменіцца, гэта ўсяго толькі наступствы хваробы. Але з таго часу я больш не змагла адчуць глебу пад нагамі, – пачала свой аповед Галіна. – З гадамі шмат стала чытаць пра сваю хваробу ў інтэрнэце, гутарыць з урачамі і высветліла, што мой стан дастаўся мне ў спадчыну. Такі дыягназ можа праявіцца праз пакаленні і ў любым узросце.

Пра тое, як праходзіла дзяцінства і юнацтва – цяжка слухаць. Жылі ў Сярэдняй Рудні, да малой у пачатковых класах па пятніцах прыходзіла настаўніца. Для сувязі са знешнім светам гэтага было катастрафічна мала. Спецыялізаваных устаноў для дзяцей-інвалідаў у той час не было. Ва ўсякім разе, каб некуды аддаць дачку, пытанне ў хаце не стаяла. Навучыўшыся пісаць і чытаць, дзяўчынка знаходзіла сабе занятак, пачала вучыцца сябе рэалізоўваць: пісаць вершы, цікавіцца знешнім светам.

– Зразумела, я была накормлена і апранутая, але ў большасці была прадстаўлена сама сабе: у бацькоў – праца, агароды, гаспадарка, у брата і сясцёр – вучоба, а пасля свае сем’і. І хоць да мяне прыходзілі ў госці аднагодкі, я стварыла для сябе асабісты свет, у якім жыла і пра другі баялася марыць, – успамінае жанчына.

Жыццё яе змяніў выпадак. Хлопец з Мікашэвічаў памыліўся лічбай нумара тэлефона і трапіў да Галіны. Пазнаёміліся. Разгаварыліся. Пачаліся зносіны на адлегласці. Пра тое, што не можа хадзіць,  хлопцу не гаварыла. Чаму? Напэўна, баялася згубіць сябра, аднадумцу, які амаль за год зносінаў  па тэлефоне стаў родным і жаданым.
– Калі мне раней гаварылі “выйдзеш замуж”, я крыўдзілася, лічыла, што здзекуюцца нада мною. А пасля знаёмства з Сяргеем, дзесьці ў глыбіні, зарадзілася такая думка, хоць я сама яе баялася, – прызнаецца суразмоўца.

Неяк перад 8-м сакавіка хлопец патэлефанаваў і сказаў, што прыедзе ў госці. Галіна адказала: “Прыязджай, толькі не спужайся!”. Успамінае, што госця пайшла на вакзал сустракаць маці, і калі ішлі да хаты сказала:  “Запамінай дарогу, хлопец. А то ўцякаць будзеш”.
Сяргей не спужаўся. У першую сустрэчу нічога не сказаў. Праз час патэлефанаваў з Мікашэвіч як ні ў чым не бывала.
– Гаварылі рознае пра нас. І крыўднае і горкае. Глядзелі ўслед асуджальна, маўляў з карысці  мужчына са мною. Мы не звярталі ўвагі. Распісаліся. Па прыездзе Сяргей пайшоў працаваць у Аграсэрвіс, з цягам часу атрымалі жыллё. Паціху зрабілі рамонт, – працягвае гераіня і дадае. – Я цаню кожны дзень пражыты з любым, кожную гадзіну, кожную хвіліну.

– Наконт культурнага адпачынку ўдваіх або з сябрамі, выехаць у горад за пакупкамі – мы толькі “за”, хаця ў апошні час Галіна прыстасавалася замаўляць неабходнае ў інтэрнэце,  – уступае ў размову гаспадар. – Кожны год на свята горада мы едзем на маю малую радзіму. Наведваем родных. Хоць рэдка, але прыязджаюць да нас і яны.
Жанчына кажа, што адчувае падтрымку грамадства. Раз у два гады папраўляе здароўе ў санаторыях краіны, стаіць у чарзе ў райцэнтры на паляпшэнне жыллёвых умоў.
– Ведаеце, мне падабаецца ў вёсцы, але ж трэба прызнаць той факт, што калясачнікам лепш пражываць там, дзе для візіту ў бальніцу не трэба задзейнічаць спецыяльны транспарт, дзе ёсць у наяўнасці пандус і магчымасць наведваць часцей дзённае аддзяленне для інвалідаў, каб мець зносіны, рэалізавацца ў соцыуме, – прызнаецца суразмоўца. – Падарунак, які зрабілі мне старшыня раённага Савета дэпутатаў, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і дырэктар Аграсэрвіса, гаворыць пра тое, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі не забытыя. Гэта дае права верыць, што ўсё запланаванае збудзецца. І я, карыстаючыся магчымасцю, перадаю ім словы падзякі за чуласць, душэўнасць і імкненне дапамагчы.
– Быў у мяне выпадак, які запомніўся на ўсё жыццё, – кажа на развітанне Галіна. – Вёз мяне муж па дарозе, а насустрач маці з малым дзіцям. Калі параўняліся, хлопчык сказаў: “Паглядзі! Прынцэса едзе на сваёй карэце. Як у казцы”. Ну, а без казкі жыццё мяне навучыла: як сябе будзеш адчуваць, так і будзеш жыць на гэтым белым свеце.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о