Азеляненне і прафілактыка палаў: надзённыя справы прыродаахоўнай службы

0
148

Азеляненне і прафілактыка палаў:  надзённыя справы прыродаахоўнай службы

У суботу, 6 красавіка, на Гомельшчыне прайшоў Адзіны дзень азелянення пад дэвізам “Разам для зялёнай Беларусі”.

Як адзначыў начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ігар Зянкевіч, у гэты дзень юнакі і дзяўчаты з гарадскіх школ, а таксама працаўнікі камунальнай гаспадаркі, пад куратарствам прыродаахоўнай структуры далі жыццё 135-ці дрэўцам, што знайшлі сваё месца па вуліцы Муляраўскай.
Пройдзе час, саджанцы стануць высокімі дрэвамі, што будуць сустракаць гараджан і гасцей горада на адным у паўночных уездаў у Петрыкаў.

– Яшчэ адной з надзённых задач прыродаахоўнай інспекцыі ў гэты час з’яўляецца прафілактычная работа па тлумачэнні забароны падпальвання сухой расліннасці. Статыстыка сведчыць, што толькі 5-10 % такіх узгаранняў адбываюцца з-за ўмоў надвор’я. Астатняя масавая доля палаў сухой травы – па віне чалавека. Прычын людской неахайнасці некалькі: часцей за ўсё гэта недагляд за вогнішчам у час адпачынку на прыродзе, кінуты ў сухую расліннасць незатушаны недакурак ці, нават, наўмыснае падпальванне з хуліганскіх памкненняў. Аднак, часам, такія падпальванні адбываюцца з-за недасведчанасці грамадзян, якія лічаць, што такім чынам яны “вызваляюць” зямлю ад мінулагодняй пажоўклай травы і “ўзбагачаюць” яе попелам, – заўважыў Ігар Пятровіч.

На самой справе, адзначае начальнік райінспекцыі, ад спальвання глеба становіцца значна бяднейшай на карысныя рэчывы, разам з прадуктамі гарэння ў паветра трапляюць шкодныя злучэнні, у тым ліку радыеактыўныя і ядавітыя, што пераносяцца ветрам на істотную адлегласць. Бяднее і відавы састаў расліннасці, а на пагарэлая зямлі замест разнатраўя пачне панаваць пустазелле. У полымі гінуць кладкі яек, знішчаюцца месцы гнездавання птушак.

Нагадваем, што за выпальванне сухой расліннасці прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу памерам ад 10-ці да 30-ці базавых велічынь. Больш за тое, асобы, што дапусцілі падпальванне, абавязаны пакрыць шкоду, якую такімі дзеяннямі прычынілі навакольнаму асяроддзю. Сума пакрыцця шкоды можа дасягаць 200-от базавых велічынь за гектар выпаленай тэрыторыі. Акрамя гэтага, артыкулам 16.41 Кодэкса аб адміністрацыйнай адказнасці прадугледжана пакаранне за развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах, такіх як зоны масавага адпачынку грамадзян, прыродныя тэрыторыі, што асабліва ахоўваюцца і іншыя.

Па выніках мінулага года на Гомельшчыне структурнымі падраздзяленнямі Мінпрыроды было складзена 29 адміністрацыйных пратаколаў, накладзена 21-на штрафная санкцыя на агульную суму 7,2 тысяч рублёў. На тэрыторыі Петрыкаўшчыны летась да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута дзве фізічных асобы, накладзена штрафных санкцый на суму 310 рублёў.

Запісаў Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о