Старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Пётр Шуцько ў рамках працы інфармацыйна-прапагандысцкай групы сустрэўся з работнікамі дзяржаўнай установы “Петрыкаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”.

Сацыяльная служба суправаджае  кожнага беларуса з дня нараджэння
На сустрэчы абмяркоўвалі пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця Петрыкаўшчыны і актуальныя праблемы вобласці і краіны.
– Нам цяпер варта быць вельмі ўважлівымі. Ад таго, як мы будзем супрацьстаяць знешняму ціску на нашу краіну, залежыць наша бяспека, якасць пражывання, дастатак. Прэзідэнт паставіў задачу, каб мы не залежалі ад паставак тавараў з іншых краін, перайшлі на імпартазамяшчэнне. Сацыяльна-эканамічнае развіццё і харчовая бяспека – гэта тое, што закране кожнага з нас. Мы зараз можам ганарыцца тым, што нашы грамадзяне цалкам забяспечаны харчовымі таварамі. Больш за тое, можам іх пастаўляць у іншыя краіны, але расслабляцца не варта! Якасць нашай прадукцыі прызнана ва ўсім свеце. Вялікім попытам карыстаецца малочная прадукцыя. Што да санкцый у адрас нашай краіны, яны даюць адваротны эфект для тых, хто іх увёў, бо краіны тым самым пазбаўляюць неабходных тавараў сваіх грамадзян. Петрыкаўшчына дзякуючы ААТ “Беларуськалій” выйшла на новы ўзровень развіцця, а значыць, тут будуць будавацца новыя ўстановы ў дадатак да ўжо пабудаваных. У планах будаўніцтва басейна, гандлёвага цэнтра. Вырасце колькасць працуючых грамадзян, а значыць, і пенсіянеры будуць забяспечаны ўсім неабходным. Удакладню, што ў сярэднім у раёне 35% насельніцтва – гэта грамадзяне пенсійнага ўзросту.
Асобна Пётр Леанідавіч закрануў пытанні сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, улічваючы той факт, што ў Петрыкаўскім раёне кожны трэці чалавек – гэта пенсіянер. Немалаважнай з’яўляецца новая паслуга – назапашванне дадатковай пенсіі, паслуга стартавала сёлета і стане надзейнай падмогай для ўпэўненага пражывання грамадзяніна краіны з надыходам патрэбнага ўзросту.
Пётр Леанідавіч адзначыў, што галіна сацыяльнай абароны суправаджае кожнага беларуса з самага нараджэння праз розныя выплаты, адрасную дапамогу, выплаты шматдзетным сем’ям, ільготы.
Напрыканцы сустрэчы Пётр Леанідавіч падзякаваў сацыяльнай службе за добрую работу.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о