Тэма харчовай бяспекі нашай краіны ва ўмовах эканамічных санкцый разышлася на гэтым тыдні па многіх працоўных калектывах раёна. Доступ да інфармацыі – права кожнага чалавека, але важна мець магчымасць даведвацца пра дакладныя факты. Адзіныя дні інфармавання даюць такую магчымасць як членам працоўных калектываў, так і жыхарам сельскіх населеных пунктаў.

Харчовая бяспека – аснова эканамічнага дабрабыту

Раённыя інфармацыйна-прапагандысцкія групы пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Аляксандра Кохана і яго намеснікаў Аляксандры Янчанкавай, Святланы Сянько і Аляксандра Дзегцяра пабывалі ў раённай ветэрынарнай станцыі, Муляраўскім цэху Гомельскага РВУП “Другмет”, Муляраўскім сельскім Савеце і ДРБУ-112.

Асноўнай тэмай гэтага дня інфармавання стала харчовая бяспека Рэспублікі Беларусь ва ўмовах эканамічных санкцый. Замежныя эксперты прагназуюць харчовы крызіс у Еўропе з-за наступстваў санкцыйнай палітыкі Захаду адносна Расіі і Беларусі: скарачэнне паставак угнаенняў, сыравіны для іх вытворчасці, а таксама збожжа, якое выкарыстоўваецца для кармлення жывёл.

Як адзначыў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, “у Беларусі ігнараваць праблему харчовай бяспекі немагчыма, трэба быць гатовымі да выклікаў звонку”. У той жа час сітуацыя на сусветным рынку – шанец для беларускай сельскай гаспадаркі. Варта адзначыць, што аграрным сектарам ствараецца каля 7% валавога ўнутранага прадукта. Вытворчасць харчовых прадуктаў фарміруе яшчэ 5 % ВУП.

Беларусь лідзіруе ў Еўразійскім эканамічным саюзе па вытворчасці на душу насельніцтва мяса і малака, забяспечыла патрэбы ўнутранага рынку ў бульбе і плодаагародніннай прадукцыі. Вя-дзецца работа па павелічэнні вытворчасці алею расліннай айчыннай вытворчасці.

Таму, як зазначыў на сустрэчы з работнікамі раённай ветстанцыі старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан, рэакцыя на санкцыі ўсіх працоўных калектываў павінна быць адназначнай – старанная праца, высокае пачуццё адказнасці, эфектыўны пошук новых шляхоў развіцця беларускай эканомікі. Моцная дзяржава, эканоміка і чалавечыя рэсурсы нам дазваляюць гэта зрабіць – дастаткова толькі добра працаваць.

Таксама ў час сустрэч абмеркавалі праблему, якая, на жаль, не страчвае актуальнасці. Размова ідзе пра абарону дзяцей ад жорсткага абыходжання і насілля. Спецыялісты райвыканкама і аддзела адукацыі звярнулі ўвагу, што вельмі важна расказваць дзецям пра іх права на асабістую недатыкальнасць, на абарону сябе ад фізічных замахаў любымі сродкамі. Трэба навучыць дзіця адрозніваць павагу да дарослых ад безумоўнага падпарадкавання ўсім старэйшым. Дзеці маюць права і павінны сказаць “не” любому, хто мае намер прычыніць ім шкоду ў любой форме.

Дарэчы, размова ў працоўных калектывах не абмежавалася заяўленымі тэмамі. Напрыклад, медыцынскія работнікі заклікалі ўсіх прысутных на сустрэчы ў сезон сырой восені паклапаціцца пра сваё здароўе. Кастрычнік і лістапад – самы час вакцынавацца ад сезоннага грыпу і каранавіруснай інфекцыі. І той і іншай вакцыны ў нашым раёне дастаткова. Прышчапіцца можа любы жадаючы, гэта бясплатна, – нагадалі спецыялісты.

Сярод узнятых на сустрэчах пытанняў, – рамонт дарог, навядзенне парадку ў населеных пунктах, добраўпарадкаванне могілак і выдаленне старых дрэў у месцах пахаванняў, транспартнае абслугоўванне. Гучалі таксама пытанні па закрыцці міні-палігонаў і вывазу буйнагабарытнага смецця. На некаторыя з іх былі дадзены адказы адразу, а іншыя звароты былі ўзяты на кантроль.

Галіна КАЗАК.

Фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о