У кастрычніку 1922 года ў горадзе Гомелі на базе раней існуючай хімікабактэрыялагічнай лабараторыі губздраўаддзела створана першая не толькі ў Беларусі, але і ў СССР санітарнаэпідэміялагічная станцыя.

Мабыць, не кожная структура нашай краіны можа пахваліцца такой сур’ёзнай лічбай. За стагоддзе санітарна-эпідэміялагічная служба прайшла нялёгкі шлях станаўлення ад першасных элементаў грамадскай прафілактыкі да вядучай галіны прафілактычнай аховы здароўя.

 

Як адзначыў галоўны санітарны ўрач раёна Сяргей Талецкі, за гэтыя гады ў сістэме змянілася шмат, але галоўнае засталося нязменным: вызначальную ролю ў ёй заўсёды адыгрывалі людзі.

– Высокапрафесійныя, працавітыя і самаахвярныя. Каштоўнасць медыцынскага работніка, асабліва цяпер, неаспрэчная, – канстатаваў Сяргей Яўгенавіч. – Хачу данесці ў чарговы раз да нашага насельніцтва, што папярэдзіць хваробы лягчэй, чым лячыць. Прафілактычная медыцына – гэта нават не будучыня, а наша сучаснасць!

Спецыяліст таксама адзначыў, што ў Петрыкаўскім раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі працуюць сапраўдныя прафесіяналы, шмат гадоў аддаўшыя службе.

Перадача ведаў і досведу ад прафесіяналаў маладому пакаленню, пераемнасць у працы – вось асноўны поспех у дасягненні пастаўленых мэт і задач. Пра гэта сёння ў нашым артыкуле.Санітарна-эпідэміялагічнай службе – 100 гадоў!

Шмат гадоў у санітарна-эпідэміялагічнай службе раёна працуе Тамара Буглак (на фота).

– Родам я з Калінкавіцкага раёна, – распавяла Тамара Міхайлаўна. – Скончыла Ленінградскі санітарна-гігіенічны медыцынскі інстытут. Па размеркаванні накіравалі ў Бранскую вобласць, але мяне заўсёды цягнула дадому, і я вярнулася ў Беларусь. У Петрыкаўскую санэпідстанцыю прыйшла ў 1979 годзе. Мне прапанавалі самой абраць накірунак: гігіену, эпідэміялогію ці працу ў лабараторыі. Дапамог вызначыцца галоўны ўрач Мікалай Ермаліцкі, ён параіў пайсці ў аддзел эпідэміялогіі, за што яму ўдзячна дагэтуль. Дарэчы, Мікалай Канстанцінавіч узначальваў установу з 1970 па 1997 год. Затым у 1995 годзе перайшла працаваць у раённую бальніцу загадчыкам аддзялення пералівання крыві і па сумяшчальніцтве з’яўлялася ўрачом-эпідэміёлагам. У 1997 годзе вярнулася ў Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі на пасаду галоўнага ўрача, узначальвала ўстанову да 2013 года. Але засталася верная прафесіі і сёння. Працягваю працаваць урачом-эпідэміёлагам.

Таксама прыемна, калі прыходзіць на працу новае пакаленне, якое радуе адказным стаўленнем да сваёй працы, апантанасцю і дысцыплінай.Санітарна-эпідэміялагічнай службе – 100 гадоў!

Другі год ва ўстанове працуе малады спецыяліст Яўген Старацітараў (на фота).

Малады чалавек нарадзіўся ў гарадскім пасёлку Церахоўка, Добрушскага раёна. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў на медыка-прафілактычны факультэт УА “Гомельскі дзяржаўны медыцынскі каледж”. Пасля каледжа трапіў на адпрацоўку ў ДУ “Добрушскі раённы ЦГЭ”, дзе працаваў памочнікам урача-гігіеніста. Але на гэтым малады чалавек не спыніўся. Вырашыў павышаць прафесійны ўзровень і паступіў на медыка-прафілактычны факультэт Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

– Праца была не новай, бо ў час вучобы дапамагаў у барацьбе з эпідэміяй цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі горада Мінска. Вядома, час быў не з лёгкіх. Менавіта тады міністр аховы здароўя сказаў: “Калі прыйшла пандэмія, мы зразумелі, што моцныя тым, што ў нас ёсць служба гігіены і эпідэміялогіі. Галоўным стала грамадская ахова здароўя!”.

На пытанне, чаму наш герой абраў медыцынскі шлях, упэўнена адказаў: гэта была мара з дзяцінства!

– Дакладна назваць момант, які нейкім чынам паўплываў на выбар прафесіі, не можам. Як быццам ведалі, кім станем у будучыні з самага нараджэння, – кажуць усе суразмоўцы.

Галоўны ўрач дадаў: “Мы таксама ганарымся тым, што з 2014 года Рэспубліка Беларусь штогод пацвярджае статус краіны, свабоднай ад эндэмічных адзёраў і краснухі. Штогод забяспечваецца не менш як 40 працэнтаў ахопу насельніцтва прафілактычнымі прышчэпкамі супраць грыпу, больш як 80 працэнтаў гэтага мерапрыемства фінансуецца за кошт сродкаў дзяржавы.”

На пытанне, які накірунак у працы зараз з’яўляецца асноўным, галоўны санітарны ўрач адказаў:

– Была і ёсць вакцынацыя насельніцтва супраць інфекцыі COVID-19. Цяпер асноўны ўпор ідзе на бустэрную вакцынацыю насельніцтва.

У канцы гутаркі Сяргей Яўгенавіч Талецкі ў гонар свята пажадаў калегам і ветэранам санітарна-эпідэміялагічнай службы здароўя, поспехаў у працы, годнай заработнай платы, а насельніцтву нашага раёна – больш сур’ёзна ставіцца да свайго здароўя!

Наталля ПЕТРУШЭНКА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о