У суботу, 22 кастрычніка, актавая зала першай гарадской школы поўнілася юнымі знаўцамі роднага краю, што сабраліся высветліць: каманда якой установы адукацыі будзе самай кемлівай у раённым краязнаўчым конкурсе-алімпіядзе, прысвечаным Году гістарычнай памяці.

У інтэлектуальным спаборніцтве прынялі ўдзел каманды краязнаўцаў з 12 сярэдніх школ раёна, гімназіі горада Петрыкава і Макарыцкай базавай школы. Рабяты правяралі свае веды ў трох этапах алімпіяды.
У гістарычным этапе падлеткам прапанавалася адказаць на пытанні, што тычыліся перыяду Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі і сумна вядомым старонкам гісторыі генацыду беларускага народу ў час ваеннага ліхалецця. Школьнікі суадносілі назвы і апісанні карных аперацый, пазнавалі мемарыяльныя комплексы па фота, давалі характарыстыкі паняццям. Па выніках гістарычнага этапу трэцяе месца дасталося навучэнцам з Камаровічаў, другі вынік паказалі гімназісты, а першымі былі вучні Курыціцкай сярэдняй школы.

Вучні Курыціцкай сярэдняй школы перамаглі ў раённым краязнаўчым конкурсе-алімпіядзе
Вучні Курыціцкай сярэдняй школы перамаглі ў раённым конкурсе-алімпіядзе з даволі вялікім адрывам

У фальклорна-этнаграфічным этапе юнакі і дзяўчаты ўзгадвалі абраднасць продкаў, тлумачылі сутнасць і суадносілі атрыбутыку са святамі народнага календара і дэманстравалі веды побытавай культуры беларускага сялянства. Тут, як і ў першым этапе, роўных не было навучэнцам з Курыцічаў, другое месца засталося за краязнаўцамі з Мышанкі, а трэцімі ў гэты раз сталі выхаванцы Навасёлкаўскай сярэдняй школы.
Бадай самым складаным для алімпіяднікаў стаў літаратурны этап. Вучні адгадвалі паэтаў па ўрыўку верша, узгадвалі гады першай публікацыі твораў беларускай літаратуры, пазнавалі пісьменнікаў па вехах іх біяграфій і, нават, расшыфроўвалі псеўданім беларускай паэткі Зоські Верас. Трэці вынік сярод знаўцаў літаратурнай спадчыны паказалі вучні з Мышанскай сярэдняй школы, другое месца ў школьнікаў з Бабуніч, а першымі былі аматары беларускай літаратуры з Пціцкай сярэдняй школы.
У агульным заліку трэцяе месца дасталося вучням з Навасёлкаўскай школы, дыплом другой ступені адправіўся ў Пціцкую школу, а перамогу святкавалі вучні Курыціцкай школы.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о