У суботу, 5 сакавіка, спартыўная зала ДЮСШ горада Петракава прымала раённы валейбольны турнір сярод жаночых каманд, прысвечаны Міжнароднаму жаночаму дню.

Самыя прыгожыя, самыя спартыўныя

На спаборніцтвы заявілася 8 дружын, якія былі падзеленыя на дзве групы. У першай групе апынуліся калектывы петрыкаўскага яслей-сада № 5, зборная ДЮСШ раёна, выпускніц дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы 2006 года, і Капцэвіцкай сярэдняй школы. У другой групе спаборнічалі каманды першай і другой гарадскіх школ, гімназіі і Смятаніцкай сярэдняй школы.
Ход турніра вызначала кругавая сістэма і ўрэшце былі вызначаныя мацнейшыя каманды: дружыны, заняўшыя другія месцы ў групах спаборнічалі за 3-4-е месцы турніру, а лідары сышліся ў барацьбе за чэмпіёнства.
На трэцюю прыступку п’едэсталу прэтэндавалі дзяўчыны з гімназіі і зборнай ДЮШС. У выніку, апошнія аказаліся мацнейшымі.
У фінальным валейбольным паядынку сышліся выпускніцы ДЮСШ і прадстаўніцы першай гарадской школы. Першыя мелі куды болей вопыту, але часцяком памыляліся, што дазволіла спартсменкам з першай школы перамагчы ў адной з партый, але на агульным выніку гэта не адбілася – чэмпіёнскі кубак дастаўся выпускніцам ДЮСШ 2006 года.
Лепшымі валейбалісткамі турніру былі прызнаныя Наталля Ястрэмкая з каманды выпускніц, Надзея Палтаран з СШ № 1, Ангеліна Польская са зборнай ДЮСШ.
Уручаючы ўзнагароды, намеснік старшыні райвыканкама Святлана Сянько павіншавала ўдзельніц з надыходзячым святам і адзначыла, што спартсменкі сваім прыкладам даказваюць, што жанчыны могуць дасягаць высокіх вынікаў ва ўсіх галінах грамадскага жыцця, захоўваючы пры гэтым цеплыню ў сваіх сем’ях і адорваючы пяшчотай родных і блізкіх: “Вы самыя прыгожыя і самыя спартыўныя, вы – наш гонар”.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о