Суботняй раніцай усіх гараджан клікала Масленіца. Усіх, хто завітаў на свята, чакаў кірмаш, арганізаваны ўстановамі адукацыі раёна, дзе можна было пачаставаць бліны і іншыя стравы, а таксама набыць сувенірную прадукцыю на любы густ: ад традыцыйных славянскіх цацак да вязаных шкарпэтак і тапачак.

Гукалі Масленіцу, сустракалі вясну

Культурную праграму распачалі Чалюшчавіцкія артысткі, творчую эстафету ад якіх перанялі работнікі раённага Дома культуры. Апошнія прапанавалі тэатралізаваную рэпрызу па матывах вядомых сучасных мультыплікацыйных фільмаў пра трох волатаў, дзе Алёшы Паповічу выпала на гэты раз вызваляць вясну, якую нахабна скраў Салавей Разбойнік.
Зразумела, герою трэба было прайсці шэраг выпрабаванняў, у якіх яму дапамагалі гледачы сваім актыўным удзелам у конкурсах. Дзятва з радасцю спаборнічала ў паяданні бліноў, выходзіла на імправізаванае бярвенне, каб памерацца спрытам у паядынку на падушках. Дарослыя пілавалі бярвенні на хуткасць, а кожны жадаючы дэманстраваў Салаўю Разбойніку сваё ўменне гучна свістаць і моц у перацягванні каната. Станоўча, што масленічныя забавы прапанавалі рабятам спаборнічаць поруч з дарослымі і, нават, выходзіць пераможцамі, атрымліваючы прызы.
Кульмінацыяй свята стала лазанне на стоўб, які, па словах хлопцаў, быў у гэты раз надзвычай гладкім. Але самыя гучныя эмоцыі выклікала спальванне сімвала зімы. Пудзіла масленічнай бабы занялося агнём хутка, дорачы ўсім прысутным цеплыню полымя, як вобраз будучага вясновага пацяплення.
Усе гледачы знайшлі сабе забаву – нехта ласаваўся святочнымі прысмакамі, іншыя актыўна ўдзельнічалі ў конкурсах, а астатнія шчыра падтрымлівалі ўсіх, хто вырашыў паспрабаваць свае сілы. Не дзіўна, што кожны з прысутных атрымаў у гэты дзень самае галоўнае – пазітыўны вясновы настрой.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о