Карэспандэнт раёнкі пабываў на рэспубліканскім семінары для кіраўнікоў арганізацыйных структур Беларускага Чырвонага Крыжа, які праходзіў у аграгарадку Ляскавічы 2 і 3 сакавіка.
На круглым стале, дзе прынялі ўдзел дэлегацыі рэгіёнаў і сталіцы Беларусі, вопытам дзялілася кіраўнік Гомельскай абласной арганізацыі Ала Смаляк. Жанчына распавяла пра сэрвісы Чырвонага Крыжа, што працуюць на тэрыторыі Гомельшчыны, у прыватнасці – у абласным цэнтры.

Чырвоны Крыж – сімвал разумення і дапамогі
Вучні гімназіі сустракаюць дэлегацыю

Ала Віктараўна пачала з добра вядомых і дзейсных сэрвісаў, такіх як кантэйнеры і паліцы дабра. Цікава было паслухаць пра арганізацыю творчых майстэрняў, а таксама фітнэс-цэнтра для лю-дзей сталага ўзросту. Але асаблівыя станоўчыя ўражанні выклікаў аповед пра сацыяльнае рэпетытарства, якое, па сутнасці, дапамагае ў больш глыбокім засваенні вучэбнага матэрыялу дзецям з сямей, якія не могуць дазволіць сабе аплату рэпетытара. “Не сакрэт, што існуюць сем’і, чый матэрыяльны дабрабыт пакідае жадаць лепшага. Прычыны тут могуць быць розныя, але ўрэшце гэта шкодзіць дзіцяці, якое аказваецца пры паступленні слаба канкурэнтназдольным, бо іншыя абітурыенты маюць больш трывалыя веды, атрыманыя з рэпетытарам. Каб выправіць такую сітуацыю, на дапамогу дзеткам прыходзяць настаўнікі-валанцёры Чырвонага Крыжа, што займаюцца са школьнікамі бясплатна. У такім выпадку, адзінае, што патрабуецца ад падлеткаў – мэтанакіраванасць і ўпартасць”, – адзначыла Ала Смаляк.
Мы не задумваемся, як быць чалавеку, што стаў інвалідам ці часова страціў працаздольнасць, калі адпаведныя дакументы знаходзяцца на стадыі афармлення. Згадзіцеся, людзі пачынаюць прызвычайвацца да жыцця з абмежаванымі магчымасцямі, шмат грошай трацяць на лекі, а ім патрэбна яшчэ знайсці і набыць не танны інвалідны вазок ці іншую прыладу, што дапамагае рухацца. Тут на дапамогу прыходзяць пункты пракату сродкаў рэабілітацыі, дзе кожны, маючы патрэбу чалавек, можа па пашпарце і даведцы ад урача атрымаць неабходныя рэабілітацыйныя рэчы. Прыемна, што нават такія нюансы прадугледжаны ў практыцы Чырвонага Крыжа.
Асаблівую зацікаўленасць прысутных выклікаў аповед пра крызісны цэнтр для сацыялізацыі, што дапамагае, у літаральным сэнсе, знайсці сябе і не згубіцца ў соцыуме людзям, якія знаходзяцца ў цяжкім становішчы.
“У наш крызісны цэнтр трапляюць, напрыклад, людзі без месца жыхарства. Сэнс работы заключаецца не толькі ў тым, каб даць ім прытулак на пэўны час, бо сама па сабе такая дапамога не дае вялікага плёну. За тэрмін знаходжання ў цэнтры (а гэта каля месяца, часам здараецца і значна болей), мы дапамагаем людзям аднавіць дакументы, знайсці родных, адшукаць прапановы з месцаў працаўладкавання. Такім чынам, чалавек, маючы дах над галавою і харчаванне, становіцца паўнавартасным членам грамадства.

Чырвоны Крыж – сімвал разумення і дапамогі
Пра работу “пярвічкі” гімназіі распавяла Людміла Хільман

Здараецца канешне, што некаторыя людзі страчваюць матывацыю, наўмысна прыпыняюць стасункі з цэнтрам і прызвычайваюцца да звыклага ладу жыцця. Гэта сумна, але такі ўжо ў іх выбар”, – адзначыла спецыяліст.
Перад прысутнымі выступіла старшыня Петрыкаўскай райарганізацыі БТЧК Людміла Петухова. Пра вынікі работы мясцовай структуры і яе валанцёраў мы падрабязна расказвалі ў нумары 18 ад 2 сакавіка. Але асаблівую ўвагу прысутныя звярнулі на наступную акалічнасць вопыту Людмілы Фёдараўны: працуючы яшчэ настаў-нікам, жанчына добра ведала і засталася ў цёплых зносінах з будучымі кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый і грамадзянамі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Як следства: былыя вучні заўсёды з адкрытым сэрцам ідуць насустрач Чырвонаму Крыжу, дапамагаюць спраўляцца з цяжкасцямі.
Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Сянько паведаміла ўдзельнікам круглага стала пра ўзаемадзеянні з райарганізацыяй. “Наша агульная плённая праца не мае сакрэтаў: на мой погляд, трэба наладзіць узаемаадносіны і разам вырашаць нашыя агульныя задачы. Так, зыходзячы з прынцыпаў узаемадапамогі, у нас не ўзнікае непаразуменняў і мясцовая структура Чырвонага Крыжа мае тэрміновыя і якасныя вынікі працы, за якімі – дапамога і дабрабыт жыцця сотняў лю-дзей”, – адзначыла Святлана Уладзіміраўна.
Дэлегацыя завітала ў гімназію горада Петрыкава, дзе азнаёмілася з арганізацыяй работы “пярвічкі”, яе валанцёрскім рухам, дабрачыннымі мерапрыемствамі. Школьнікі ў сваю чаргу выступілі з канцэртнай праграмай, а на выха-дзе з залы членаў дэлегацыі чакаў сапраўдны дзіцячы кірмаш.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о