Развіццё камфортнага адпачынку з нацыянальным каларытам

0
479

Развіццё камфортнага адпачынку  з нацыянальным каларытам

Днямі на базе аграсядзібы “River club” у вёсцы Навасёлкі прайшла дыялогавая пляцоўка “Аб развіцці агра-экатурызму на тэрыторыі Петрыкаўскага раёна”. На мерапрыемства былі запрошаны гаспадары аграсядзіб, каб азнаёміцца з новаўвядзеннямі заканадаўству ў галіне аграэкатурызм і даведацца пра патрабаванні з боку кантралюючых службаў.

Выконваючая абавязкі загадчыка, старшы інспектар сектара спорту і турызму райвыканкама Алена Буракевіч пазнаёміла прысутных з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 351 ад 4 кастрычніка 2022 года. Дакумент накіраваны на ўдасканаленне рэгулявання дзейнасці ў галіне агра-экатурызму, павышэнне якасці прапануемых паслуг, абарону правоў жыхароў, што жывуць па суседстве з аб’ектамі турызму. Асобны істотны накірунак – выключэнне магчымасці весці гасцінічны ці рэстаранны бізнес пад выглядам аграсядзіб.

Крыху паглыбіўшыся ў гісторыю гэтай галіны бізнеса паслуг мэтазгоднасць дакумента становіцца зразумелай. Калі аграэкатурызм толькі пачынаў развівацца ў нашай краіне, дзяржава прапанавала ініцыятыўным і зацікаўленым гаспадарам пэўныя гарантыі для бізнесу: лаяльнае падаткаабкладанне, просты і зразумелы алгарытм пачынання прыватнай справы. Ішлі гады, такі механізм апраўдаў сябе, бізнес знайшоў сваіх кліентаў і падняўся на ногі, а вясковая гасціннасць з належным сэрвісам па танным кошце стала сапраўднай візітоўкай нашай краіны – патрабаванні да адзначаных паслуг у пэўнай меры ўзмацніліся.

Добрасумленных гаспадароў сядзіб новаўвядзенні не пужаюць, за іх працай – сотні, калі не тысячы ўдзячных турыстаў, гады належна зладжаных адпачынкаў для гасцей. Але калі нехта, жадаючы прыкрыць свой неафіцыйны бізнес і пазбавіцца статусу тунеядца, адкрывае аграсядзібу на паперы, то навошта такі гаспадар?

Зараз аграсядзібы будуць ажыццяўляць сваю дзейнасць па рашэнні райвыканкама. Ніякіх асаблівых выдаткаў гэта не патрабуе. Калі казаць проста: па заяве “Адно акно” збірае неабходны пакет дакументаў, а па гатоўнасці гаспадара аб’ект наведваюць кантралюючыя органы, па ўзгадненні з якімі і выносіцца адпаведнае рашэнне мясцовай улады.

Што тычыцца падаткаабкладання, то намеснік начальніка інспекцыі — начальнік упраўлення па рабоце з плацельшчыкамі па Петрыкаўскім раёне Марына Асташова адзначыла, што істотных змен у падатковым заканадаўстве да аграэкабізнесу няма.
Начальнік РАУС Мікалай Карабец адзначыў: “Па лініі Міністэрства надзвычайных сітуацый асаблівых патрабаванняў да аграсядзіб не існуе і яны падпадаюць пад патрабаванні да звычайных жылых будынкаў з невялікімі ўдакладненнямі. Разам з тым трэба разумець, што пэўныя меры для забеспячэння агульнай бяспекі ажыццяўляць патрэбна. Па-першае, варта распрацаваць памятку, дзе б утрымліваліся і правілы пражывання, і правілы тэхнікі бяспекі, і супрацьпажарныя патрабаванні. Выдаць такую памятку пад роспіс не складана, але гэтым вы чарговы раз нагадаеце гасцям пра парадак і бяспеку, і, пэўным чынам, засцеражэце сябе ад наступстваў.
Па-другое, мы настойліва прапануем усталёўваць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі і размяшчаць агнетушыцелі ў месцах пражывання пастаяльцаў. Гэта не патрабуе багата выдаткаў, але такія рэчы могуць захаваць вашу маёмасць, здароўе і нават жыццё людзей у выпадку надзвычайнай сітуацыі”, – адзначыў выратавальнік.

Галоўны санітарны ўрач раёна Сяргей Талецкі пазначыў: “Патрабаванні да аграэкасядзіб у галіне санітарна-эпідэміялагічнага парадку рэгулююцца пастанаўленнем міністэрства аховы здароўя № 116 ад 8 снежня 2022 года. Дакумент гэта не вялікі, але змястоўны, таму прапаную ўсім яго дэталёва вывучыць. Зараз у сядзібах патрэбна будзе мець універсальную аптэчку першай дапамогі, спальныя месцы павінны быць забяспечаны спальнай бялізнай і прыналежнасцямі, жылыя пакоі – натуральным і штучным асвятленнем. Асаблівую ўвагу варта звярнуць на пытанні забеспячэння харчавання, якім адведзены ў пастанаўленні асобны раздзел”, – адзначыў Сяргей Яўгеньевіч.

Акрамя гэтага былі абмеркаваны пытанні накірунку паслуг, якія абавязкова павінны прапанаваць сядзібы, як то азнаямленне з адметнымі месцамі, гісторыяй і прыродай краю.
Будзем спадзявацца, што абноўленае заканадаўства паспрыяе павышэнню якасці і прывабнасці мясцовага аграэкабізнесу.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о