Дыялог на актуальныя тэмы

0
614

Сустрэчы прадстаўнікоў улады з насельніцтвам, безумоўна, прыносяць карысць як ініцыятарам мерапрыемства, так і жыхарам населеных пунктаў. У вертыкалі ўлады з’яўляецца магчымасць адчуць жыццё, настрой людзей на месцах, даць неабходную інфармацыю, а для людзей – данесці праблемы пэўнай мясцовасці, заручыцца дапамогай і падтрымкай.

Лучыцкі сельскі Савет – адзін з самых аддаленых ад райцэнтра. Можа, таму на сустрэчу са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Сяргеем Макарэвічам, кіраўніцтвам некаторых арганізацый, спецыялістамі розных сфер прыйшло нямала вяскоўцаў. Пачуць прадстаўнікоў раённых службаў, агучыць набалелае адказным асобам не наведваючы райцэнтр – магчымасць, якую не ўпусцілі жыхары Лучыц.

У першай палове сустрэчы, свайго роду справаздачу перад прысутнымі трымалі прадстаўнікі мясцовых устаноў адукацыі і аховы здароўя. Тэмы дыспансерызацыі дарослага і дзіцячага насельніцтва, адказнасці законных прадстаўнікоў непаўналетніх за выхаванне дзяцей былі актуальнымі для прысутных. Трэба адзначыць, што старшыня Савета дэпутатаў узяў на сябе ролю каардынатара дыялогу: кожнаму дакладчыку задаваліся пытанні, адказ на якія адлюстроўваў дзейнасць сферы ў канкрэтным населеным пункце. Меры па выяўленні захворванняў на ранніх стадыях, медыцынская дапамога жыхарам аддаленых вёсак, работа школы з праблемнымі сем’ямі, стан пячнога ацяплення і электраправодкі ў дамах – пытанні, на якія дадаткова мелі слова выступаючыя. Асаблівая ўвага прадстаўніка ўлады – вёсцы Хвойня, жыхары якой з-за паводкі не маюць магчымасці па звычайным для іх, кароткім маршруце, мець сувязь з райцэнтрам і суседнімі Лучыцамі. Патрабаванне Сяргея Аляксандравіча да адказных асоб: медыцынская дапамога, гандлёвае абслугоўванне для жыхароў падтопленай тэрыторыі павінны быць арганізаваны ў поўным аб’ёме.

Дыялог на актуальныя тэмы

Другая палова сустрэчы была пабудавана па прынцыпе: пытанне, агучванне праблемы – адказ, спосабы і тэрміны вырашэння. Сказаць шчыра, радаваў той факт, што людзі не абыякавыя да жыцця вёскі і прыйшлі на сход, каб абмеркаваць надзённыя пытанні. З галоўных – адкрыццё дзяржаўнай крамы ў Лучыцах, дзе пражывае каля 300 жыхароў. У населеным пункце ёсць камерцыйны гандлёвы аб’ект, але жыхары хочуць мець права выбару пры набыцці тавараў. Узнімалася пытанне якасці дарог на дзвюх вуліцах. Адказы трымалі намеснік дырэктара Петрыкаўскага філіяла спажывецкага таварыства і дырэктар ДРБУ-112. Прыняты рашэнні, агучаны тэрміны.

Карыснай для вяскоўцаў была інфармацыя начальніка аддзела па назначэнню і выплаце пенсій упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Петрыкаўскага райвыканкама Людмілы Дамасевіч. Незразумелыя для мясцовых моманты па аплаце камунальных паслуг, вывазу смецця, водаабслугоўвання тлумачылі майстар Капаткевіцкага ўчастка райжылкамгаса і спецыяліст разлікова-даведачнага цэнтра Петрыкаўскага райжылкамгаса.

– Прыняць удзел у канкрэтнай жыццёвай сітуацыі чалавека, дапамагчы, падтрымаць – задача мясцовай і раённай вертыкалі ўлады. І менавіта такія сустрэчы адкрытыя і шчырыя – даюць магчымасць весці дыялог з землякамі, – адзначыў напрыканцы сустрэчы Сяргей Аляксандравіч.

Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о