Калі распавядаеш пра адметныя месцы нашага краю, воляй-няволяй уяўляеш каментарыі некаторых чытачоў: “Ну што ж тут можна напісаць новага? Пра ўсё ведаем, усё бачылі”. Але сёння мы прапануем вашай увазе месцы, якія засталіся ў ценю іншых турыстычных аб’ектаў.

Пра бровар, што стаіць на маляўнічым беразе ракі Пціч у вёсцы Лучыцы, чулі, здаецца, не ўсе, яшчэ менш землякоў бачылі гэты аб’ект на ўласныя вочы.

У другой палове ХІХ стагоддзя Лучыцы былі цэнтрам воласці. Землі тут належалі спачатку памешчыкам Шахавым, потым Вільсанам. Тут былі адкрытыя школа, установа аховы здароўя, хлебанарыхтоўчая крама, лаўка, працавалі млын, карчма, вінакурня, пэўны час дзейнічала прыстань і паромная пераправа на патрэбы лесанарыхтовак. У пачатку мінулага стагоддзя, верагодна, маючы істотныя лішкі зерня, пры непасрэдным удзеле памешчыкаў Кіневічаў, тут быў пабудаваны новы бровар, падмурак са сценамі якога і зараз можна пабачыць.

Адметныя месцы Петрыкаўшчыны,  якія варта наведаць
Рэшткі бровара ў Лучыцах

Гаворачы моваю турыстычных даведнікаў, чалавеку, не спакушанаму краязнаўчымі вандроўкамі, наўмысна ехаць сюды мы б не параілі. Але, калі ваш маршрут пралягае па навакольных мясцінах, а ў запасе ёсць крыху часу – зрабіць прыпынак на беразе ракі Пціч у Лучыцах будзе не толькі прыемна, але і пазнавальна, тым больш, што гэта малая радзіма мясцовага казачніка Івана Азёмшы.
Калі рухацца ад райцэнтра ў заходнім напрамку, экскурсію па Петрыкаўшчыне неспазнанай варта пачынаць яшчэ з горада. Так, напрыклад, у тым месцы, дзе зараз знаходзяцца магутнасці былога малочнага завода і хлебазавод, знаходзіўся фальварак Крутуха, дзе па дадзеных 1909 года было паўтара дзясятка чалавек.

Адметныя месцы Петрыкаўшчыны,  якія варта наведаць
Петрыкаў і ваколіцы на картах-вярстоўках канца ХІХ стагоддзя

Праваруч, не даязджаючы вёскі Ільіч, відаць на ўскрайку лесу маленечкую вёсачку Слянзакі. Заснавалі яе чэхі і палякі з Сілезіі – адсюль і такая назва. А з’явіліся гэтыя людзі па запрашэнні мясцовага пана Кіневіча не пазней ХІХ стагоддзя.

Тут жа, з левага боку дарогі мы бачым парк Шклярэўскага – самы бліжні да Петрыкава помнік прыроды, што быў высаджаны на грошы ад Дзяржаўнай прэміі пісьменніка Ігара Шклярэўскага, які вельмі глыбока ўспрыняў Чарнобыльскую трагедыю.

Адметныя месцы Петрыкаўшчыны,  якія варта наведаць
Самы бліжні да Петрыкава помнік прыроды — парк Шклярэўскага

Чалавеку простаму будзе здавацца, што гэты масіў нічым не адрозніваецца ад іншых, але тут растуць рэдкія віды дрэў і парк уключаны ў лік 38 “Батанічных калекцый Беларусі” цэнтральнага батанічнага сада Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Рухаемся далей і робім прыпынак у цэнтры вёскі Галубіца. Дарэчы на ўездзе ў вёску яшчэ ў 20-30-я гады мінулага стагоддзя мінакоў сустракаў велічны ветраны млын. Магчыма, нехта чуў, што на мясцовых могілках знаходзяцца старажытныя надмагільныя камяні, адзін з гэтых помнікаў быў створаны напрыканцы XVI стагоддзя.

Адметныя месцы Петрыкаўшчыны,  якія варта наведаць
Надмагільны камень у Галубіцы

На камяні выбітыя словы: “Року 1595 месяца іюля 13 дня помяни г. и Андрэя Каліны […]”. Поруч знаходзіцца меншы камень з выбітым на яго паверхні крыжом. Цікава, што датаваны надмагільны помнік з’яўляецца першай вядомай пісьмовай крыніцай, якая ўскосна сведчыць пра з’яўленне вёскі. Нагадаю, што ў гістарычных дакументах Галубіца з’яўляецца толькі ў канцы XVIII стагоддзя.
Што да Андрэя Каліны, то даследчыкі мяркуюць, што гэта мог быць прадстаўнік княжацкага роду з літоўскіх татар ці ўдзельнік казацка-сялянскага паўстання, якое ўзначаліў Севярын Налівайка.

Калі мы накіруемся ва ўсходнім напрамку ад Петрыкава, то і тут трэба памятаць, што яшчэ стагоддзе таму горад заканчваўся ў раёне лясгасу. Старыя могілкі знаходзіліся за межамі населенага пункту. Белка была самастойнай вёскай, што пачыналася ад аўрага каля крамы “Святлана”. Дарэчы, гэты аўраг пазначаны на карце-вярстоўцы Шуберта канца ХІХ стагоддзя як ручай з аднайменнай назвай Белка.

На поўдзень ад вёскі знаходзіўся фальварак. Трэба заўважыць, што такіх гаспадарчых маёнткаў і панскіх двароў тут было нямала: каля Навасёлак, Слінкоў і цэлых тры – каля Конкавічаў. Дарэчы, напрамкі праехаць ад Ацірак да Міцураў раней вам бы не ўдалося: на картах Чырвонай Арміі 30-х гадоў дарога скіроўвае на поўнач да былога пасёлку Чырвоная Ніва і Слінкоў, дзе рака Бобрык не так пятляе.

Вось такая вандроўка атрымалася. Невядомага і цікавага навокал – безліч, трэба толькі выйсці на ваколіцу, карыстаючыся цёплымі днямі – сапраўдным падарункам сёлетняга надвор’я.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о