Залогам дэмакратычнага развіцця грамадства і прававой дзяржавы з’яўляецца наяўнасць незалежных асоб, якія ажыццяўляюць кваліфікацыйную юрыдычную дапамогу. Такую функцыю нясе адвакатура. Карыстацца дапамогай адвакатаў для абароны правоў і свабоды мае права кожны жыхар краіны. Сёння пра ролю адваката ў сучасным грамадстве пагаворым з адвакатам юрыдычнай кансультацыі Петрыкаўскага раёна Канстанцінам Таргонскім.

Растлумачыць, дапамагчы, падтрымаць

– Канстанцін Іванавіч, з якімі пытаннямі жыхары Петрыкаўшчыны могуць звярнуцца ў юрыдычную канстультацыю?
– Пры неабходнасці мы складаем заявы, скаргі і іншыя дакументы прававога характару. Адвакаты прадстаўляюць інтарэсы кліентаў у судах, у тым ліку на стадыі выканання судовых пастаноў, удзельнічаюць у адміністрацыйных працэсах у якасці абаронцы, а таксама прадстаўніка пацярпелых, грамадзянскіх пазоўнікаў і адказнікаў. У кампетэнцыю адваката ўваходзіць правядзенне прававой ацэнкі дакументаў і дзейнасці, вядзенне прававой работы па забяспячэнні гаспадарчай дзейнасці. Калі больш шырока падыходзіць да пытання – то спіс можна пашырыць.
– З якімі праблемамі звяртаюцца жыхары нашага горада, раёна?
– У цяперашні час адной з актуальных праблем з’яўляюцца прававыя адносіны, звязаныя з законам Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў”. У прыватнасці, на працягу апошняга часу звяртаюцца за абаронай парушанага права грамадзяне, якія заключылі дамовы на набыццё мэблі па індывідуальнай замове, выбар і ўстаноўку агарожы, выкананне будаўнічых работ. Часцяком нядобрасумленныя выканаўцы парушаюць тэрміны выканання работ, ці выкананая праца не адпавядае патрабаванням заканадаўства і тэхнічных нормаў. Пры звароце грамадзян па абароне парушаных правоў, пасля дэталёвага вывучэння ўмоў дагавора, высвятляецца наяўнасць умоў, якія істотна абмяжоўваюць правы спажыўца. Таксама ў прадстаўленых нам дагаворах часцяком паказваецца неабгрунтавана завышаны тэрмін выканання пэўных відаў работ, а не той, які абмяркоўваўся першапачаткова з кліентам.

Растлумачыць, дапамагчы, падтрымаць– Што параіце чытачам, каб пазбегнуць непрыемных момантаў?
– Раю ўважліва і скурпулёзна вывучаць умовы дамовы, што заключаецца паміж бакамі, у выпадку невыразнасці яго пэўных умоў – звярнуцца да другога боку за тлумачэннем. У выпадку ўзнікнення сумненняў у некаторых яго палажэннях або ў цэлым – перад яго падпісаннем звярнуцца за кваліфікаванай юрыдычнай дапамогай да адваката. З мэтай максімальна мінімізаваць рызыку падпісваць дамову варта, калі вам зразумелыя ўсе ўмовы дакумента.
Неабходна памятаць, што любыя канфлікты і спрэчкі павінны вырашацца ў рамках прававога поля. Больш таго, як паказвае сусветная практыка, большая частка спрэчак вырашаюцца без зваротаў у суд на стадыі перамоваў, шляхам дасягнення кансэнсусу паміж бакамі. Шмат складаных спраў, якія разглядаюцца судамі, заканчваюцца заключэннем міравога пагаднення на ўзаемавыгадных умовах для ўсіх бакоў канфлікту.
– Што з’яўляецца складаным у дзейнасці адваката?
– На мой погляд, гэта правя-дзенне поўнага аналізу сітуацыі і прыняцце рацыянальнай стратэгіі для вырашэння праблемы. Варта разумець, што менавіта ты адказны за выбраную лінію, а таму яе аналіз праходзіць бесперапынна ў галаве і пры неабходнасці карэкціруецца і ўзгадняецца з кліентам. Вельмі важна давесці да кліента зразумелай мовай усе аспекты сітуацыі, а яе рашэнне выкласці ў прававым полі.
– Жахары горада і раёна маюць магчымасць не выязджаючы з нашай мясцовасці атрымаць дапамогу адваката?
– Так. Па ўсіх прававых пытаннях можна звяртацца ў юрыдычную кансультацыю па адрасе: горад Петрыкаў, вуліца Базарная, дом 2. У нас працуюць адвакаты, якія гатовы аказаць неабходную дапамогу кліенту.

Святлана Собалева,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о