Аб’яднаныя прыродай

Напярэдадні прафесійнага свята службы аховы лесу мы сустрэліся з маладымі людзьмі, для якіх любоў да прыроды не толькі абумовіла выбар будучай прафесіі, але і прадвызначыла лёс, бо менавіта дзякуючы вучобе ў адным ВНУ, хлопец і дзяўчына з розных куткоў Беларусі сустрэліся, закахаліся і стварылі сям’ю.

СЁННЯ – ДЗЕНЬ РАБОТНІКАЎ Лясной гаспадаркіАнастасія і Антон Волкавы працуюць у Петрыкаўскім лясгасе. Анастасія, ураджэнка горада Васілевічы, з усмешкай распавядае, што ў 9 класе псіхолаг вызначаў, якія прафесіі лепш падыходзяць таму ці іншаму вучню:
– Тэсціраванне паказала, што для мяне лепей падыходзіць работа звязаная з прыродай, ці з людзьмі. Вось я і вырашыла, што асаблівую ўвагу буду звяртаць на дысцыпліны, якія давядзецца здаваць пры паступленні на лесагаспадарчую спецыяльнасць. Дарэчы, толькі праз некалькі гадоў я ўсвядоміла, што мой прафесійны накірунак быў прадвызначаны значна раней, бо і дзядзька, і цётка, і дзядуля працавалі ў лясной галіне. Атрымліваецца, мяне трэба было толькі падштурхнуць, што ўдала і зрабіў псіхолаг.
Так, паступіўшы ў Гомельскі дзяржыўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, Анастасія і спаткала Антона.
– А вось у маёй сям’і з лесам ніхто не быў звязаны. Ды і я, шчыра кажучы, да апошняга часу хістаўся ў выбары паміж лесагаспадарчай і будаўнічай спецыяльнасцямі. Урэшце паступіў на “лясную гаспадарку” ў Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж. Скончыўшы навучальную ўстанову і папрацаваўшы тры месяцы, я зразумеў, што хачу вучыцца далей. Паступаў у БГТУ на спецыяльнасць інжынера па ландшафце, але не атрымалася. Неўзабаве я даведаўся, што ў Гомельскім універсітэце недабор. Вось так я і стаў гомельскім студэнтам, – распавёў Антон.
У час навучання маладыя людзі пазнаёміліся і паміж імі ўзніклі пяшчотныя пачуцці. Пасля сканчэння ВНУ Анастасію размеркавалі ў Петрыкаўскі лясгас. Праз год да яе далучыўся, адслужыўшы ў арміі, і яе выбраннік. І вось яны ўжо два гады працуюць поруч: Насця – інжынерам па лесакарыстанні, Антон – інжынерам па абароне і ахове лесу.
– Раней я працавала на паса-дзе мужа, і калі ён прыйшоў у калектыў, па першасці дапамагала парадамі. Хутка Антон уцягнуўся. Зараз мы працуем у суседніх аддзелах. Я выпісваю квіткі на права карыстаннем участкамі лесу. Для гэтага неабходна, каб арандатары прадаставілі ўсё неабходныя дакументы, дазваляючыя распачаць лесанарыхтоўку. З пачаткам работ, арандатары пераходзяць пад увагу Антона, які кантралюе ход лесанарыхтоўчых работ ад межаў вырубкі да тэхнікі бяспекі, – патлумачыла Анастасія Міхайлаўна.
– Калі работы на ўчастку выкананыя, праверку ўжо праводзіць Насця, – з усмешкай, пяшчотна пазіраючы на жонку, адзначыў мужчына.
– Вядома, гэта не поўны спіс маіх абавязкаў. Мы кантралюем не толькі арандатараў, але і ўсіх, хто знаходзіцца на тэрыторыі падкантрольных лясгасу ўгоддзяў. Гэта і маніторынг нашых уласных работ, дзейнасці суб’ектаў гаспадарання, кантроль наведвання лясоў грамадзянамі. Вялікая ўвага надаецца прафілактычным мерапрыемствам, але, зразумела, абавязкова выпраўляемся ў рэйды, усталёўваем фотапасткі.
Усё гэта дазваляе выявіць парушальнікаў. Некаторыя з іх трапляюць у наша поле зроку ўжо не першы раз. Таму без штрафаў не абыходзіцца. Так, за апошні час было састаўлена 15 пратаколаў за наведванне грамадзянамі лясоў на аўтамабілях у пажаранебяспечны перыяд, 4 – па прычыне пакідання ў лесе смецця і 33 – па вытворчасці і выкананні правілаў лесакарыстання. Але, па вялікім рахунку, трэба адзначыць станоўчую тэндэнцыю: разуменне неабходнасці выканання сваіх абавязкаў узрастае год да года. Гэта тычыцца як суб’ектаў гаспадарання, так і радавых грамадзян, што наведваюць лес. Прычына, відаць, у плённай рабоце з насельніцтвам, – распавёў Антон Сяргеевіч.
Па словах Анастасіі Міхайлаўны, болей стала і зацікаўленых у арэндзе лясных участкаў. “Людзі сталі больш прадпрымальнымі, пачалі разумець выгоды. Да таго ж, іх справа значна разгружае працу лясгаса. Павялічаныя прыбыткі, вядома, патрабуюць больш пільнага кантролю, таму, адпаведна, значна павялічыўся дакументазварот”.
Разумеючы, што гутарка наша становіцца аднабокай, спецыялісты паспяшаліся зазначыць: “Некаторыя людзі, часам, бачаць толькі адзін бок нашай работы і наракаюць на вырубку леса. Але лесаахоўная служба карыстаецца строгім прынцыпам: рубка = пасадка і ўзнаўленне. Такім чынам лесафонд не толькі ўзбагачаецца, але і аднаўляецца. Людзі сталага ўзросту любяць адзначаць, што чалавек з кожным годам не маладзее. Тое ж тычыцца і дрэваў. Лепей своечасова арганізаваць вырубку, атрымаць якасную сыравіну і зноў засадзіць участак маладымі дрэвамі, чым дачакацца, пакуль з’явіцца вялікі і пажаранебяспечны валёжнік. Пасадкамі занятыя вялікія плошчы, у тым ліку і на тых тэрыторыях, якія раней увогуле не выкарыстоўваліся ў гаспадарчым звароце. Гэта і ўчасткі былых звалак бытавых адходаў, і пусткі”, – запэўнілі суразмоўцы.
Напрыканцы нашай размовы Антон і Анастасія пажадалі калегам здароўя, поспехаў у працы і асабістага шчасця. “Няхай вас ніколі не пакідае ўсведамленне таго, што вы, з дня ў дзень, робіце нашае навакольнае асяроддзе лепей!”.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о