Па дарозе ў вёску Івашкавічы думалася пра сустрэчу з сям’ёй, якая вырашыла для сябе, што ціхі палескі край стане надзейнай жыццёвай прыстанню і адважыліся на пераезд з Казахстана.

Знайшлі шчасце на чужой зямлі
Простае шчасце казахскай сям’і, цяперашніх жыхароў вёскі Івашкавічы

Ціхая невялікая вёсачка на тры дзясяткі хат сустракае нас прыродным беларускім каларытам, каля адной з іх нас сустракае гаспадыня Сульгія Рамазанава. Жанчына гасцінна запрашае нас у хату, прапануе паспрабаваць прыгатаванае казахскае нацыянальнае блюда. Кругом відаць рука гаспадароў: хата абсталявана па-сучаснаму, але печ засталася – гаспадыня сама пячэ хлеб і радуе прыгатаваннем нацыянальных блюдаў, на двары агароджы для жывёлы, птушкі – трапны гаспадар прадумаў мноства дробязяў. Так за кубкам гарбаты пачалося знаёмства з незвычайнай сям’ёй.
Сульгія Рафікаўна па нацыянальнасці лязгінка, яе муж Міхаіл Гальштэйн – немец. Пара пазнаёмілася і стварыла сям’ю ў Казахстане…
– Муж заўсёды марыў пра ціхае сямейнае жыццё далей ад цывілізацыі, – пачала размову жанчына.
– У сябе на Радзіме атрымалі добрую адукацыю. У Мішы дзве вышэйшыя адукацыі: медыцынская і юрыдычная, я – бухгалтар па прафесіі.
Суразмоўца ўзгадала, як муж першы раз прапанаваў пераехаць сям’ёй у Беларусь, бо чуў шмат станоўчага пра сінявокую краіну. Пачалі шукаць варыянты. Спыніліся на Гомельшчыне, бо раней пераехала туды яго маці.
Калі з’явіліся першыя размовы пра пераезд на беларускую зямлю, у сям’і было двое дзяцей – Руслан і Ізольда. Пасля нара-дзіўся Давід.
– Выбралі Петрыкаўшчыну для пераезду разам. Вёска прывабіла тым, што ёсць магчымасць трымаць агарод, завесці жывёлу і птушку. Блізка лес, рэчка. Пры неабходнасці – недалёка райцэнтр.
Муж Сульгіі пераехаў на Петрыкаўшчыну першым, каб абжыцца, падрыхтаваць усё неабходнае для сям’і.
– Старэйшы наш сын, студэнт Гомельскага каледжа, атрымлівае спецыяльнасць чыгуначніка, дачка – вучаніца Капаткевіцкай сярэдняй школы, марыць пасля 9 класа набываць прафесію педагога, меншы сын – вучань пачатковай школы.
На пытанне “ці не страшна пакідаць Радзіму і пераязджаць у другую краіну?”, жанчына адказала:
– Калі ступіла на Беларускую зямлю, адразу пачала здзіўляцца дабрыні, неабыякавасці, дабразычлівасці людзей. Жыхары вёскі аднесліся да нас як да сваіх, я хутка знайша з імі агульную мову. Дзяцей адправілі ў школу. Не было ніводнага дня, каб дзеці былі нечым незадаволеныя: ва ўстанове іх кормяць, падвозяць на заняткі і з заняткаў. Мужу прапанавалі працу ў ПМК-67, я працаўладкавалася санітаркай ДРАЦ “Пціч”.
Па прызнанні суразмоўцы, яе прыемна здзівілі працуючыя сельгаспадарчыя фермы, засеяныя палі, парадак і прыгажосць на зямлі.
Сульгія гаворыць, што адразу з’явілася жаданне працаваць, будаваць, здзяйсняць задуманае, бо адчувалася, што праца не будзе дарэмнай.
Прыемныя ўражанні выклікала ў мяне жанчына. Адчувалася, што перада мной, у першую чаргу, любімая і любячая жонка, шчаслівая маці, цудоўная гаспадыня, якая ведае кошт шчасця.
А ў хуткім часе ў шматнацыянальнай сям’і з’явіцца на свет маленькі беларус, які будзе расці ў любові і пяшчоце і вырасце годным сынам краіны, бо інакш нельга – ёсць з каго браць прыклад.

Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о