Галіна Марозька – цялятніца таварнай фермы “Турок” УП “Палессе-Аграінвест” – сапраўдная зорка нашага выдання. За поспехі ў рабоце яна неаднаразова станавілася гераіняй артыкулаў “Петрыкаўскіх навін”, а яшчэ была ўзнагароджана на злёце перадавікоў з занясеннем на Дошку гонару. Высокіх паказчыкаў жанчына дабілася дзякуючы зладжанай працы ўсяго калектыву.

Цялятніца – не прафесія, а вобраз жыцця– З калектывам, лічу, мне вельмі пашанцавала, – удакладняе суразмоўца. – Кожны ведае сваю работу, але знойдзе час і іншым дапамагчы.

Галіна Міхайлаўна, без сумненняў, чалавек працы, нарадзілася ў вёсцы Вышалаў, дзе праца ў гаспадарцы была асноўнай. Нягледзячы на дыплом повара, жыццё прысвяціла рабоце на ферме. Рэалізавала сябе жанчына і ў сямейным жыцці: выйшла замуж за аднакласніка, з якім нарадзілі чацвёра дзяцей. Адна дачка абрала прафесію заатэхніка, другая – юрыста, трэцяя паступіла на медыка, а сын працуе на ГАКу.

Шматдзетная маці і сёння трымае 20 коз. Кажа, малака і сыру хапае з ліхвой, а вось забіць казу на мяса сілы духу не хапае, бо жанчына ж іх гадуе з маленства, нібы сваіх родных дзяцей. Тое самае тычыцца і цялят, з якімі працаўніца, як кажуць, з першага ўдыху. Галіна Міхайлаўна вельмі іх песціць.

– Асабліва сэрца баліць за слабенькіх цялят. Ім патрэбна больш увагі. Прывозяць іх такімі, што адны рэбры тырчаць, а праз месяц яны ў мяне ўжо такія ладныя. Мая задача, каб кожны з падапечных быў накормлены, заўсёды напоены, а ў яго “хатцы” была чыстая подсцілка.

Зараз сярэднясутачная прывага складае 1300 грамаў на адну жывёліну. Гэта ў параўнанні з іншымі фермамі амаль што самы высокі паказчык. На пытанне, як дамаглася такіх поспехаў, працаўніца сціпла адказала:
– Магчыма, трэба любіць сваю працу.

 

Парог фермы жанчына пераступае ў 7 раніцы. Пасля абеду вяртаецца ў 17 гадзін. Яе працоўны дзень завяршаецца а 21 гадзіне. Але такі распарадак дня яе не бянтэжыць.
– Я працую не па раскладзе, а столькі, колькі спатрэбіцца.
Здзіўляе на ферме амаль што ідэальны парадак. Мужчыны недалёка косяць траву. Шчабятанне ластавак пераклікае гук бензакасілак. Няма на ферме і асаблівага паху, уласцівага такой установе.

– Усё на ферме мы робім сваімі рукамі, – працягвае цялятніца. – Работы не баімся. Жыццё сваё мы праводзім на ферме, то чаму б для сябе не навесці чысціню?
У час фатаграфавання Галіна Міхайлаўна выпусціла цяля з доміка на прабежку.
– Гэта мой самы любімы гадаванец. Прывезлі мне яго такога кволага, словамі не перадаць.
Гэтае цяля, адчуўшы волю, не магло нарадавацца свайму шчасцю. Так няўпэўнена падскокваючы, ён дабраўся да зялёнай траўкі і на ёй уладкаваўся.
– Хутка я перавяду іх на асноўную ферму, хай трохі падгадуюцца, і там ім будзе больш прасторы для гульні і адпачынку, – сказала ў канцы размовы жанчына з вялікім сэрцам.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о