Мы дамовіліся пра інтэрв’ю пасля заканчэння мерапрыемства ў Капаткевіцкай сярэдняй школе. Да гэтай сустрэчы мы не былі знаёмыя асабіста, але імя Ядвігі Суботка, вядомай творчай асобы на Петрыкаўшчыне і за яе межамі, было на слыху, а яе фотаздымкі часта сустракаліся ў сацыяльных сетках, на старонках раённай газеты. Зайшоўшы ў актавую залу, вочы неяк адразу вылучылі менавіта маю будучую суразмоўцу: эфектную, з цудоўнай выправай, з густам падабранымі дэталямі гардэроба і стрыманай усмешкай. 

Жыццё ў рытме танцаПры размове высветлілася, што дырэктар Капаткевіцкага гарадскога Дома культуры, мастацкі кіраўнік узорнага ансамбля танца “Верасок”, харэограф народнага ансамбля песні, танца і музыкі “Лявоніха”, акрамя знешняй прывабнасці, на здзіўленне цікавая суразмоўца, якая сабрала ў сабе адначасова, здавалася б, несумяшчальнае: строгасць і дабрыню, тэмперамент і стрыманасць, колкасць і далікатнасць. Гледзячы на жанчыну, упэўненую ў сабе, сучасную і з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, цяжка было паверыць, што нагодай для сустрэчы стала 50-годдзе яе творчага жыцця.

Да свайго выбару стаць харэографам Ядвіга Іванаўна ішла  паслядоўна. Будучы дзяўчынкай і падлеткам любіла танчыць. Пасля заканчэння Капаткевіцкай школы паступіла ў Магілёўскае асфетнае вучылішча на спецыяльнасць харэографа, каб звязаць сваё жыццё назаўжды з танцам. Трэба сказаць, што пачала мая гераіня сваю прафесійную кар’еру яшчэ будучы студэнткай: на трэцім курсе ёй прапанавалі весці калектыў з шасці чалавек у таварыстве сляпых. Чаму ёй? Таму што ўжо тады выкладчыкі ўгледзелі ў студэнтцы індывідуальнасць, унікальную харызму і жаданне працаваць. Па прызнанні Ядвігі Суботкі, заняткі з людзьмі абмежаваных магчымасцяў навучылі яе  цярпенню і далікатнасці.  А яшчэ, працуючы з такой катэгорыяй, яна пераканалася: танец робіць людзей шчаслівымі, раскрывае іх унутраны свет. Пасля заканчэння вучобы дзяўчына была размеркавана ў горад Ганцавічы. Там, на Брэстчыне, малады харэограф сустрэла сваё жаночае шчасце і нарадзіла дачушку Танечку.  Далёка ад дома ўладкоўваць сямейнае гняздо не захацела: трэба было стаць апорай маці і капаткевіцкая зямля, з яе таленавітымі людзьмі, цягнула нябачнай сілай да сябе.

–  Дачцы было пяць месяцаў, калі я прыехала на малую радзіму і адразу пайшла працаваць інструктарам у родны Дом культуры. З’явілася шмат творчых планаў, задум. Пачала з таго, што набрала каля сотні дзяцей для заняткаў танцам, – успамінае гераіня. – У хуткім часе я ўзначаліла ўстанову культуры, з’явіўся ў нас тэатр, ансамбль народнай песні, але праца з дзецьмі, вось ужо паўстагоддзя, па-ранейшаму прыносіць мне вялікую радасць. Кожны раз, калі мае вучні выхо-дзяць на сцэну, я пражываю з імі маленькае жыццё, у мяне вырастаюць крылы і заўсёды ганаруся сваімі вучнямі.

Сёння ў ансамблі танца займаецца сорак пяць дзяцей ад шасці да шаснаццаці гадоў. Сама кіраўнік, іх працу параўноўвае з працай пчолкі, таму што “пчала за дзень не прысядзе адпачыць, збіраючы нектар. Так і дзеці: два дні па дзве гадзіны адпрацоўваюць майстэрства на сцэне, плюс заняткі дома, перад выступленнем – знясільваючыя генеральныя рэпетыцыі”. Высокае выканаўчае майстэрства “Вераска” пакарыла сцэны такіх прэстыжных рэспубліканскіх свят, як “Берагіня”, “Сожскі карагод” “Славянскі базар”, “Вытокі”, “Кліч Палесся”.

– Я веру, што ў кожнага з маіх вучняў ёсць здольнасці, а мая задача развіць іх, а можа быць адкрыць талент. Сэрца дзяцей немагчыма заваяваць, не адчуваючы і не любячы кожнага з іх. З таго моманту, калі яны прыхо-дзяць да мяне ў залу, я адчуваю шчырую зацікаўленасць у іх паспяховым лёсе, мы ідзем разам па сцежцы жыцця і рэалізуем наша светаадчуванне ў танцы. Ён можа быць чыстым і празрыстым, як ручаёк, агністым і гарачым, як агонь, свежым як раса. Усё залежыць ад таго, якім мы жадаем яго бачыць, – дзеліцца думкамі педагог, і дадае: – “Верасок”, гэта мой цяжкі шлях творчых шуканняў, няўдач і ўзлётаў, роздумаў і адкрыццяў. Гэта маё жыццё!

Дзіцячы танцавальны ансамбль не адзіны праект, рэалізаваны  Ядвігай Іванаўнай. Майстэрства харэографа дэманструе прафесіянал у рабоце з калегамі ў народным ансамблі песні, танца і музыкі “Лявоніха”, які вядомы ў творчых колах рэспублікі сваімі народнымі сцэнічнымі танцамі. Тут мая суразмоўца раскрывае сябе як чулы знаўца характару, думак, пачуццяў беларусаў і праз створаныя вобразы вучыць убачыць, любіць і шанаваць прыгажосць непаўторнай айчыннай культуры. На пытанне ў чым сакрэт поспеху ўсіх яе пачынанняў і задумак, кажа, што галоўнае – любіць справу, якой займаешся. Прызнаецца, што на яе шляху сустракаюцца толькі добрыя людзі з якімі лёгка ісці па жыцці. Да ўсяго іншага, адзін з важных складнікаў папулярнасці капаткевіцкіх творчых калектываў, лічыць творчы падыход, працавітасць, пастаянны рух наперад і ўменне працаваць у камандзе ўсяго калектыву Дома культуры. Я пачула словы ад гераіні, якія раскрываюць яе сутнасць: “Танчыць дадзена не кожнаму. Танцаваць дрэнна можна, вучыць дрэнна – нельга”.

Я прагульвалася з прыгожай і цікавай суразмоўцай па алеі з кветкамі ў двары школы. Яе апавяданне, разнастайнасць фарбаў, яркае Сонца – усё гарманічна пераплялося. Побач з Ядвігай Іванаўнай здавалася ўсё ярчэй і цікавей.  Яна вяла за сабой, як пуцяводная зорка, да прыгожага, чыстага, вечнага.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о