Работа бачная, вынікі відавочныя

0
437

У суботу, 12 жніўня, распачаўся другі круг першай лігі Нацыянальнага чэмпіянату Беларусі па футболе. Пачынаць другую палову турніру петрыкаўскаму “Шахцёру” давялося з сустрэчы з самым моцным на дадзены момант сапернікам – дзяржынскім “Арсеналам”. Потым футбалістаў чакалі матчы з “Лакаматывам” і “Баранавічамі”.

Сумная статыстыка першай паловы дыстанцыі чэмпіянату не пакідала надзей на папаўненне рахунку ачкоў. За 16 матчаў “калійшчыкі” дасягнулі перад-апошняга, 16-га месца ў турнірнай табліцы з 5-цю заліковымі баламі. Чаго тут чакаць ад гульні з лідарам чэмпіянату: “Арсенал” да візіту на Петрыкаўшчыну меў у сваім актыве 39 ачкоў. Адзінае пытанне, якое паставіў мне мясцовы заўзятар: “Ці багата заб’юць дзяржынцы “салевікам”?”.

Пачалася гульня з дамінацыі гасцей. “Арсенал” праверыў імклівым праходам на першай хвіліне варатара “Шахцёра”, але ўдар быў не надта зграбны і Мікіта Доўнар з лёгкасцю справіўся з такім мячом. Потым госці развівалі сваю гульню больш стрымана, але даволі ўпэўнена. Спачатку яны ганялі мяч бліжэй да перыметра паловы поля “калійшчыкаў”, але з кожнай новай атакай кола нападзення і паўабароны ўсё больш сціскалася каля штрафной пляцоўкі сапернікаў. У выніку на 17-й хвіліне навес з ходу знайшоў галаву футбаліста “Арсенала” – удар у бліжні кут брамы і галкіпер жоўта-чорных не паспеў адрэагаваць – 0:1.
“Шахцёр” адказаў на 30-й хвіліне моцным ударам з сярэдняй дыстанцыі, але трапнасці не хапіла: мяч прасвісцеў у некалькіх сантыметрах ад левай штангі. Астатні час першага тайма прайшоў без асаблівай вастрыні, але культура абароны, дакладнасць і тэхнічнасць гасцей падказвалі, што лік у гэтай сустрэчы яшчэ зменіцца.

У “салевікоў” жа быў свой план на гульню. Каманда пасля перапынку зрабіла замены ў бок атакуючага кірунку: трэнерскі штаб, верагодна, вырашыў не гуляць ад абароны, а выступіць у другім тайме “першым нумарам”.

І сапраўды, ролі футбольных клубаў нібы змяніліся. За 10 хвілін гаспадары правялі тры нядрэнныя штурмы: два дакладныя закіды са штрафных так і не былі рэалізаваныя, а праход па цэнтру і ўдар нізам аказаўся для брамніка “Арсенала” лёгкай задачай.
Але сам факт таго, што “Шахцёр” пачаў ціснуць і гуляць больш удумліва, а не сітуацыйна, выклікаў павагу. У такім футболе назіралася хоць і простая, але логіка, бачна было жаданне забіваць. Вядома, адказвалі і сапернікі, бо нікуды не прапалі дзіркі ў непаспяваючай за нападзеннем абароне “Шахцёра”, ды і шчыльнасць апекі “салевікоў” пакідала жадаць лепшага.
На 61-й хвіліне жоўта-чорныя разыгралі хіба не самы прыгожы штурм апошняга часу: закід метраў з пяці ад паўкруга штрафной ішоў акурат на нагу нападаючаму. Удар адбыўся, але мяч зноў праляцеў міма створу варот.

Затым былі намаганні прабрацца праз шчыльную абарону, зноў мы пабачылі і навес, “калійшчыкі” нават “абакралі” абаронцу на яго ж палове. Упэўненыя дзеянні ў штрафной саперніка ў час вуглавога, першынства на мячы, удар і… штанга. Усё тое, што я так хацеў пабачыць на працягу паловы чэмпіянату здзяйснялася працягам аднаго тайма! Што перашкаджала так змагацца раней?.. Глядзіш, і бягучыя вынікі былі б не такімі сумнымі.

“Шахцёр”, адчуўшы, што знайшоў сваю гульню, здавалася, не ведаў стомы. За 5 хвілін да фінальнага свістку “салевікі” арганізавалі яшчэ дзве небяспечныя атакі, што прымусілі папрацаваць кіпера “Арсенала”.

Але цуду не адбылося. Усе мы разумеем, што вырваць нічыю ці перамогу на апошніх хвілінах магчыма толькі пры наяўнасці пэўнай базы, а калі тэхнічная складаючая ў камандзе падводзіць, то і чакаць выніку не выпадае.
Радуе іншае: пакінуўшы трывогі, выявіўшы на практыцы найбольш эфектыўныя рашэнні, палепшыўшы ўзаемадзеянне паміж футбалістамі, “Шахцёр” здолеў паказаць годную гульню. Канешне, шмат памылак яшчэ трэба выправіць, але прагрэс відаць. Таму апошняе дамашняе паражэнне, як бы дзіўна гэта ні гучала, выглядала годным. Адзінае пытанне, што ўзнікла пасля сустрэчы: ці здолее дружына захаваць такі тонус? Адказ на яго мы атрымалі даволі хутка – у сераду, 16 жніўня, у гасцявой сустрэчы з гомельскім “Лакаматывам”.

Спякота не дазволіла камандам прадэманстраваць сапраўдную хуткасць у той дзень. Першы гол у свае вароты каманда з берагоў Прыпяці атрымала ад чыгуначнікаў ужо на 2-й хвіліне, а на 10-й хвіліне “калійшчыкаў” выратавала крыжавіна.
Далейшую гульню можна ахарактарызаваць прастамоўным тэрмінам “арэлі”. На полі можна было назіраць то парытэт, то неяскравую перавагу адной каманды над другой. Тактыка ўдараў з сярэдняй дыстанцыі не дала плёну “Шахцёру”: мячы ляцелі, у большасці сваёй, міма варот. А вось чыгуначнікам пашанцавала болей. Скарыстаўшыся чарговай “высокай” пазіцыяй абароны гасцей, футбалісты “Лакаматыва” імклівую перадачу завяршылі трапным ударам на 82-й хвіліне. Гульня скончылася з лікам 2:0.
Магчыма і надвор’е і хатняя арэна магла б дапамагчы “калійшчыкам” у гульні з “Баранавічамі”, што адбылася 21 жніўня, у панядзелак.
Пачалі абедзве каманды даволі бадзёра. Сілы былі роўныя: і ў хуткасці, і ў тэхніцы калектывы выглядалі вельмі падобна. Зноў пачаліся “арэлі” і першымі забілі госці на 38-й хвіліне.
Гаспадары нібы толькі раззадорыліся матыльку і пачалі ціснуць яшчэ мацней. Склалася ўражанне, што гол у адказ – толькі пытанне часу. Доўга чакаць не прыйшлося, на 43-й хвіліне Станіслаў Стэфановіч удала выйшаў на пазіцыю перад самымі варотамі і дачакаўся перадачы з правага флангу – 1:1. Трэба памятаць, што “салевікі” дагэтуль бракавалі завяршэнне першага тайма, а тут нібы на куражы годна завяршылі палову.

Далей можна было чакаць пэўнага запавольвання гульні, але гаспадары не супакойваліся. Нават наадварот, футбалісты “Баранавічаў” пачалі больш адыходзіць на абарончыя пазіцыі пад націскам “Шахцёра”. Але мноства перадач былі недакладнымі, у нападзенні “калійшчыкі” прамаруджвалі. Трыбуны вохнулі напрыканцы сустрэчы, у дадатковы час, калі мяч у сетку ўдарам з развароту накіраваў Вячаслаў Прыгодзіч, але суддзі паспяшаліся прыпыніць святкаванне: нападаючы жоўта-чорных знаходзіўся ў становішчы па-за гульнёй.

Ужо на 94-й хвіліне мясцовым аматарам футбола можна было даставаць карвалол: у апошняй атацы футбаліст гасцей перакінуў мяч праз кіпера “Шахцёра” і круглы звонка ўдарыўся ў перакладзіну. Баявая нічыя – 1:1 і петрыкаўская дружына папаўняе нарэшце свой рахунак адным ачком і мае зараз 6 балаў.
За такую гульню не сорам – відаць, над чым патрэбна працаваць і калі далей такі футбол “салевікі” будуць прапаноўваць сапернікам, можна разлічваць, што каманда падымецца з небяспечнай пазіцыі перадапошняга месца, каб мы не хваляваліся за паніжэнне ў трэці дывізіён нацыянальнага чэмпіянату.

Наступнае гульня адбудзецца для “Шахцёра” ў гасцях у футбольнага клуба “Слонім” – бліжэйшага канкурэнта, што зай-мае зараз 15-е месца ў бягучым “табелі аб рангах” з 12-цю ачкамі.
У наступную суботу, 2 верасня, у 16 гадзін калектыў з берагоў Прыпяці будзе прымаць на мясцовым стадыёне віцебскі “Макслайн”.
Усім футбола!

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о