У нядзелю, 4 студзеня, прайшлі 3-5 туры 25-га адкрытага першынства па міні-футболе, прысвечанага памяці першага міністра спорту і турызму Беларусі Уладзіміра Рыжанкова. Працягам гульнявога дня былі канчаткова вызначаныя каманды, што забяспечылі сабе пуцёўкі ў фінальную частку спаборніцтваў.

Нагадаем, што сёлета ў турніры прынімаюць удзел пяць міні-футбольных калектываў. Пасля пачатковага гульнявога дня, які адбыўся 28 студзеня, на першым месцы замацаваўся клуб “Шапэн”, які меў 6 ачкоў у дзвюх сустрэчах, па 3 ачкі мелі дружыны “Легенда”, “Клуб аматараў футбола” (КАФ) і “Курыцічы”. Унізе турнірнай табліцы знаходзілася каманда лясгасу, якая пакуль не мела балаў.

Распачаўся другі дзень спаборніцтваў з сустрэчы адзінай каманды з раёна – “Курыцічаў” і “КАФ”. Вяскоўцы пачалі надзвычай павольна і лёгка, у самым лепшым сэнсе гэтых слоў, аформіўшы на першых хвілінах хіба не самы прыгожы гол спаборніцтваў, калі дыяганальная паветраная перадача знайшла іграка перад варотамі і футбаліст адным крананнем адправіў яго ў сетку. “Курыцічы” адыгрывалі шырока і першапачаткова ўдала расцягвалі абарону саперніка. Але “аматары” прынялі такія ўмовы гульні і хутка прызвычаіліся да саперніка. Праз некаторы час ужо футбалісты “КАФ” дамінавалі на пляцоўцы і планамерна афармлялі ўдалыя штурмы варот, упэўнена завяршыўшы матч з лікам 4:1 на сваю карысць.

Другая гульня “Курыцічаў” з камандай “Легенда” была яшчэ менш удалай, бо апаненты на гэты раз прыбылі поўным саставам. Гараджане ўпэўнена гаспадарылі, пераўзыходзячы вяскоўцаў у стратэгіі, тэхніцы і хуткасці. Вяскоўцы ж гулялі прасцей і, на мой погляд, у некаторых атаках ім наўпрост не шанцавала, бо мяч то не паспявалі пераправіць да брамы, а то скіроўвалі яго па-за створ варот – 6:0 на карысць “Легенды”.

У матчы паміж фаварытамі і аўтсайдарамі турніру нечаканасцей не адбылося, тым больш, што гонар лясгасу ў той дзень баранілі выключна навабранцы. “Шапэн” жа зрабіў стаўку на галы, не асабліва хвалюючыся за прапушчаныя мячы, завяршыўшы спарынг на сваю карысць з самым выніковым лікам дня – 8:4.

У перадапошняй сустрэчы “Легенда” аказалася мацней за “КАФ” – 7:4, а “Шапэн” мінімальна абыграў “Курыцічы”, пераўзыходзячы сапернікаў не столькі ў гульнявых кандыцыях, колькі ў маральна-валявых якасцях.

У выніку па-за бортам фінальнай часткі спаборніцтваў засталіся вяскоўцы і лясгасаўцы. Аспрэчваць жа чэмпіёнства будуць футбалісты калектываў “Шапэн”, што маюць зараз 12 ачкоў, “Легенда”, з 9-цю баламі і “КАФ”, што запісалі не свой рахунак 6 ачкоў.

Вызначэнне пераможцаў адбудзецца ўжо ў гэтую нядзелю, 11 лютага, у спартыўнай зале ДЮСШ. Пачатак спаборніцтваў у 10 гадзін.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о