Вось мы і дачакаліся фінальнай прамой першай лігі Нацыянальнага чэмпіяната Беларусі па футболу. Гэты час цікавы тым, што акрамя сваёй каманды, прыхільнікі самай папулярнай у свеце гульні пачынаюць пільна сачыць за сыходамі матчаў сапернікаў, бо часам становішча ў выніковай турнірнай табліцы вырашае адно ачко, а то і іншыя паказчыкі, пры аднолькавай колькасці балаў.

Нагадаем, пасля пазамінулых выхадных, “Шахцёр”, што займаў 8-мы радок турнірнай табліцы, ад бліжэйшага канкурэнта – наваполацкага “Нафтана”, што на 7-м месцы, падзяляла толькі ачко. Такім чынам, перамога “салевікоў” і паражэнне “нафтавікоў” мяняла б іх становічша ў бягучым “табелі аб рангах”. Прадказаць сыход абедзвюх сустрэч было цяжка: наваполацкая дружына прымала роўную па класе “Оршу”, у той час як “Шахцёр” накіроўваўся ў госці да “Слоніма-2017”. І хоць у апошнім выпадку гульня з аўтсайдзерамі дывызіёну звонку падказвала, што “салевікі” павінны забіраць у гэтым матчы тры ачкі, але аматары жоўта-чорных павінны добра памятаць хатні матч, дзе “калійная” дружына нічога не магла супрацьпаставіць “Слоніму”, які забіў у вароты гаспадароў два безадказныя мячы. Тут яшчэ варта дадаць, што гэта дружына з Гродзеншчыны – бадай, самы нязручны сапернік, які толькі можа прымаць сустрэчу. Справа ў натуральным полі на слонімскім стадыёне “Юнацтва” і познім восеньскім надвор’і.

Ці здолее “Шахцёр” утрымаць сёмае месца?
Адзначаныя акалічнасці вымусілі трэнерскі штаб даць устаноўку на гульню доўгімі перадачамі, з забросам іх “за плечы” саперніку. Гульня пачалася адносна шпарка, але напачатку атакі буялі тэхнічным бракам як адной, так і другой каманд, за выключэннем моманту, калі браму варатара “Шахцёра” выратавала перакладзіна.
Далей “Шахцёр” пачаў браць гульню пад свой кантроль, атакі выглядалі больш востра, што, магчыма, і вымусіла абарону “Слоніма” згуляць груба ў сваёй штрафной пляцоўцы на 26-й хвіліне. Віталь Ганіч прабіў пенальці са стаўкай на дакладнасць, пусціўшы круглага нізам у левы кут варот, у той час як кіпер гаспадароў кінуўся да правай штангі – 0:1.
“Слонім” адказаў двума штурмамі, але ўдары з сярэдняй дыстанцыі былі лёгкай “здабычай” для Малашчынскага – варатара “Шахцёра”. Свае здольнасці ва ўдарах вырашыў прадэманстраваць і нападаючы гасцей Ігар Моніч, які ў кроках трох-чатырох ад цэнтральнага паўкруга штрафной саперніка моцна прыклаўся да мяча, але снарад трапіў у перакладзіну.

Ці здолее “Шахцёр” утрымаць сёмае месца?
Другі тайм распачаўся атакамі і стандартамі жоўта-чорных. А пасля некалькіх адказаў “Слоніма” гульня і ўвогуле перайшла на палову поля прымаючага боку. Але нават пры татальнай дамінацыі “калійшчыкаў” на працягу амаль усяго другога тайма, мяч так і не трапіў у сетку. Нехта ахарактарызуе склаўшуюся сітуацыю аматарскім “не ляцела”, а мне здаецца, што прычына тут у занадта простай гульні: нават калі адкінуць удары міма варот і тэхнічны брак “Шахцёра”, то ў вочы кідалася мітусня і, як следства, даволі чытаемыя паводзіны ігракоў.
“Слонім” “прачнуўся” толькі напрыканцы гульні. Але якасць атак мала чым адрознівалася ад “калійных”, ды і ратаваць гульню было ўжо пазнавата. Свісток – і “Шахцёр” з мінімальнай перавагай увозіць са Слоніма тры ачкі.

Ці здолее “Шахцёр” утрымаць сёмае месца?
У гэты час скончыўся і матч у Наваполацку, дзе “Нафтан” гуляў з “Оршай”. На радасць палешукам, каманда з берагоў Дняпра перамагла з мінімальным лікам 0:1 дружыну з берагоў Заходняй Дзвіны. Такім чынам, “Шахцёр” узняўся, набраўшы 46-ць ачкоў, на сёмы радок турнірнай табліцы, але завочная барацьба з “Нафтанам”, які зараз мае ў сваім актыве 44 балы, працягваецца. Справа ў тым, што наступны сапернік “нафтавікоў” – “Ліда”, на мой погляд, значна слабейшы за саперніка “Шахцёра” – “Крумкачоў”. З высокай доляй верагоднасці, наваполацкія футбалісты возьмуць свае тры ачкі, а вось сыход сустрэчы з “крумкамі” можа быць не на карысць “салевікоў”.
Як скончыцца сезон для “Шахцёра”, ці ўтрымаецца клуб на 7-м радку выніковага пратаколу – мы даведаемся сёння. Матч прой-дзе на стадыёне спартыўна-аздараўленчага комплекса “Прыпяць” у 13 гадзін. Прыходзь і адчуй атмасферу футбольнай барацьбы!

P.S. Спадзяванні на тое, што “Шахцёр” узбярэцца на шостую прыступку турнірнай табліцы так і засталіся летуценнымі. Яно і не дзіва – для ўдалага ўзвышэння ў “табелі аб рангах” другога дыві-зіёну, апрача двух перамог, “салевікам” трэба, каб “Лакаматыў” прайграў у апошніх турах чэмпіянату. Але гомельскія “чыгуначнікі” пакінулі за сабой шосты радок табліцы з мінімальным лікам абыграўшы ў гасцях магілёўскі “Дняпро”.

Арцём ГУСЕЎ, фота прэс-службы ФК «Слонім-2017».

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о