Навіны, як і прэзідэнты, бываюць розныя…

0
460

Неяк апошнім часам мяне вельмі “чапляюць” навіны з Латвіі. Чарговы “шэдэўр” трапіў на вочы днямі: Міністэрства ўнутраных спраў краіны звернецца да ўрада з заклікам прадоўжыць надзвычайнае становішча на граніцы з Беларуссю да 10 лістапада.
Нагадаем: латвійскі ўрад аб’явіў надзвычайнае становішча яшчэ летась, у сярэдзіне жніўня, і з таго часу некалькі разоў падаўжаў, апошні раз – да 10 жніўня гэтага года. Улады краіны ўсялякім чынам імкнуцца ад нас адасобіцца. Так, услед за Польшчай на літоўска-беларускай мяжы ўжо вядзецца будаўніцтва “агароджы”. У найбліжэйшы час мяркуе далучыцца да гэтага працэсу і Латвія.
Улады гэтай краіны праводзяць мэтанакіраваную палітыку зачысткі інфармацыйнага поля. У прыватнасці, заблакіравана беларускае тэлебачанне і партал навін belta.by. Грамадзяне і неграмадзяне Латвіі пазбаўленыя альтэрнатыўных крыніц інфармацыі, больш таго – прадугледжаны штраф за прагляд забароненых СМІ ў памеры 700 еўра.
Яшчэ факт: сапраўдная трагедыя для нашчадкаў воінаў-вызваліцеляў адбылася ў час святкавання Дня Перамогі. Ускладзеныя кветкі каля помніка вызваліцелям Рыгі 10 мая “аператыўна” прыбралі трактарам, што выклікала гнеўную рэакцыю часткі грамадства. Не абыякавыя да здарэння жыхары латвійскай сталіцы зноў прынеслі кветкі і доўгі час заставаліся каля мемарыяла, “ахоўваючы” сваё права на ўшанаванне герояў і спыняючы аналагічныя дзеянні гарадскіх улад і нацыяналістычна настроеных грамадзян.
Рэзанансным стаў выпадак і з мэрам латвійскага Даўгаўпілса. Кіраўніка горада Андрэя Элксніньша фактычна абвінавацілі ледзь не ў здрадзе радзіме, бо сустрэча з генеральным консулам Рэспублікі Беларусь напярэдадні Дня Незалежнасці “не адпавядае інтарэсам нацыянальнай бяспекі краіны”.
Для эліт Латвіі ксенафобія і беларусафобія з’яўляюцца нормай: сёння ў нас адносіны з Латвіяй даведзены да мінімуму. Палітолаг Пётр Пятроўскі ў нядаўнім інтэрв’ю адзначыў, што фактычна дыпадносіны разарваныя і віна ў гэтым ляжыць на сучасных латвійскіх элітах, якія не паважаюць як беларускі народ, так і ўласных грамадзян. Яны праяўляюць свой нацыяналізм: у Латвіі дастаткова буйная частка насельніцтва мае статус неграмадзян і дыскрымінавана па нацыянальным прынцыпе.
Здавалася б, пасля адхілення беларускіх спартсменаў ад удзелу ў Паралімпіядзе ніжэй пасці немагчыма. Памыляецеся. Дзецям-журналістам не дазваляюць публікаваць інтэрв’ю, ледзь не крымінальнае праследаванне завялі. Грамадзян Латвіі, Літвы не пускаюць у Беларусь з-за таго, што яны потым будуць расказваць канкрэтныя і аб’ектыўныя рэчы пра сітуацыю ў Беларусі.
Аднак жыхары суседніх краін насуперак забаронам і запалохванню з боку іх улад актыўна карыстаюцца бязвізам. А наш Прэзідэнт разглядае магчымасць прадаўжэння бязвізавага ўезду ў Беларусь для грамадзян шэрага суседніх краін. Такое пытанне сярод іншых было вынесена на абмеркаванне ў час рабочай сустрэчы кіраўніка дзяржавы са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Каранікам.
Магчыма, простыя грамадзяне зробяць тое, на што не здольны ці не адважваецца ўрад суседзяў – будуць садзейнічаць развіццю міжасобасных кантактаў.
З першых крокаў свайго прэзідэнцтва Аляксандр Лукашэнка ясна даў зразумець: ён гатовы не толькі мірна суіснаваць, але і сябраваць з усімі краінамі. Пры двух, як любіць казаць Аляксандр Рыгоравіч, жалезабетонных умовах: сяброўства гэтае не павінна пазбаўляць суверэнітэту беларускі народ, а яго плён павінен ісці на карысць грамадзянам усіх дзяржаў.
На працягу дзесяцігоддзяў Прэзідэнт рэалізоўваў сваю міралюбівую палітыку на практыцы і здолеў дабіцца галоўнага: невялікая па сусветных мерках Беларусь, якая не валодае колькі-небудзь сур’ёзнымі сыравіннымі рэсурсамі, за гады суверэнітэту здолела развіць і памножыць свой эканамічны патэнцыял. І нам не сорамна сёння запрашаць да сябе суседзяў, бо ведаем: нам ёсць чым ганарыцца. Сумняваецеся – прыязджайце і глядзіце.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о