Першая хатняя перамога!

0
368

У суботу, 7 кастрычніка, адбыўся 27-мы тур першай лігі Нацыянальнага чэмпіянату Беларусі па футболе. Петрыкаўскі “Шахцёр” прымаў на дамашняй футбольнай арэне “Прыпяць” футбольны клуб “Орша” і святкаваў першую перамогу на сваім полі.

Першая хатняя перамога!Не трэба добра разбірацца ў футбольных акалічнасцях першай футбольнай лігі, каб зразумець, што другі круг чэмпіянату для “Шахцёра” выдаўся больш удалым.
Так, да экватару турніру “калійшчыкі” мелі ў сваім актыве 5 ачкоў: гасцявую перамогу над віцебскім “Макслайнам” і дзве нічые з “Асіповічамі” і гомельскім клубам “Бумпром”. А вось пачынаючы з 20-га тура скарбонка балаў жоўта-чорных пачала назапашваць запаветныя балы: нічыёй з “Баранавічамі” і “Мала-дзечна”, перамогай на слонімскім стадыёне і вырванымі трыма ачкамі ў мінулай гасцявой гульні з “Асіповічамі”. У час апошняга матчу Станіслаў Стэфановіч адкрыў лік і адначасова паставіў кропку на дадатковай, 91-й хвіліне сустрэчы шпаркім праходам са сваёй паловы па цэнтры поля, пакінуўшы апеку і адправіўшы мяч паміж ног галкіпера!

Што тычыцца “Оршы”, то тут варта заўважыць: каманда, якая знаходзіцца ў другой палове бягучай турнірнай табліцы, з’яўляецца, пэўна, адной з самых непрадказальных па сваіх выніках. Калектыў можа перамагчы моцнага саперніка і, разам з тым, аддаць тры ачкі дружыне, што знаходзіцца на аўтсайдарскіх пазіцыях футбольнага “табелю аб рангах”. Калі далучыць да ўскладняючых фактараў гульні гасцей яшчэ і тое, што “Орша” прыбыла ў горад на беразе Прыпяці ў дзень гульні, то можна было спадзявацца, што “Шахцёр” дасць бой клубу з паўночнага рэгіёна.

Гаспадары, не адкладаючы вырашэнне спрэчкі, пачалі надзвычай бадзёра, але ўжо праз хвілін 10 крыху аслабілі прэсінг. Верагодна, тактыка забіць з ходу змянілася на ўмераны прэсінг з чаканнем памылкі з боку апанента. А доўга чакаць хібаў з боку “Оршы” не выпадала: на 18-й хвіліне Станіслаў Стэфановіч прайшоў па левым боку і, сцягнуўшы на сябе актыўных абаронцаў, аддаў пас вольнаму ад апекі Мікалаю Сотнікаву ў бліжэйшы кут варатарскай зоны. Мікалай момант не прамарудзіў – 1:0.
Менш чым праз дзве хвіліны няўпэўненымі дзеяннямі ў абароне скарыстаўся Ягор Грывінёў, які падабраў мяч, што павольна каціўся ад палявога футбаліста да варатара, і пусціў снарад у сетку – 2:0.

У другім тайме неахайнасць на ўласнай палове поля дазволілі сабе ўжо гаспадары. Такая ж слабая перадача, такі ж перахоп і ўдар, адзінае, што адрознівала сітуацыі – дыстанцыя: футбаліст “Оршы” прыклаўся да мяча крокаў з 20-ці і зменшыў адрыў “Шахцёра” – 2:1 у самым пачатку другой паловы.
У далейшым на полі назіраўся пэўны парытэт. “Калійшчыкі” ціснулі не так моцна, нават аддавалі ініцыятыву гасцям, але больш асцярожная гульня і меншая зладжанасць у атаках не дазволілі калектывам змяніць лік.

Такім чынам, “Шахцёр” папаўняе свой рахунак і мае зараз 16 ачкоў. У актыве бліжэйшага канкурэнта, “Слоніма”, – 21 бал. Наступны матч “Шахцёр” згуляе ў гасцях у гомельскага “Бумпрома” – цудоўны шанец працягнуць пераможную серыю. 21 кастрычніка, у 14:30 на стадыёне “Прыпяць” мясцовых аматараў футбола будзе чакаць сапраўднае палескае дэрбі: у госці да жоўта-чорных прыбудзе пінская “Хваля”. Дата ці час гульні могуць быць змененыя, таму просім вас, паважаныя заўзятары, сачыць за афішамі. Усім футбола!

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о