У нядзелю петрыкаўская футбольная арэна “Прыпяць” прымала юных футбалістаў з розных куткоў вобласці, што прыбылі для ўдзелу ў Адкрытым Кубку Петрыкаўскага раёна па футболе сярод хлопчыкаў 2010 года нараджэння і больш малодшых.

Найтрывалым быў “Алмаз”У турніры ўзялі ўдзел 5 каманд. Дзве дружыны завіталі на Петрыкаўшчыну з горада Гомеля: гэта дружыны СДЮСШАР № 8 і “Алмаз” СДЮШАР ППА “Гомельшкло”. Яшчэ адзін калектыў прыбыў да нас з пасёлку Сасновы Бор, што на Светлагоршчыне. Паказаць сваё майстэрства прыехалі і капаткевіцкія юнакі, а сустракалі гасцей-сапернікаў выхаванцы мясцовай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы з Петрыкава.

Пасля ўрачыстага адкрыцця турніру распачаліся футбольныя баталіі. Папярэдне калектывы юных спартсменаў былі падзеленыя на дзве групы. У першую трапілі петрыкаўскія футбалісты і выхаванцы гомельскай гарадской СДЮШАР № 8. Сапернік у нашых землякоў быў сур’ёзны: хіба не кожнае пакаленне школы алімпійскага рэзерву – прызёр рэспубліканскіх турніраў. Таму і на гэты раз лік 1:3 на карысць гасцей пасля першага тайму не выглядаў здзіўляючым. Але петрыкаўскім хлопцам матывацыі было не займаць – каманда здолела сабрацца, а трэнер прапанаваў правільныя рашэнні і ўрэшце нашыя землякі здзейснілі сапраўдны камбэк, ператварыўшы лік у 5:3.
У другой групе спаборніцтвы распачаліся з супрацьстаяння “Алмаза” і каманды з Сасновага Бору. Тут хлопчыкі са Светлагоршчыны здолелі толькі размачыць сухі лік і сустрэча скончылася з лікам 4:1 на карысць гамяльчан. На вялікі жаль, буйное паражэнне пацярпелі і футбалісты з Капаткевічаў, спачатку саступіўшы “Алмазу”, а потым і юным спартсменам з Сасновага Бору.

Такім чынам, у першым паўфінале мацнейшых павін-на была выявіць сустрэча светлагорцаў з петрыкаўскай дружынай, але госці вымушаны балі ад’язджаць дадому і атрымалі тэхнічнае паражэнне. У гомельскім дэрбі мацнейшымі аказаліся прадстаўнікі “Гомельшкла”, якія даволі ўпэўнена скончылі сустрэчу з лікам 3:1. Такі ж вынік “Алмаз” паказаў і ў фінальным матчы з гаспадарамі турніру.

Барацьбы за трэцяе месца, як можна здагадацца, не было па прычыне датэрміновага ад’езду каманды з Сасновага бору. Трэцяя прыступка п’едэстала дасталася выхаванцам СДЮШАР № 8, званне віца-чэмпіёнаў турніру атрымалі петрыкаўчане, а Кубак спаборніцтваў адправіўся ў распалажэнне гомельскага “Алмаза”.
Але галоўная ўзнагарода – гэта нават не спартыўныя трафеі. Як адзначыў трэнер-метадыст ДЮСШ Петрыкаўскага раёна Жан Дубіна, найкаштоўнейшым тут з’яўляецца вопыт. “Ну а з пункту гледжання агульнага выхавання, вы і самі маглі назіраць, як наладжваюцца стасункі сярод дзяцей. Яны сябруюць, падтрымліваюць і суцяшаюць адзін аднаго. Магчыма, не кожны стане футбалістам, але гэтыя яркія ўспаміны сапраўднага дзяцінства з жывымі адносінамі застануцца ў дзяцей у памяці на доўгія часы. Згадзіцеся, гэта найлепшая альтэрнатыва баўлення часу з гаджэтамі”, – адзначыў спецыяліст.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о