Добрым людзям – “залатыя” гады

0
662

Сёння адзначаюць пяцідзесяцігоддзе сумеснага жыцця Анатолій і Ніна Грынько з Капаткевічаў. Сямейная пара – годны прыклад для пераймання галоўных жыццёвых каштоўнасцяў. Гэтых цудоўных людзей ведаюць і паважаюць за іх працавітасць, дабрыню, адданасць роднаму краю і моцныя сямейныя традыцыі.

Добрым людзям – “залатыя” гады

Любоў да музыкі ў Анатолія Адамавіча закладзена з дзяцінства. З малых гадоў у бацькоўскай хаце ў Грабаве гучаў гармонік. Па словах суразмоўцы, яго бацька ў дасканаласці авалодаў майстэрствам ігры на музычным інструменце і адносіўся да захаплення сур’ёзна. Уявіце сабе: у сям’і падрастала шасцёра дзяцей, а гаспадар прадаў два валы, каб у Расіі вырабілі яму якасны гармонік. На ўсіх мясцовых святах, вяселлях, сходах ён са сваім гармонікам быў пачэсным госцем. Пацягнуліся да заняткаў музыкай і дзеці. Будучы пяцігадовым хлопчыкам наш герой ужо “цягаў” інструмент, а калі старэйшы брат аддаў яму стары гармонік, самастойна навучыўся браць акорды. Калі хлопец пайшоў у школу, яго захапленне падтрымалі настаўнікі. За гады вучобы ён не толькі замацаваў навыкі, а авалодаў майстэрствам ігры на іншых музычных інструментах. Ужо ў тыя часы ён быў зоркай на малой радзіме. Не прайшло і дзесяці гадоў, як імя таленавітага музыканта стала вядома далёка за межамі Петрыкаўшчыны.

Пасля васьмі класаў юнак паехаў паступаць у Гомельскае музычнае вучылішча імя Сакалоўскага. На тыя гады без папярэдняй музычнай падрыхтоўкі стаць студэнтам установы было практычна немагчыма. У час экзамену па катэгорыях “слых”, “рытм”, “памяць” усе члены камісіі паставілі найвышэйшую адзнаку. А насупраць радка “музычная падрыхтоўка” – пастаўлены быў прочырк. Але калі юнак з Петрыкаўшчыны ўзяў у рукі гармонік – усе пытанні былі зняты, а педагогі былі здзіўлены фактам, што перад імі самавучка.

Вучылішча раскрыла талент музыкі, аздобіла яго асаблівы стыль выканання. Удасканальваў юнак сваё майстэрства і ў час службы ў войску ў якасці ўдзельніка ансамбля. Дарэчы, у той час здарыўся цікавы эпізод, які характарызуе прафесіянальныя якасці героя. Аднойчы, у час канцэрта на яго балалайцы парвалася струна. Салдат дайграў праграму на двух. На мерапрыемстве прысутнічаў важны ваенны чын, які заўважыў дадзены факт. За праяўленую вытрымку хлопцу далі пятнаццаць сутак звальнення.

У тыя гады наш зямляк захварэў і перанёс складаную аперацыю. Анатолій Адамавіч вырашыў вярнуцца на малую радзіму, што ў многіх выклікала непаразуменне і здзіўленне. Па прыездзе ў Грабаў узначаліў вясковы Дом культуры. У адзін з дзён старэйшы брат прынёс вестку, што ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве новая бухгалтар і хлопцы ўжо не даюць ёй праходу. Музыкант жартам сказаў, што гарманіст першы хлопец на вёсцы, другія хай не мараць. А калі пазнаёміўся з маладым спецыялістам, зразумеў, што не да жартаў: перад ім дзяўчына яго мары, і нікому ён яе не саступіць.
– У Грабаў я была размеркавана пасля атрымання ў абласным цэнтры спецыяльнасці бухгалтара. З першай сустрэчы з будучым мужам у мяне ўзнікла пачуццё, што гэта мая другая палова: хацелася быць з ім пастаянна, думкі, планы і адчуванні былі ў нас аднолькавыя. Праз год спатканняў мы згулялі вяселле, – успамінае жанчына. – У той час у Капаткевічах адкрывалася музыкальная школа і мужу прапанавалі ўзначаліць установу. Мне прапанавалі працу па спецыяльнасці ў сельгасхіміі, ды і бацькі былі не далёка – я родам з Рогу. Любоў і паразуменне, вера ў свае сілы, жаданне працаваць па абраных прафесіях дазволілі нам пачаць жыццё на новым месцы. У гэтым кутку нас чакала сапраўднае чалавечае шчасце: мы сталі бацькамі, сцвердзілі сябе ў прафесіях, захавалі пяшчотныя адносіны адзін да аднаго.

Слухаць юбіляраў было цікава і лёгка. Назіраць за парай – удвая прыемней. Гаспадыня, як захавальніца сямейнага гнязда, – пяшчотная, далікатная, мудрая, клапатлівая. Я ўпэўнена, што свайго каханага яна песціць і шанец на працягу ўсяго сумеснага жыцця. Ён – у меру патрабавальны, адданы сем’янін, адказны, надзейны. Жонку аберагае і дорыць упэўненасць, настрой – з яго тонкім пачуццём гумару гэта не цяжка. Разам муж і жонка – дапаўненне, працяг адзін аднаго. Усе іх словы, рухі, погляды – адзін складзены механізм, надзейны і якасны.

У жыцці лёгкіх шляхоў ім не выпадала, бо прафесіі выбралі адказныя. Ніна Адамаўна ў большасці сваёй займала пасаду бухгалтара на прадпрыемствах і арганізацыях раёна з прыстаўкай “галоўны”. Анатолій Адамавіч – музычны кіраўнік вядомага і запатрабаванага ў краіне Народнага ансамбля “Лявоніха” Капаткевіцкага Дома культуры, творчая і неардынарная асоба. Тым не менш, уласная сям’я ў суразмоўцаў была заўсёды на першым месцы. Выхавалі дваіх сыноў, дапамаглі набыць ім вышэйшую адукацыю, выпусцілі ў свет годнымі людзьмі. У свой час хлопцы “прайшлі” праз музычную школу – дзецішча Анатолія Адамавіча і ўвабралі лепшыя якасці бацькоў. А калі гаспадыня пайшла на заслужаны адпачынак і ўлілася ў “Лявоніху” – усёй сям’ёй прадстаўлялі Петрыкаўшчыну на абласным конкурсе сямейнай творчасці, дзе былі ганараваны дыпломам. Сыны ўжо даўно адышлі ад апекі бацькоў, падарыўшы дзвюх унучак, такіх жа творчых, разумных і крэатыўных, як іх родныя ў трох пакаленнях.

– “Залатое вяселле” – плён нашай сумеснай працы. Для мяне муж – гэта мае думкі, радасць, апора і надзейнае заўтра, – не хавае Ніна Адамаўна. – Канечне, за паўвека пражытых разам гадоў, былі не толькі вясёлкавыя дні. Былі моманты, якія патрабавалі ад нас душэўных сіл, цярпення, уступак. Каб захаваць паўнавартасную сям’ю, патрэбна ўмець кахаць, разумець, а часам і ахвяраваць сабой. Усе нязгоды, што выпадалі на нашу долю, пераадольвалі разам, так як і раздзялі шчаслівыя моманты.

– Каб пражыць доўга разам, мужу і жонцы патрэбна ўмець чуць адзін аднаго, цаніць, засцерагаць. Недарэмна мудрыя людзі кажуць: і ў горы і ў радасці. Патрэбна быць побач заўсёды, нягледзячы на настрой, стан, – дзеліцца думкамі Анатолій Адамавіч. – Мы імкнуліся быць годным прыкладам у сваіх справах, адносінах для сыноў, калег, землякоў. Пражылі разам пяцьдзясят шчаслівых гадоў. Кажуць, сапраўднае разуменне шчасця прыходзіць з гадамі. І я смела магу сказаць за дваіх – мы разгадалі яго формулу і скарыстоўваем у поўнай ступені кожны дзень, кожную хвіліну пакуль разам на гэтым свеце.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о