Пасля апошняй публікацыі петрыкаўскі футбольны клуб правёў чатыры сустрэчы. У параўнанні з мінулай серыяй пройгрышаў, вынікі апошніх гульняў выглядаюць даволі годна: з аднаго супрацьстаяння каманда выйшла пераможцай і тры матчы завяршыла з нічыйным лікам. Але сухія лічбы хаваюць за сабой самоту ад старых хібаў і страчаных магчымасцяў.

Паражэнні змяніліся серыяй нічыіхГульню выцягнуў кіпер

10 кастрычніка петрыкаўская дружына адправілася ў Оршу. Аднайменны футбольны клуб знаходзіцца ў турнірнай табліцы адразу за “Шахцёрам”, на 9-м месцы, але на пяты не наступае – адлегласць у 5-7 ачкоў захоўваецца ўжо доўгі час.

З пачатку матча госці, відаць, зрабілі стаўку на хуткі гол. Мноства штурмаў сыпаліся на вароты “Оршы”, тым больш, што “Шахцёр” выкарыстоўваў не толькі розыгрышы, але і не грэбаваў моцнымі ўдарамі з сярэдняй дыстанцыі, якія, на жаль, былі звышнедакладнымі. Памылкі індывідуальнага плану, выдатная гульня абароны і варатара сапернікаў не дазволілі рэалізаваць відавочную перавагу жоўта-чорным. Прыкладна ў сярэдзіне першага тайма клубы нібы памяняліся ролямі, прымусіўшы папрацаваць Аляксея Хадневіча і пахвалявацца заўзятараў “Шахцёра”.

Другая палова сустрэчы мала чым адрознівалася ад першай: былі і розыгрышы, і неблагія задумы, і ўдары, але выканаўчае майстэрства абодвух бакоў пакідала жадаць лепшага. Глядзець такую гульню станавілася ўсё больш сумна, але на 75-й хвіліне, у час атакі “Оршы” ў штрафной гасцей, мяч выпадкова трапіў у руку абаронцы “Шахцёра” Уладзіміру Старасціну і арбітр прызначыў у вароты “калійшчыкаў” пенальці. Верагоднасць чарговага паражэння была як ніколі блізкай, але Аляксей Станкевіч спачатку ўгадаў напрамак мяча, а потым другі раз адбіў круглага ў час дабівання.

У астатнія 15 хвілін “Шахцёр” меў два выдатныя моманты, але ў першы раз моцны, але просты ўдар галавой здолеў перавесці вышэй варот кіпер гаспадароў, а ў другім нападаючы крыху не паспеў паставіць нагу пад філігранны навес з правага флангу. Сухі нічыйны лік і палесская каманда вяртаецца дадому.

Перамога і сур’ёзная страта

Хатняя гульня з “Лідай” 17 кастрычніка здавалася не самай цяжкай. Не тое, што клуб з Гро-дзеншчыны здаваўся ніжэйшым па ўзроўні, лідскія футбалісты ўмеюць здзіўляць, хутчэй спадзяванні былі на прагу да перамогі “гарнякоў”.

Напачатку матча “Шахцёр” сапраўды дамінаваў на полі. Але здавалася, што на завяршэнні атак футбалісты ці то не могуць падабраць ключ да абароны гасцей, ці то наўпрост не жадаюць рэалізоў-ваць моманты – настолькі недарэчнымі выглядалі дзеянні нападзення ў штрафной “Ліды”. Зрэшты Павел Зуевіч закруціў у вароты з правага боку, і мяч па дузе, трапіўшы ў Аліхана Малкандуева, змяніў траекторыю і ўляцеў у правую дзявятку. Але апошні знаходзіўся ў становішчы па-за гульнёй і снарад у сетцы варот застаўся толькі дарэмнай імгненнай радасцю ў памяці заўзятараў.

Атакі сталі больш вострымі і ўрэшце, на 44-й хвіліне Куцапалаў адправіў мяч у сетку нізам  з левага кута варатарскай пляцоўкі – 1:0.

У другім тайме дамінацыя гаспадароў толькі замацавалася і на 67-й хвіліне ўсё той жа Павел Зуевіч падставіў галаву пад моцны навес з правага флангу – 2:0.

“Ліда” падцягнула свае рэсурсы. Стварыла некалькі небяспечных момантаў. Адказваў і “Шахцёр”, але лічбы на табло засталіся нязменнымі. На жаль, у другой палове адзін з самых выніковых і таленавітых нападаючых “гарнякоў” Аліхан Малкандуеў атрымаў траўму. Як пазней паведаміў футбаліст у адной з сацыяльных сетак, да канца сезона ён не трапіць на поле.

“Баранавічы” знічтажаюць надзею на тры ачкі

Выязны матч у Івацэвічах (а менавіта там пакуль знаходзіцца хатняя арэна “Баранавічаў”) адбыўся 23 кастрычніка.

У першым тайме мяч прапісаўся паміж штрафнымі каманд і асаблівай вастрыні, за рэдкім выключэннем, у гульні не назіралася, пакуль на 40-й хвіліне сустрэчы ў вароты гаспадароў не быў прызначаны пенальці за крананне мяча рукой у штрафной пляцоўцы. Данііл Куцапалаў моцна і дакладна рэалізаваў 11-мятровы.

Ужо праз пяць хвілін пасля свістка, што абвяшчаў пачатак другога тайма, невялікі ростам, але надзвычай тэхнічны і на здзіўленне хуткі Максім Кавалевіч, атрымаўшы перадачу амаль з сярэдзіны поля, прайшоў па левым фланзе, пакінуўшы за сабою двух абаронцаў і з ходу адправіў мяч у сетку – 0:2.

Наступныя намаганні “Шахцёра” да павелічэння ліку не прывялі, але загналі “Баранавічы” ў глухую абарону. Тым не менш, за 20 хвілін гаспадарам спатрэбілася толькі дзве атакі, каб скараціць адрыў. Мітусня ў штрафной, падстаўленая нага і брамнік “калійшчыкаў” ужо выцягвае мяч з сеткі варот. З гэтым не хацеў мірыцца Павел Зуевіч, які на 81-й хвіліне зноў забівае галавою і ўзнаўляе перавагу жоўта-чорных у два мячы – 1:3.

Да канца асноўнага часу заставалася каля 8-мі хвілін і здавалася, што перамогу “Шахцёра” гаспадары ўжо не змогуць аспрэчыць. Але грубая гульня гасцей у сваёй штрафной на 86-й хвіліне была пакарана пенальці – 2:3, а ў дадатковы час, калі “Баранавічы” выконвалі апошні вуглавы, на дапамогу палявым ігракам прыйшоў варатар, які і перавёў навес галавою ў вароты “гарнякоў” – 3:3, свісток, крыўдная нічыя і петрыкаўскі клуб забяспечвае сабе далейшую прапіску ў першай лізе. Далейшыя матчы істотна не зменяць становішча ў табліцы, таму вылету ў другую лігу і ўздыму ў вышэйшы дывізіён у гэтым сезоне для “Шахцёра” ўжо не адбудзецца.

“Белшына” кіруе ў Петрыкаў

У мінулаю нядзелю петрыкаўская дружына прымала аднаго з лідараў першай лігі – бабруйскую “Белшыну”.

Напачатку матча гаспадары здзівілі надзвычай шчыльнай гульнёй. Некалькі атак і Ігар Моніч трапна прабівае ў вароты на 11-й хвіліне – 1:0.

Затым на полі ўсталёўваецца пэўны парытэт пры абвостранай гульні. Гаспадары маглі яшчэ некалькі разоў паразіць вароты саперніка, але воляю выпадку лік у першым тайме не змяніўся.

Пачатак другой паловы быў адзначаны высокім тэмпам. Павялічыць адрыў “Шахцёру” не дазвалялі вядомыя недахопы на пазіцыях у хуткасці і трапнасці. “Белшына” “ачуняла” толькі ў сярэдзіне тайма і адна з першых яе атак завяршылася голам 1:1.

Гаспадары працягвалі сістэматычны націск на вароты, але ўдары ў створ былі простымі, а штурмы з перадачай на проціход брамніка не атрымлівалі свайго завяршэння. Нічыя і “Шахцёр”, з 37-мю ачкамі працягвае заставацца на 8-м месцы турнірнай табліцы. Папераду размяшчаецца наваполацкі “Нафтан”, што мае на 6-ць ачкоў больш.

Наступная гульня жоўта-чорных адбудзецца якраз у Наваполацку, а 13 лістапада ў Петрыкаў прыбудзе заўзяты сапернік петрыкаўскага клуба – магілёўскі “Дняпро”. Усім футбола!

Арцём ГУСЕЎ.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о