Хочам мы таго ці не, восень жыцця напаткае кожнага. А якой  яна будзе, залежыць ад самога чалавека, ад таго, як той пражыў свой век, якіх каштоўнасцяў прытрымліваўся. Жыццёвую восень герояў аповеду можна назваць залатой. Залатой па ўдзячнасці  ад людзей і колькасці паслядоўнікаў іх справы.

Восень жыцця

Тэлефонны званок

Тэлефонны званок застаў вечарам. Знаёмы голас адразу прымусіў перабіраць у памяці вобразы, імёны, сустрэчы, але дарма – успомніць суразмоўцу я не змагла. Адчуўшы гэта, на другім канцы провада назвалі сябе. Тэлефанавала ветэран педагагічнай працы Бабуніцкай сярэдняй школы.  Жанчына расказала, што выпісвае і чытае “раёнку” пастаянна, а да мяне звярнулася, як да былой вучаніцы і супрацоўніка “Петрыкаўскіх навін”, каб падзяліцца фактамі людской бескарыслівай дабрыні яе землякоў. Пасля размовы з былой настаўніцай, успаміны не пакідалі мяне. Сям’я педагогаў: Еўдакія Клімаўна Курыленка настаўнік – рускай мовы і літаратуры і Юрый Дзям’янавіч Рэўт – настаўнік гісторыі і грамадазнаўства. Колькі гадоў прайшло. Больш за трыццаць! Калі ўжо былыя настаўнікі знайшлі магчымасць даведацца мой нумар тэлефона, то не наведаць іх, а задаволіцца размовай па тэлефоне, я палічыла непрыстойным. Праз дзень я накіравалася на сустрэчу ў вёску Барычаў.

За кожным імем – свой лёс

Нялёгкі жыццёвы шлях у Юрыя Дзям’янавіча. Нарадзіўся ў далёкім 1929 годзе ў вёсцы Барычаў, у сям’і настаўніка. Усё б у яго жыцці склалася інакш, больш гладка і лёгка, каб не Вялікая Айчынная вайна. Яму з братам су-джана было пазнаць жыццё вязняў фашысцкай Германіі. Страшныя выпрабаванні не зламалі маральна. Пасля заканчэння вайны доўга не думаў з выбарам прафесіі – вырашыў пайсці па бацькавых слядах. Адукацыю атрымліваў у Капцэвіцкім, Петрыкаўскім і Мазырскім педвучылішчах. Паралельна з вучобай  адслужыў чатыры гады  ў радах Чырвонай арміі. У 1956 годзе  пачаў працоўны шлях настаўнікам Сотніцкай пачатковай школы, пяць гадоў працаваў у Барычаўскай пачатковай школе якую пабудавалі па яго ініцыятыве. З цягам часу атрымаў вышэйшую адукацыю ў Мазырскім педагагічным інстытуце. Неўзабаве паступіла прапанова з суседняй вёскі Бабунічы перайсці настаўнікам гісторыі. Гавораць, што памяць пра настаўніка жыве ў яго вучнях заўжды. І сапраўды гэта так. Пераступіўшы парог хаты і сустрэўшыся позіркам з былым настаўнікам, я адчула, што час павярнуўся назад: успомніліся школьныя гады, урокі гісторыі, а адчуванне таго, што я вучаніца і мне патрэбна адказваць, прытым правільна і не падглядваючы ў падручнік, не пакідала мяне. Мне пашанцавала бачыць Юрыя Дзям’янавіча сваім класным кіраўніком у дзесятым і адзінаццатым класах. Тады, кожны з нас, падлеткаў, хацеў паказаць сваё “я”, а ён вучыў нас уменню стрымліваць сябе, паводзіць з людзьмі далікатна і тактоўна, у любой сітуацыі знаходзіць кампраміс. Ён ніколі не любіў публічнасці. Я слухала пра жыццёвы шлях былога настаўніка і думала, чаму я не ведала раней гісторыі жыцця гэтага чалавека? А можа мы, тады маладыя і бясклапотныя, не ўмелі слухаць? Спытала ў суразмоўцы пра гэта, на што ён сціпла адказаў: “У кожнага свой лёс, які трэба прайсці”.

Чалавек невычэрпнай энергіі

Надзейным спадарожнікам, дарадцай і калегай для Юрыя Дзям’янавіча стала яго жонка Еўдакія Клімаўна. Пры сустрэчы з гераіняй я адзначыла для сябе, наколькі гэта яшчэ валявая, энергічная і жыццярадасная жанчына. Выслухаўшы яе аповед, зразумела, што прадчуванне таго, што мая суразмоўца займала актыўную грама-дзянскую пазіцыю не падвяло мяне. Нарадзілася ў 1935 годзе ў вёсцы Белы Камень на Магілёўшчыне. Гадавалася без бацькі: той загінуў на фронце. Яна, дзіця вайны, добра памятае невыносныя ўмовы жыцця ў акупацыі, сіроцкую долю і страшнае жаданне – выжыць, не сагнуцца. Марыла стаць настаўніцай. Гераіня, не скарылася голаду і холаду, ажыццявіла сваю запаветную мару.  Пасля заканчэння Гомельскага педагагічнага інстытута ў 1958,  замест прапанаванага працаўладкавання ў горадзе Жлобіне, выбрала вёску Бабунічы. Сама тлумачыць гэта тым, што нарадзілася ў вёсцы, адчула пасляваенную нястачу – хацелася свой кавалак зямлі ў сельскай мясцовасці. На першым працоўным месцы праходзіла яе станаўленне як настаўніка і асобы. Малады спецыяліст адразу ўзначаліла калектыў васьмігадовай школы. Дзякуючы яе намаганням, школа набыла статус сярэдняй. Чатырнаццаць гадоў прысвяціла вучэбна-выхаваўчай рабоце, з’яўлялася кіраўніком драматычнага, харавога аб’яднанняў. Колькі сустрэч, экскурсійных паездак, канцэртаў ёю было арганізавана! Еўдакія Клімаўна жыла гэтай справай і вяла за сабою калег і вучняў.

Нястомнай была Еўдакія Клімаўна не толькі ў педагагічнай дзейнасці, але і ў грамадскай дзейнасці: сакратар камсамольскай арганізацыі калгаса “Запаветы Ільіча”, агітатар, рэдактар мясцовай газеты “За новы ўра-джай”, лектар у райкаме партыі.

– Калі выйшла на заслужаны адпачынак,  плакала тры дні, – успамінае былы настаўнік. – Як жа без школы? Хацелася працаваць з людзьмі, прыносіць карысць сваімі задумамі. Мне прапанавалі пасаду старшыні ветэранскай арганізацыі Бабуніцкага сельскага Савета. Я згадзілася, вырашыла пабыць яшчэ “ў страі”. Пасля была абрана старастай вёсак Барычаў і Касішча і застаюся на гэтай пасадзе па сённяшні дзень.

60 гадоў адным лёсам

Першая сустрэча маіх герояў  адбылася ў 1958 годзе на бабуніцкай зямлі, і вось ужо 60 гадоў  яны дзеляць радасці і беды разам. На шчасце радасці было і ёсць куды больш. Маладыя педагогі самі станавіліся на ногі. Пабудавалі дом, нарадзілі і годна выгадавалі дзяцей. Дачка Людміла, закончыўшы каператыўны інстытут, звязала сваё жыццё з гандлем. Зараз жыве і працуе ў Віцебскай вобласці, сын Уладзімір абжыўся ў Гомелі. Ён працягнуў сямейную дынастыю – стаў настаўнікам, як бацькі. Дарэчы з трох унучак – дзве сталі педагогамі. У былых настаўнікаў падрастаюць два праўнукі.

Не рвецца сувязь пакаленняў. За сваю педагагічную дзейнасць Еўдакія Клімаўна і Юрый Дзям’янавіч далі пуцёўку ў жыццё многім выпускнікам. Пра іх памятаюць, часта наведваюць.

Усё ў маіх былых настаўнікаў агульнае. Быт, клопаты пра дзяцей, унукаў, успаміны пра работу. Еўдакія Клімаўна дастае фотаальбом, зроблены сваімі рукамі. На кожнай старонцы – фотаздымак школьнага выпуску . Сядзяць адзін каля адного, акуратна і павольна перагортваюць лісты,  разглядваюць, успамінаюць.  Пражыўшы разам столькі гадоў, яны дораць адзін аднаму цеплыню, гавораць пяшчотныя словы.

Яшчэ адзін прыклад для нас, іх вучняў.

Святлана СОБАЛЕВА,

фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о