У нядзелю, 7 лістапада, петрыкаўскі “Шахцёр” згуляў на выездзе з галоўным канкурэнтам па бягучым становішчы ў турнірнай табліцы – наваполацкім “Нафтанам”. Нагадаем, што “нафтавікі” займаюць 7-е месца ў “табелі аб рангах” першай лігі, у той час як “калійшчыкі” трывала замацаваліся радком ніжэй.

Дзве папярэднія гульні з паўночнай дружынай прынеслі жоўта-чорным толькі адно ачко: у першым крузе “Нафтан” абыграў “Шахцёр” з лікам 3:1, а другая сустрэча скончылася нічыёй – 1:1. Гэта нескладаная статыстыка пакідала пытанне рэваншу адкрытым.

Парадавалі перамогайГульня на наваполацкім стадыёне “Атлант” распачалася з сярэдняга тэмпу. Камадны нібы прыглядаліся адна да адной. Да пэўнага часу атакі былі невыразнымі: мяч то рэкашэціў ад абароны, то ляцеў “у малако”, а іншы раз наўпрост не даходзіў да таварышаў па камандзе. Дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што кіперу “Шахцёра” двойчы давялося даставаць снарад з сеткі сваіх варот, але нападаючыя “Нафтана” ў абедзвюх сітуацыях адпраўлялі круглага ў створ брамы з афсайду.

Далей гаспадары, ці то захо-дзячы з моманту, ці то змяніўшы тактыку, аддалі перавагу ўдарам з сярэдняй і далёкай дыстанцый. Брамнік “Шахцёра” кантраляваў сітуацыю, але ўсім было зразумела – пакідаць гульню на волю выпадку нельга.

“Калійшчыкі”, у сваю чаргу, пачалі арганізоўваць больш якасныя штурмы, былі “першымі на мячы” ў час вуглавых каля варот “Нафтана”, але гэтыя атакі былі далёкімі ад ўзорных. Сапраўдны востры момант мог рэалізаваць Данііл Куцапалаў, які хрыху не паспеў да мяча, але скарыстаўшыся памылкай варатара гаспадароў, падабраў снарад на адскоку ад рук кіпера і выйшаў на пустыя вароты гаспадароў: удар, штанга…
Футбалісты “Шахцёра”, відаць, адчулі эмацыйны ўздым і захапілі ініцыятыву. Падчас чарговай атакі на 43-й хвіліне фол у штрафной прымаючага боку быў пакараны 11-мятровым. Да мяча зноў падыйшоў Куцапалаў і штанга, на гэты раз, гаспадароў не выратавала – 0:1.

“Нафтан” адказаў небяспечным момантам: удар нападаючага гаспадароў з вострага левага кута адправіў мяч нізам акурат пад рукой Станкевіча, але крыху правей брамы. Свісток і каманды пайшлі на перапынак.
Першыя дзесяць хвілін другой паловы больш яскрава выглядала гульня “нафтавікоў”, якія не пакінулі спадзяванняў на стандарты і ўдары з дыстанцыі. “Шахцёр” “уключыўся” крыху пазней. Першая атака каманды заглынулася ў штрафной, другая, хоць і мела даволі востры характар, але была лёгка прачытаная варатаром. Вуглавы знайшоў замыкаючага, аднак мяч праляцеў значна вышэй перакладзіны. А вось чацвёрты штурм на 64-й хвіліне павялічыў адрыў лідараў матча. Павел Зуевіч, апынуўшыся ў штрафной, адцягнуў на сябе абаронцу “Нафтана”, потым кінуўся ў бок, забяспечыўшы сабе прастору для манёўра і не вельмі моцна, але трапна пусціў мяч па газону ў дальні правы кут брамы – 0:2.

На пэўны час “Нафтан” пачаў ціснуць, але традыцыйныя ўдары па варотах ляцелі міма ці лёгка браліся Аляксеям Станкевічам. Адсідзеўшыся ў абароне “салевікі” актывізаваліся бліжэй да канца гульні. Нічым непрыглядны закід з цэнтра поля да штрафной знайшоў галаву таго ж Зуевіча і мяч “свечкаю” апусціўся як раз пад нагу Аляксандру Чыжу. Удар выглядаў вельмі проста, але варатар “нафтавікоў” правёў круглага толькі позіркам – 0:3 на 87-й хвіліне!

Набраныя ачкі не змянілі становішча “Шахцёра” ў турнірнай табліцы, а толькі наблізілі яго да “Нафтана”. Зараз каманды падзяляе 3 ачкі. За петрыкаўскай дружынай “прапісаўся” футбольны клуб “Орша”, але розніца ў 9-ць балаў наўрад ці будзе пераадолена за тры застаўшыеся гульні.
Ці здолеюць футбалісты папоўніць свой актыў ачкоў у гульне з магілёўскім “Дняпром” мы даведаемся сёння. Гульня пачнецца ў 13 гадзін на мясцовым стадыёне “Прыпяць”.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара з архіва “ПН”.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о