Сёння ў сусветны дзень сляпога чалавека ў Беларусі, як і ў шматлікіх краінах свету, праводзяцца мерапрыемствы, мэта якіх прыцягнуць увагу грамадства да праблем інвалідаў. Адна з важнейшых задач дзяржавы і грамадства – стварэнне ўмоў для паўнавартнаснага існавання адзначанай катэгорыі насельніцтва.
На ўліку ў Петрыкаўскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва знаходзяцца сорак тры жыхары, якія маюць інваліднасць па зроку.

Абмежаваныя магчымасці –  не значыць абмежаванае жыццёГерой майго аповеду сустрэчу прызначыў у аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян сталага ўзросту, якое ён наведвае два разы на тыдзень. Работнікі ўстановы правялі нас у актавую залу, дзе і адбылася бяседа з чалавекам з бязмежнай сілай духа і прагай да творчасці. З чалавекам, які змог пераламаць абставіны і стаць прыкладам для іншых. На маё здзіўленне, размова з мужчынам злажылася адразу і “пра ўсё”. Суразмоўца даў зразумець: забароненых тэм для яго няма, ён адкрыты для любых пытанняў.

Валянцін Рамашэўскі – асоба вядомая сярод шырокага кола жыхароў Петрыкаўшчыны. Нягледзечы на тое, што з нараджэння з’яўляецца інвалідам 1 групы па зроку, змог даказаць сабе і навакольным – з інваліднасцю можна атрымліваць ад жыцця задавальненне, мець сяброў, будаваць планы, захапляцца прыгожым.

Валянцін нарадзіўся у Петрыкаве, хадзіў у звычайны дзіцячы сад. У маленькага хлопчыка пачала праяўляцца цікавасць да музыкі. Заўважыўшы гэта, бацькі ініцыявалі, каб сярэднюю адукацыю замест Васілевіцкай школы-інтэтрат сын атрымліваў у Гродненскай школе-інтэрнат, з музыкальным ухілам. Менавіта ў часы вучобы на Гродзеншчыне хлопец авалодаў тэхнікай ігры на баяне, гітары. Малады чалавек уваходзіў у склад духавога аркестра. Пасля атрымання сярэдняй адукацыі паступіў у Курскі музыкальны каледж, дзе амаль чатыры гады ўдасканальваў майстэртва музыканта.
– Сказаць, што мне было лёгка ў жыцці – не зусім так. Было цяжка і зараз я перамагаю мноства нязручнасцей, але я ніколі не скардзіўся на свой лёс, не дазваляў, каб мяне шкадавалі. Родныя і сябры да мяне заўсёды ставіліся як да роўні. У маім жыцці сустракаліся добрыя і спагадлівыя людзі, – расказвае юнак. – З цягам часу, упэўніўся – навошта думаць “чаму?” і “як?”, трэба проста жыць, строіць планы і рабіць усё для іх здзяйснення.
У 2018 годзе спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра запрасілі Валянціна да сябе ў якасці валанцёра. Пасля нядоўгіх роздумаў згадзіўся. Пачаў акампаніраваць на баяне, суправаджаць музыкальныя нумары ігрой на гітары для ансамбля “Маладыя душою”. Зарэкамендаваў сябе як выканаўца песен. Затым пачаў праяўляць цікавасць да творчых рэгіянальных конкурсаў. Першыя перамогі, новыя знаёмствы, цікавыя зносіны.
– Я вельмі шкадую, што з-за эпідэміялагічнай сітуацыі ўсе конкурсы праходзяць анлайн. Яны для мяне нейкія ненатуральныя. Раней, калі выходзіў на сцэну, адчуваў жывыя эмоцыі ад зносін з гледачамі.
Навогул, Валянцін да пандэміі амаль кожны год знаходзіў магчымасць ездзіць на сустрэчу выпускнікоў у Гродна і расійскі горад Курск. Цяпер зносіны з сябрамі толькі праз інтэрнэт.

Пытаюся пра захапленні юнака. “Жывая музыка”, “валанцёрства”, “псіхалогія”. Валянцін да ўсяго сказанага цудоўны аратар, цікавы і дэлікатны суразмоўца з выдатным пачуццём гумару.
Спецыяліст па сацыяльнай рабоце, музычны кіраўнік аб’яднання “Сугучча” Вольга Цяслюк дадае, што яе падапечны яшчэ спагадлівы і ініцыятыўны.
– Якія зараз планы, мары? – пытаю ў Валянціна.

– Іх вялікая колькасць. Новыя конкурсы, удасканальванне ў творчасці. Ісці па жыцці і атрымліваць асалоду ад кожнага пражытага дня. А пра мару гаварыць не стану, бо не здзейсніцца. Я веру ў яе і раблю ўсё для яе прыбліжэння.
Калі размова падышла да завяршэння, запытала, што хоча параіць людзям, якія апынуліся ў няпростай жыццёвай сітуацыі?
– Не здавацца, вядома. Прыняць сітуацыю і жыць далей.

Ад сябе дадам: мы прывыклі ставіцца да людзей з інваліднасцю як да тых, каму мы павінны дапамагаць. Пры гэтым не дапускаем, што людзі, якія пераадолелі найскладайнейшыя абставіны, могуць дапамагчы нам: даць матывацыю жыць і даражыць тым, што маем. І яшчэ, я ўпэўнена, што такія як мой герой дапамагаюць здаровым людзям убачыць свет пад іншым вуглом. Можна быць інвалідам, а не жыць ім, а бывае ў жыцці і наадварот – чалавек здаровы, а жыве як інвалід.
Хочацца пажадаць майму суразмоўцы толькі аднаго – каб мара, пра якую ён нікому не гаворыць, здзейснілася. Ён гэтага заслугоўвае. Юнак, з такім значным імем – Валянцін (у перакладзе з лацінскай мовы “моцны”).

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о