Пасля двух перамог над “Баранавічамі” і бабруйскай “Белшынай” многім здавалася, што пераможная серыя петрыкаўскага “Шахцёра” працягнецца, як мінімум, яшчэ на адну сустрэчу з наваполацкім “Нафтанам”. Пытанне па выніках гульні з магілёўскім “Дняпром” заставалася адкрытым, а матч са “Слонімам 2017” таксама мог здацца справай вырашанай. На справе ўсё было больш сумна…

Здзівілі нафтавікі, ці не ўразіў “Шахцёр”?
Звонку здавалася, што гасцявая гульня з “Нафтанам” у Наваполацку не створыць істотных праблем: “Нафтан” знаходзіўся на 9-м месцы чэмпіянату першай лігі, у той час як калійшчыкі трымаліся на 3-м радку. Дададзім да гэтага два найцяжкія апошнія матчы з мацнейшымі “Арсеналам” і “Крумкачамі”, што аднялі ў паўночнай каманды шмат сіл і нерваў і атрымліваем не самую лепшую форму апанентаў “Шахцёра”.
Але на справе гульня, што адбылася 5 чэрвеня, аказалася куды больш складанай. “Шахцёр” пачаў бадзёра, на 3-й хвіліне стварыў небяспечны момант, а ўжо на 6-й ва ўпартай барацьбе мяч аказаўся ў сетцы. Аднак Павел Зуевіч, што прабіў галавою, быў у сітуацыі па-за гульні, на што і паказаў арбітр. Павел намагаўся рэабілітавацца ў наступнай атацы, але кіпер нафтавікоў адыграў на “выдатна”.
У “Нафтана” не было іншага выйсця, як адказаць, што яны і зрабілі на 9-й хвіліне. Навес з глыбокага правага фланга знайшоў галаву нападаючага сапернікаў, мяч каварна скіраваўся ў ніжні левы кут варот – 1:0. Аляксей Статкевіч, здаецца, і працягнуў рукі да снараду, але дзе там…
Наступныя 20 хвілін абедзве каманды дэманстравалі больш стрыманую гульню, пакуль “Шахцёр” не зраўняў лік навесам з вуглавога, калі мяч трапіў акурат насупраць варот, метрах у двух, а Кірыл Гетманчук здолеў спрытна падставіць нагу і скіраваць круглага куды трэба – 1:1.

Другая частка першага тайма яшчэ мела некалькі момантаў, але небяспечнымі іх назваць не выпадала: удары з сярэдняй дыстанцыі, праходы да варот без абвастрэння да змены нічыйнага ліку не прывялі.
Другая палова пачалася пад дыктоўку гаспадароў. “Нафтан” так хацеў парадаваць сваіх прыхільнікаў, што намагаўся выкарыстаць кожную атаку. Урэшце, на 66-й хвіліне вароты Аляксея Станкевіча былі штурмам узятыя другі раз.
“Шахцёр” намагаўся адказаць, але да рэалізацыі сваіх нешматлікіх момантаў не дайшло. А вось “Нафтан” не збаўляў абаротаў.
Не ведаю, ці то каманда адчувала, што на складаныя інтэлектуальная атакі ў іх не хапае ўжо рэсурса, ці то лік 2:1 дазваляў ім адпрацаваць на практыцы істотны элемент іх наступлення, але пасля другога гола ў бок шахцёрскай брамы нібы градам пасыпаліся моцныя ўдары з сярэдняй і далёкай дыстанцый. Некаторыя ляцелі міма, іншыя нейтралізаваў варатар, але пачуццё небяспекі не тое што не пакідала, наадварот, нарастала над паловаю жоўта-чорных. Свісток – і “Шахцёр” вяртаецца з горада нафтавікоў без ачкоў.

Прынцыповае супрацьстаянне і традыцыйнае паражэнне
Гульня з клубам “Дняпро” з Магілёва была адметнай для многіх. Нагадаю, што летась “Шахцёр” прапусціў паперад сябе толькі гэтую каманду ў барацьбе за трафеі другой лігі 2020 года. На гэты раз падалося, што “Шахцёр” не саступіць – лік быў адкрыты ўжо на 5 хвіліне моцным ударам метраў з 20-ці Віталія Ганіча. Снарад трапіў у левую штангу, потым у варатара і скіраваўся ў сетку – 1:0.
“Дняпро” націскаў, і вось нападаючы гасцей скарыстаўся мітуснёй у штрафной пляцоўцы падчас стандарта і нечакана зарадзіў акурат у правую дзявятку. Пэўна пра такія мячы кажуць, што яны не бяруцца.
Дамінавалі госці. Каля варот “Шахцёра” адзін небяспечны момант змяняўся другім. На 37-й хвіліне, на пакінутым без увагі чамусьці левым фланзе перадачу знайшоў нападаючы ў блакітным, які не страціў сваю магчымасць – 1:2. А яшчэ праз чатыры хвіліны Аляксей Станкевіч не паспеў за чарговым ударам з левай нагі ў правую дзявятку – 1:3.

Не лепшая серыя, не горшы вынік
Другі тайм “Шахцёр” пакінуў за сабою. Але мноства момантаў так і не абумовілі скарачэння адставання ад “Дняпро”. Не хапала крыху: то трапнасці, то дапамогі таварышаў па камандзе. Менавіта ў гэтым тайме выразна прасочваліся хібы ў мікрагульні каманды. Футбалісты рабілі быццам бы ўсё правільна, мяч ужо быў у варотах, але два разы “Дняпро” выратавала галава абаронцы. Недзе нападзенне “Шахты” на крок не паспявала да выдатнай перадачы, іншы раз патрэбна было адыграць хоць на 30 сантыметраў трапней. Але ўсяго гэтага не адбылося і супрацьстаянне “Шахцёр” – “Дняпро” зноў скончылася на карысць апошніх.

“Слонім 2017”: шэрая мыш, ці цёмны конік?
Што мы ведаем пра гэту каманду? Нягледзячы на назву, паблік футбольнага клуба ў “ВКонтакте” пачынае гісторыю дружыны з канца 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Што тычыцца нядаўніх падзей, то варта адзначыць, што ў 2013 го-дзе дружына была створана з дзвюх гарадскіх каманд, а ў 2017 годзе клуб змяніў статус з унітарнага прадпрыемства да дзяржаўнай спартыўнай установы. “Слонім”, пэўна, з’яўляецца “старажылам” першай лігі, за сувярэнную гісторыю клуб пакідаў дывізіён толькі на пяць сезонаў: тройчы каманда выступала ў “вышэйшай лізе”, двойчы – у другой. Апошнія гады “Слонім” забяспечвае сабе прапіску ў другой палове турнірнай табліцы, то падбіраючыся да сярэдзіны, то спускаючыся бліжэй да нізу футбольнага “табеля аб рангах”. Зараз каманда займае 11-ы, перадапошні радок у першай лізе.
На жаль, апошняя гульня са “Слонімам 2017” не выклікала аніякіх уражанняў. Абедзве каманды “вазілі” мяч па полі. Небяспечных момантаў было пералічыць па пальцах. Лік адкрыў на 25-й хвіліне Кірыл Гетманчук, але і пасля гэтага становішча істотна не змянілася. Гледзячы на матч, стварылася ўражанне, што кожны пачатак штурму тых ці іншых варот праходзіў па схеме: пачатак – разгон – атака заглынулася недзе на падыходзе да штрафной пляцоўкі.
Так сумна было да 66-й хвіліны, пакуль нечакана арбітр не паказаў на 11-метровую кропку каля варот “Слоніма-2017”, здаецца, за гульню рукой. Да мяча падышоў Мікалай Загвоздзін, які не так даўно з’явіўся на полі і рэалізаваў пенальці – 0:2.
І зноў на полі стала сумна, пакуль недзе на 85-й хвіліне гаспадары не вырашылі адыграцца. Каманду нібы падмянілі, 88-я хвіліна – 1:2. Астатнія 7 хвілін (2-е – асноўнага часу і 5-ць – дадатковага) “Слонім 2017” ствараў каля варот “Шахцёра” літаральны жах, але часу, каб параўнаць лік, не хапіла, калійшчыкі ўвозяць з горада над Шчараю 3 ачкі і займаюць пяты радок табліцы.
Наступная сустрэча адбудзецца ў гэтую нядзелю на стадыёне “Прыпяць”. У госці да жоўта-чорных прыбудуць славутыя “Крумкачы”. Пачатак гульні мяркуецца на 14 гадзін. Магчымыя змены, таму сачыце за афішамі. Усім футбола!

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о